Паднялі падаткі — вырастуць цэны. Як гэта адаб’ецца на людзях

Ілюстрацыйнае фота

З 1 студзеня ў Беларусі вырас шэраг падаткаў, у тым ліку падатак на дададзеную вартасьць на некаторыя тавары. Глядзім, наколькі гэта ўдарыць па кішэнях беларусаў.

Да лютага аптэкі і іншыя аб’екты розьнічнага гандлю мусяць перагледзець цэны на некаторыя тавары, бо з 1 студзеня чыноўнікі вырашылі падняць стаўку падатку на дададзеную вартасьць (ПДВ) адразу на шэраг тавараў. У пералік трапілі некаторыя лекі, мэдычныя вырабы, тавары для дзяцей.

Лекі і дзіцячыя тавары

Да 2021 году некаторыя мэдычныя тавары, у тым ліку пратэзна-артапэдычныя, вызваляліся ад ПДВ. Цяпер жа падатковая стаўка стала 10%. У пералік лекаў, якія ўвозяцца ў Беларусь і якія закране рост падаткаў, трапілі такія звыклыя, як актываваны вугаль, вата, сьпіртавыя настойкі, а таксама рэагенты. А значыць, могуць падвысіцца цэны ня толькі на лекі, але і на аналізы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Налета вырастуць падаткі для ІТ, прадпрымальнікаў, рамесьнікаў. Што гэта значыць для эканомікі

Адразу на 20% (раней было 0%) павышаецца падатак на ўвоз у Беларусь сыравіны для лекаў. З 10% да 20% павышаецца таксама падатак на ўвоз дзіцячых тавараў (некаторыя катэгорыі рост падатку не закране).

У Мінфіне абяцаюць, што рост цэнаў у аптэках «будуць кантраляваць». Але наўрад ці кампаніі будуць прымаць падатковы цяжар на сябе.

Вадзім Іосуб

«Большасьць людзей гэта закране ня моцна, бо гэта кропкавыя павышэньні. Зьмены ставак ПДВ маглі б закрануць усіх, калі б гэта прымянялася да ўсіх груп тавараў. Па ПДВ адмянілі шэраг ільготных пазыцый, якія не займалі ў агульным спажывецкім кошыку вялікага адсотка», — мяркуе фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

У трэцім квартале 2020 году на ахову здароўя прыпадала 5% усіх расходаў хатніх гаспадарак. Якраз гэты адсотак у сувязі з падаражэньнем можа вырасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падвысілі падаткі для айцішнікаў і тых, хто здае кватэры, гаражы і парковачныя месцы

Рост падаткаў для ІТ і іншых

З 1 студзеня ўлады адмянілі ільготы для ІТ-сфэры. Раней падаходны падатак для рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій быў 9%, цяпер стаў 13%, як для ўсіх. Гэтая мера ўдарыць толькі па тых, хто працуе ў ІТ. Пакуль не зразумела, ці кампаніі прымуць на сябе гэты цяжар, ці супрацоўнікі. У выпадку апошняга варыянта могуць зьменшыцца заробкі. Раней паводле закону ільготы для ІТ-сфэры абяцалі да 2049 году.

Яраслаў Раманчук

«Самае страшнае — гэта не павышэньне падаткаў, а разбурэньне даверу. Калі ты абяцаеш нешта на такі доўгі тэрмін, а пасьля мяняеш, то хто ж табе дасьць веры. Кампаніі будуць сыходзіць за мяжу і будуць плаціць падаткі там. Канкурэнцыя за „беларускія мазгі“ вялікая», — мяркуе кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Таксама ў Беларусі з 1 студзеня былі паднятыя стаўкі падаткаў для тых, хто здае ў арэнду кватэры, дачы, гаражы і парковачныя месцы. Памер росту падатку вызначаюць мясцовыя ўлады. Гэтае павышэньне найперш ударыць па студэнтах, якія не жывуць у інтэрнаце і наймаюць кватэры, бо з павышэньнем падатку арандадаўцы могуць падняць арэндную плату.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падаражэе камуналка і электрычнасьць, павысіцца пэнсійны ўзрост. Што зьмяняецца з 1 студзеня

«Даядаюць апошнюю карову, а што далей — усё роўна»

Паводле міністра фінансаў Юрыя Селіверстава, павышэньне падаткаў, у тым ліку ПДВ, дасьць дадатковы мільярд рублёў у бюджэт. На думку Яраслава Раманчука, гэта прынясе рост цэнаў і яшчэ большыя праблемы для бізнэсу.

«І так падаткі былі праблемай нумар адзін у бізнэсе. І гэта ў сытуацыі, калі шмат сэктараў эканомікі на краю банкруцтва. Гэта як зьесьці апошнюю карову ў голад, а што далей будзе — ня важна. Каранавірус — гэта прыкрыцьцё. Проста шмат дзяржаўных праектаў не зарабляюць. Гэта паглыбленьне крызісу эканамічнай мадэлі. Будзе больш шэрай эканомікі, больш кантрабанды», — мяркуе Яраслаў Раманчук.

У 2020 годзе ў Беларусі жылі 9,4 мільёна чалавек. Падаткі ў выглядзе ПДВ плацяць ня толькі тыя, хто працуе — прыкладам, пэнсіянэры купляюць лекі, рост ПДВ закране і дзіцячыя тавары. Гэта значыць, каб уладам за кошт павышэньня падаткаў сабраць заплянаваны 1 мільярд рублёў, трэба з кожнага беларуса спагнаць дадатковыя 106 рублёў. Ці будуць падаткі яшчэ павышацца цягам году, невядома.