Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Д’ябал у дэталях». Чым адрозьніваюцца вакцыны супраць каранавірусу


Вакцынацыя ў Канадзе, Тпронта, 14 сьнежня 2020 г.
Вакцынацыя ў Канадзе, Тпронта, 14 сьнежня 2020 г.

У некалькіх краінах сьвету ўжо пачынаецца масавая вакцынацыя супраць каранавірусу. Прышчэпкі ўжо атрымалі жыхары Вялікай Брытаніі, ЗША і Канады, вакцынацыя расейскай распрацоўкай «Спутник V» пачалася і ў Расеі.

Малекулярны біёляг і навуковы журналіст, аўтар тэлеграм-каналу «Безвольные каменщики» Ірына Якуценка расказала тэлеканалу «Настоящее время», чым адрозьніваюцца вакцыны, наколькі небясьпечна прышчапляцца і ці можна давяраць зьвесткам выпрабаваньняў.

— Як працуюць вакцыны, ці ёсьць сярод іх лепшыя або горшыя?

— У Амэрыцы, у Бахрэйне, у Вялікай Брытаніі, у Канадзе, і, я думаю, іншыя краіны хутка падцягнуцца, — там адобрана выкарыстаньне вакцын ад канцэрну Pfizer/BioNTech. Pfizer — гэта амэрыканская кампанія, BioNTech — нямецкая.

Вакцыны адрозьніваюцца адна ад адной прынцыпова — гэта зусім розныя плятформы.

Расейская вакцына «Спутник V» — гэта вэктарная вакцына, гэта значыць, яна ўяўляе сабой вірус, але не каранавірус, а іншы, адэнавірус, які выконвае функцыю таксі, заданьне якога даставіць інфармацыю аб адным канкрэтным гене каранавірусу ў нашы клеткі. Гэта ген S-бялку каранавірусу, пры дапамозе якога ён пранікае ў клеткі і які дае найбольш выражаны імунны адказ. Гэты ген запісаны ў геном адэнавірусу, які заражае нашы клеткі, але ён аслаблены — зь яго наўмысна выразалі гены, якія адказваюць за патагеннасьць, таму ён хваробы не выклікае, але паводзіць сябе, як і належыць вірусу: распакоўваецца, зь ягонай ДНК пачынае счытвацца спэцыяльная РНК, зь якіх сынтэзуюцца ўжо бялкі. І на гэтыя бялкі імунная сыстэма выпрацоўвае імунны адказ.

У выпадку Pfizer/BioNTech выкарыстоўваецца іншая форма — гэта мРНК-вакцыны так званыя. Мы толькі што казалі, што ў ходзе жыцьцёвага цыклу віруса з вэктарнай вакцыны зь яго геному сынтэзуецца адмысловая мРНК, зь якой, у сваю чаргу, сынтэзуюцца бялкі. Pfizer/BioNTech-вакцына — гэта і ёсьць тая самая мРНК. Мы прапускаем стадыю, калі вірус заражае клеткі, распакоўваецца і пачынаюць счытвацца яго гены, — мы адразу даем гатовую мРНК таго ж самага S-бялку. Праўда, у выпадку Pfizer/BioNTech ён трохі зьменены, каб той імунны адказ, які атрымліваецца, быў больш эфэктыўным.

— Як выпрабоўваюць вакцыны і наколькі бясьпечна прышчапляцца?

— Стандартна пратаколы аднолькавыя: ёсьць тры фазы выпрабаваньняў, потым чацьвёртая фаза — даклінічных дасьледаваньняў (да пачатку клінічных выпрабаваньняў). Як заўсёды, дʼябал у дэталях. Можна па-рознаму праводзіць гэтыя фазы. Можна ўсё рабіць старанна, добра, зь вялікай колькасьцю добраахвотнікаў, уключаць плацэба-групу, пачынаючы з другой стадыі выпрабаваньняў. На другой стадыі, напрыклад, прынята выкарыстоўваць некалькі сотняў чалавек. А ў выпадку " Спутника» гэта было ўсяго 76 чалавек, а поўны курс атрымалі ўсяго 22 чалавекі. Усё залежыць ад дэталяў.

Ва ўсім сьвеце звычайна ня прынята рэгістраваць вакцыны да заканчэньня трэцяй фазы. У Расеі гэта ня так. І дзьве вакцыны, якія ў Расеі ёсьць цяпер — гэта «Спутник» і сібірскі «Вектор», — атрымалі рэгістрацыю па выніках другой фазы выпрабаваньняў, дзе было некалькі дзясяткаў чалавек. Таму пытаньне ў выкананьні.

Вакцыны не зьяўляюцца шкоднымі для чалавечага арганізма. Вакцыны выратавалі мільёны жыцьцяў. Дзякуючы ім у нас зьніклі хваробы, якія забівалі больш за палову ўсіх народжаных дзяцей — коклюш, адзёр, воспа, — велізарная колькасьць захворваньняў, якія ў нас цяпер вынішчаны дзякуючы вакцынам. Таму не, вакцыны адна за другую ня горшыя. Гэта розныя платформы. І тая, і другая даволі дрэнна вывучаныя ў людзей.

Вэктарная трошкі ўжывалася — былі экстраныя вакцыны супраць ліхаманкі Эбола, супраць MERS — гэта адзін з папярэднікаў цяперашняга каранавірусу, таксама каранавірус, вельмі сьмяротны — 30% сьмяротнасьці. Але ён не такі заразны, таму даволі хутка зьнік і вакцыны мала выкарыстоўвалі. І ад Эболы абмежаваная колькасьць людзей была [вакцынаваная]. Але мы ня бачылі ніякіх асабліва нэгатыўных наступстваў.

А мРНК-вакцыны — абсалютна новая плятформа. На людзях да гэтага часу не выкарыстоўвалася. Але пакуль не відаць, якія пабочныя эфэкты маглі б быць ад выкарыстаная гэтых вакцын, таму што гэта тая ж самая мРНК, якая вырабляецца нашымі ўласнымі клеткамі. Паглядзім. Немагчыма гаварыць да таго, як пройдзе некалькі месяцаў, а яшчэ лепш — некалькі гадоў назіраньняў. Але пакуль мы ня бачым ніякай сурʼёзнай асьцярогі, што нешта можа пайсьці ня так.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG