Свабода пагаварыла з загадчыцай пэдыятрычнага аддзяленьня Полацкага цэнтральнага гарадзкога шпіталю Аліцыяй Карэйвай.
У Полацку няма дзіцячага інфэкцыйнага аддзяленьня, цяжкіх дзетак накіроўваюць у Віцебск
— Спадарыня Аліцыя, вы працуеце з ковіднымі пацыентамі з пачатку вясны. Ці можаце параўнаць першую і другую хвалю пандэміі?
— Падчас другой хвалі інфэкцыя ў дзетак праходзіць цяжэй. Прычым хварэюць дзеці ўсіх узростаў, нават немаўляткі — да году. А падлеткі хварэюць з высокай тэмпэратурай. Таму ў асноўным мы іх накіроўваем на лячэньне у Віцебскі абласны дзіцячы клінічны цэнтар. Бо пры сваёй колькасьці ложкаў мы ня можам іх тут лячыць. І пасылаем у Віцебск дзетак цяпер значна часьцей, чым увесну. Крыху больш хворых стала, але не магу сказаць, што валам валяць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску памёр 13-гадовы хлопец. Тры тыдні таму ягоная сям’я перанесла COVID-19Для дарослых у Полацку адвялі асобны шпіталь пад ковід. А асобнай дзіцячай інфэкцыйнай лякарні няма. Дзяцей прымаем у аддзяленьні сардэчнай паталёгіі. Як толькі выяўляем хворых на ковід дзетак, то лёгкія і сярэднія лечацца дома, цяжэйшых накіроўваем у Віцебскк.
У нас інфэкцыйнае аддзяленьне зьліквідавалі ў 2015 годзе. Тагачасны кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Косінец прыехаў і вырашыў, што нам у Полацку ня трэба інфэкцыйнае аддзяленьне. А цяпер Наваполацк не спраўляецца, натуральна, з такім наплывам хворых на каранавірус. Але ніхто ж не чакаў пандэміі.
Мне здаецца, увесну вялікую ролю адыграла тое, што дзеці не хадзілі ў школу, былі на дыстанцыйным навучаньні. Можа, гэта нэгатыўна паўплывала на якасьць навучаньня, але што да здароўя, то тут дапамагло. Бо дзеці ж прыносяць інфэкцыю дадому, дзе ёсьць і пажылыя людзі, і хвароба пайшла б па ланцужку. Напэўна, і цяпер варта было б перавесьці дзяцей на дыстанцыйнае навучаньне. Я, вядома, не спэцыяліст у адукацыі, але, на маю думку, так было б лепш.
— Адмыслоўцы кажуць, што дзеці пераносяць хваробу лягчэй, чым дарослыя. Ці сутыкаліся Вы з ускладненьнямі ў дзяцей?
—Што да ўскладненьняў пасьля каравірусу ў дзетак, я сказаць не магу, бо дзяцей зь цяжкім цячэньнем хваробы мы накіроўваем у вобласьць. Але ўскладненьняў няшмат, звычайна гэта дзеці з пэўнымі «фонавымі» захворваньнямі — сэрца, пасьля леўкозу — мы іх адразу накіроўваем у Віцебск.
Я лічу, што гэта правільна, бо дзіцячай рэанімацыі ў Полацку няма. У Віцебску ёсьць катэдра, адмыслоўцы-пэдыятры, ёсьць аддзяленьне дзіцячай рэанімацыі, дзіцячыя маніторы, адмысловыя дзіцячыя апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: САЗ рэкамэндавала праз каранавірус адзначаць Новы год на вуліцыУ Полацку мы працуем наўпрост з нашым лекарам-інфэкцыяністам. і ў каго хвароба праходзіць у сярэдняй і лёгкай форме — лечацца дома. Прыходзяць дактары з паліклінікі, яны на тэлефоннай сувязі. Пакуль ўсё наладжана, праблем няма.
Нашэньне масак трэба было ўводзіць яшчэ ўвесну
— Спадарыня Аліцыя, на Вашу думку, ці не недаацанілі ўлады Беларусі масштаб пандэміі ўвесну? Першыя асобы дзяржавы скептычна выказваліся пра небясьпеку вірусу, пра нашэньне масак.
— Вядома, калі б ўвялі абавязковы масачны рэжым яшчэ ўвесну, сытуацыя была б лепшай. Маскі і апрацоўка рук — гэта добры абарончы фактар. Праўда, маскі дзеткі дрэнна пераносяць. Самым малым — да двух гадоў — немагчыма надзець маскі.
Дарэчы, многія дактары, якія працуюць з добрай абаронай, не захварэлі. Я сама працую з ковіднымі зь вясны, пакуль не захварэла.
— Дарэчы, а ці хапае сродкаў індывідуальнай абароны ў полацкіх шпіталях?
— Са сродкамі індывідуальнай абароны цяпер нармальна. Дарэчы, мы самі замаўляем і шыем, і касьцюмы гэтыяі выглядаюць больш прыстойна. Зараз ёсьць і маскі, і касьцюмы, і пальчаткі — усяго даволі.
— А прэпаратаў, лекаў хапае?
— Прэпараты ўсе ёсьць — зь лекамі мы ня мелі праблем. Адмысловых, для каранавірусу, — іх няма. А астатнія ўсе ёсьць.
Маёй маці 80 гадоў, яна перахварэла на ковід і пнэўманію. Жыве яна ў Горадзенскай вобласьці. Натуральна, я перажывала, назірала, як яе лячылі. І пераканалася, што лячылі вельмі добра, тым, што рэкамэндуць у міжнародных стандартах. Яна паправілася.
— А ці атрымліваеце вы надбаўкі за працу з ковіднымі хворымі, як улады абяцалі?
— Ня ведаю, як у іншых гарадах, але надбаўкі ў Полацку мы атрымліваем. Я чытала, што ў іншых месцах ёсьць праблемы, прэтэнзіі наконт выплат, але на свой горад крыўды ў мяне няма.
Хацелася б, каб хутчэй зьявілася якасная вакцына. Але ня «Спутник V»
— Ад высокіх чыноўнікаў у мэдыцыне мы чуем, што Беларусь выйшла на плато, колькасьць захварэлых крыху пачала зьніжацца. Нас абнадзейваюць, што неўзабаве Беларусь сама будзе вырабляць вакцыну. Як ставіцца да гэтага мэдычная супольнасьць?
— 70-80% насельніцтва перахварэюць, як кажуць навукоўцы, а потым усё пойдзе ўніз. Хочацца спадзявацца. Але пакуль мы працуем вельмі напружана.
Хацелася б, каб хутчэй зьявілася якасная вакцына, якая прайшла ўсе выпрабаваньні. Каб прышчапіць усіх, хто яшчэ не перахварэў. Але ня «Спутник V»...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Д’ябал у дэталях». Чым адрозьніваюцца вакцыны супраць каранавірусуШто да распрацоўкі сваёй вакцыны, то гэта вельмі дорага і зойме шмат часу, калі рабіць паводле міжнародных стандартаў, з поўным цыклем выпрабаваньняў. Мне здаецца, лепш гэтыя сродкі патраціць зараз. Пандэмія — гэта калі ўсё робіцца тут і цяпер, каб перадухіліць наступствы. Гэта як пры звычайнай хваробе: чым хутчэй пачнеш лячыць, тым менш ускладненьняў, эфэкт лепшы. Дактары ня любяць «запушчаны» стан хворых.
Ня так усё і дрэнна. Трывожна, вядома. Але верым у лепшае.
— А як у вам з кадрамі? Ці хапае ў Полацку мэдыкаў-адмыслоўцаў?
— З кадрамі вельмі цяжка. Моладзь зьяжджала і раней — у Расею, за іншыя межы. Дактары хварэюць. Вось я ніяк не магу «дагуляць» адпачынак — два тыдні яшчэ маю.
Да таго ж заробкі невысокія і стаўленьне ў грамадзтве да дактароў спажывецкае. Няма павагі, даверу. Ад ад гэтага залежыць шмат што, залежыць, як доктар будзе паводзіць сябе на працы. Патрэбна дзяржаўная падтрымка.
Многія не разумеюць, але ж дактары кожнаму хвораму часьцінку сябе аддаюць. Сапраўдныя дактары змагаюцца за жыцьцё, за здароўе кожнага пацыента, спрабуюць пераканаць не здавацца, усяляюць аптымізм. Ад гэтага залежыць посьпех у лячэньні. Ня толькі ад таго, як мы лечым, але і ад таго, як хворы ставіцца да сваёй хваробы, да лекара, ці давярае ён доктару.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская дамаўляецца аб пастаўках эўрапейскай вакцыны ад каранавірусу для беларусаў