Вячаслаў Кебіч: жыцьцё і сьмерць «белавескага зубра»

Вячаслаў Кебіч

Якім застанецца ў беларускай гісторыі першы прэм’ер незалежнай Беларусі, які падпісаў Белавескія пагадненьні? Што ён здолеў зрабіць, а што — не? Што страціла Беларусь зь ягонай віны? Якім быў бы шлях Беларусі, калі б першым прэзыдэнтам стаў Кебіч?

Над гэтымі тэмамі ў «Праскім акцэнце» разважаюць Сяргей Навумчык, Віталь Цыганкоў і Юры Дракахруст.

Навумчык

  • Няма сумневаў, што Кебіч увайшоў у гісторыю, у тым ліку і ўсясьветную, прычым са знакам плюс, як асоба, якая падпісала Белавескія пагадненьні.
  • Калі казаць пра яго ролю ў станаўленьні незалежнай дзяржавы, тут ня ўсё адназначна.
  • Калі ён стаў кіраўніком ураду ўвесну 1990 году, Васіль Быкаў назваў яго «прэмʼерам надзеі».
  • Некаторыя з нас, дэпутатаў БНФ, таксама напачатку трапілі пад абаяльнасьць яго асобы.
  • Калі ў красавіку 1991 году рабочыя-страйкоўцы прыйшлі да Дому ўраду, першым выйшаў да іх менавіта Кебіч, які не пабаяўся зь імі размаўляць.
  • Але пасьля падпісаньня Белавескіх пагадненьняў пачалася яго палітычная дэградацыя. І не з прычыны ўласных учынкаў і рашэньняў, а пад уплывам свайго атачэньня.
  • Ён сам асабіста ня надта цікавіўся грашыма, але вось яго атачэньне — цікавілася і вельмі. Але гэта не апраўдвае лідэра, які нясе адказнасьць за паводзіны і свайго атачэньня.
  • Кебіч быў крыху актор, у гэтым ён быў падобны на Машэрава.
  • Кебіч мо і ня быў ключавой асобай у падпісаньні Белавескіх пагадненьняў, але ён там ня быў і «мэбляй». Я ведаю, што ініцыятыва сустрэчы менавіта ў Віскулях была ягонай.
  • І ён казаў дэпутатам, што трэба кіраўнікам Беларусі, Расеі і Ўкраіны пасядзець і абмеркаваць, як бы звузіць СССР, каб безь Сярэдняй Азіі.
  • Кебіч у гісторыю ўвойдзе як чалавек, які не скарыстаў шанец, які ён атрымаў пасьля здабыцьця незалежнасьці.
  • Алег Трусаў казаў, што Кебіч, калі б стаў прэзыдэнтам, здаў бы Беларусь. Я нязгодны.
  • Калі б Кебіч быў прэзыдэнтам, не было б адмовы ад бел-чырвона-белага сьцягу, не было б зьмены статусу расейскай мовы, не было б тэрору, які мы назіраем апошнія месяцы.
  • Я думаю, што адзін з чыньнікаў гэтага — тое, што ён, як і бацькі Віталя, і мой, быў дзіцём вайны. Гэта зрабіла яго прыстойным чалавекам. Ён не рабіў подласьцяў.
  • Пры Кебічу-прэзыдэнту не было б гвалтам спыненае нацыянальнае адраджэньне. Але ўвядзеньне прэзыдэнцтва было якраз ягонай ініцыятывай і зрабілася вялікай ягонай памылкай.

Цыганкоў

  • Думаю, што калі б у 1994 годзе, на піку змаганьня з «рэжымам Кебіча», Сяргею Навумчыку сказалі б, што ён будзе даволі пазытыўна выказвацца пра Кебіча, ён бы зьдзівіўся.
  • Мой бацька вучыўся разам з Кебічам у Беларускім політэхнічным інстытуце, потым абодва пачыналі свой працоўны шлях з заводзкай прахадной на адным заводзе.
  • Кебіч прайшоў усе прыступкі — ад майстра да дырэктара заводу і прэмʼера.
  • Калі ён стаў кіраўніком ураду, многія, ня толькі Быкаў, бачылі ў ім рэфарматара.
  • Ён яшчэ ў 1990-м і напачатку 1991-га году выступаў за «эканамічны сувэрэнітэт», даволі рэзка выступаў супраць дыктату маскоўскіх міністэрстваў.
  • Камуністычным ідэолягам-дагматыкам ён ніколі ня быў.
  • У пэўным сэнсе Віскулі былі яго вяршыняй. Але потым, прычым неўзабаве, ён стаў шкадаваць, што падпісаў белавескія пагадненьні.
  • Пасьля перамогі Лукашэнкі ён пачаў казаць, што ў 1994 годзе галоўным ворагам быў БНФ, а ён з Лукашэнкам быў па адзін бок барыкадаў.
  • Калі б Кебіч стаў на чале дзяржавы, вельмі шмат што было б ня так, як пры Лукашэнку.
  • Кебіч быў чалавекам правілаў — і этычных, і намэнклятурных. Не было пры ім ні палітвязьняў, ні палітычных забойстваў. І не было б, калі б ён стаў прэзыдэнтам.
  • Ён праводзіў палітыку беларусізацыі хай і безь вялікага імпэту, але даволі пасьлядоўна і не імкнуўся спыніць.
  • Лукашэнка пасьля прыходу да ўлады фактычна зьнішчыў той бізнэс, які зьявіўся ў Беларусі ў часы кіраваньня Кебіча.
  • Яшчэ ў сакавіку 1994 году Кебіч быў лідэрам перадвыбарчай гонкі. Лукашэнку дапамаглі два фактары. Тое, што Кебіч ня здолеў, яму не далі, заключыць дамовы аб абʼяднаньні грашовых сыстэмаў з РФ. І другі фактар — гэта псэўдазамах на Лукашэнку пад Лёзна.
  • Калі б Кебіч стаў прэзыдэнтам, абʼяднаньне грашовых сыстэмаў з Расеяй ён бы зрабіў.

Дракахруст

  • Я мяркую, што гісторыя ацэніць Кебіча станоўча, і ня толькі за Белавескія пагадненьні.
  • Насамрэч да выбараў 1994 году ў Беларусі былі створаныя ўсе неабходныя інстытуты незалежнай дзяржавы. Яны тады былі яшчэ нехлямяжыя і крохкія, але гэта ўжо тады ня быў абрубак СССР.
  • У значнай ступені Кебіч даў дарогу, спрыяў разьвіцьцю нацыянальнага бізнэсу.
  • Гэта тое, чаму Лукашэнка потым даў задні ход.
  • Нядаўна Лукашэнка сказаў, што падчас выбараў 1994 году Кебічу людзі зь яго атачэньня прапаноўвалі забіць Лукашэнку. Я, дарэчы, яшчэ ў 90-я чуў ад дасьведчаных людзей, што такія прапановы там луналі. Але Кебіч адмовіўся.
  • І гэта кантраст з тым, што мы бачым у беларускай палітыцы цяпер, асабліва апошнія 4 месяцы.
  • Кебіч пры ўсім сваім кансэрватызьме быў «дзіцём» ХХ зьезду КПСС і чалавекам перабудовы. І сталінскімі мэтадамі ён дзейнічаць не хацеў.
  • Ён сварыўся з апазыцыяй, часам рабіў непрыемнасьці, але яму ў галаву не прыходзіла яе зьнішчаць і саджаць у турму.
  • Калі ён сыходзіў, ён сказаў: «Вы яшчэ прыгадаеце мой урад». Многія неўзабаве сапраўды, уздыхнуўшы, прыгадалі.
  • Ён шчыра верыў у многія савецкія рэчы, ён ня быў абсалютным цынікам. І пасьля краху камунізму і здабыцьця незалежнасьці ён, так бы мовіць, адступаў наперад. Глядзеў яшчэ ў мінулае, але рушыў наперад, да несавецкага жыцьця.
  • Калі б у 1994 годзе прэзыдэнтам абралі Кебіча, Беларусь была б падобная да Ўкраіны часоў Леаніда Кучмы.