У пачатку лістапада, па словах маці падлетка Вольгі, хлопчык перанёс COVID-19, на які амаль адначасова захварэла ўся сям’я. Пакуль Вольга Конева разам з малодшым братам Дзьмітрыя ляжала ў лякарні, старэйшы сын быў дома. Падчас COVID-19 ён часова страціў нюх, але ніякіх ускладненьняў не было, піша Tut.by. Тэсту яму не рабілі, але пазьнейшае дасьледаваньне паказала дастатковую колькасьць антыцелаў.
Праз тры тыдні ў хлопца забалела горла, тэмпература паднялася амаль да 40 градусаў. Лекар паставіў дыягназ «ангіна» і прапісаў антыбіётыкі. Паляпшэньне, аднак, не наступіла.
15 сьнежня хлопчыку стала цяжка дыхаць, яго адвезьлі ў лякарню і падключылі да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Раніцай наступнага дня Міця Конеў памёр. У пасьведчаньні аб сьмерці пазначана: «Сардэчна-лёгачная недастатковасьць. Вірусная пнэўманія. Каранавірусная інфэкцыя».
Вялікіх праблемаў са здароўем старэйшы сын, паводле словаў Вольгі Коневай, ня меў, за выключэньнем алергіі з атапічным дэрматытам.
У прэс-службе Міністэрства аховы здароўя растлумачылі, што цяпер праходзіць пат-аналіз, які зойме некаторы час. Толькі пасьля гэтага высьветліцца, ці мог COVID-19 стаць асноўнай прычынай рэзкага пагаршэньня стану падлетка.