Апошні матыў асабліва актуальны адносна беларускай палітыкі, бо, як трапна сказаў некалі адзін дасьціпнік, “у ёй нічога не памірае, бо і не жыве”.
Мой паважаны калега Віталь Цыганкоў, прачытаўшы кнігу ўспамінаў Вячаслава Кебіча, зрабіў выснову, што калі б у 1994 годзе гістарычная карта лягла інакш, калі б на чале дзяржавы апынуўся Вячаслаў Кебіч, то да 2008 году Беларусь прыйшла б прыкладна ў такім самым стане, у якім прыйшла пры тым выбары, які 14 гадоў таму быў зроблены насамрэч. www.svaboda.org/content/Article/991871.html
Дазволю сабе не пагадзіцца з высновай Віталя, тым больш, што ягоныя ўласныя развагі даюць аргумэнты для такой нязгоды.
Звычайна аналіз аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымаў грунтуецца на досьведзе знаходжаньня на адным канцы дубіны ўлады – на тым, якім гэтая дубіна б'е. Развагі рэдка засяроджваюцца на праблемах, што існуюць на другім канцы дубіны, на тым, якая рука патрэбная для таго, каб такую дубіну трымаць і каб ёй біць так, як б'е дыктатура.
“Ага, бедненькі дыктатар, пакутнічак наш, як ручку стамляе”, – зыранізуе чытач.
Іронія дарэчная, але праблемы не здымае. Ва ўспамінах нейкага савецкага маршала прыводзіцца эпізод, як ён наведваў Сталіна ў Крамлі. Ідуць па крамлёўскім дыване, на кожным рагу ахова з карабінамі навыцяжку. Маршал кажа: “Як у вас тут спакойна”. “Спакойна, – адказвае Сталін, – ідзеш вось і думаеш, хто зь іх табе ў патыліцу стрэліць”.
Вашы нэрвы, паважаны чытач, вытрымалі б такое няспыннае напружаньне? А без такога ўспрыманьня сьвету ніякі дыктатар з вас не атрымаецца.
Ды што ўспаміны пра Сталіна, паглядзім хаця б на цяперашняе месца Беларусі ў сьвеце. З усёмагутным Захадам – сапраўдная “халодная вайна”, якая і аб’ектыўна стварае процьму нязручнасьцяў і небясьпек, а да таго ж абцяжараная і суб’ектыўным страхам, як бы камусьці не прыйшла ў галаву ідэя паспрабаваць зрэалізаваць у Беларусі ірацкі сцэнар. На Ўсходзе – няспынная “руская рулетка”, дзе ў суперніка на руках амаль усе казыры, дзе патрабуецца штодзённае напружаньне ўсіх здольнасьцяў, каб імгненна не прайграць усяго. Які псыхічны тып патрэбны, каб гадамі гуляць у такую гульню?
Гэта не апалёгія цяперашняга правадыра, а канстатацыя таго, што дубіна дыктатуры ня кожнаму па руцэ. Віталь Цыганкоў робіць выснову, што і пры Кебічу ўсё было б прыкладна, як цяпер, бо і дагэтуль былы прэм'ер паводле сваёй сьвядомасьці застаўся цалкам савецкім чалавекам. Ну і што? Хіба Леанід Кучма пазбавіўся сваёй савецкай мэнтальнасьці, хіба малдоўскі камуніст Варонін, які дагэтуль носіць кветкі да помніка Леніну, ператварыўся ў Ангелу Мэркель? Ды не, абодва яны засталіся такімі самымі, якім застаўся Вячаслаў Кебіч, проста становішча ў іх крыху іншае, таму і словы гавораць крыху іншыя.
Кажучы пра савецкасьць Кебіча і іншых постсавецкіх правадыроў ягонага тыпу, варта ўдакладніць, якая савецкасьць менавіта. Не савецкасьць сталінскіх часоў зь яе сьвятой верай і гатовасьцю забіваць і паміраць, а савецкасьць брэжнеўская, грунтаваная на “хартыі вольнасьцяў” намэнклятуры, чым насамрэч быў ХХ зьезд, савецкасьць той самай “карупцыі, якая перарастае ў лібэралізм”, словам, савецкасьць часоў схілу савецкай сыстэмы.
Кебіч у сваіх успамінах увесь час бэсьціць апазыцыю, але на пачатку 1990-х менавіта ён шмат у якіх пытаньнях ішоў з той самай апазыцыяй на кампрамісы, яму і ў галаву не прыходзіла паспрабаваць проста яе зьнішчыць.
Як не прыйшло б у галаву называць нейкія дзеяньні Крамля “тэрарызмам на найвышэйшым узроўні” і тым больш – барані Бог – перакрываць сьвяшчэнны расейскі нафтаправод: ды як жа гэта можна, ды сама ж Масква, ды хто мы, а хто яны… Але менавіта з намэнклятурнай веры ва ўсёмагутнасьць Масквы і вынікала тады, на пачатку 1990-х, і спантаннае, але даволі інтэнсіўнае разьвіцьцё адносінаў з Захадам. Не з адчуваньня нейкай духоўнай ці якой іншай блізкасьці да яго, а з таго, што, па-першае, хто яны, а хто мы, як жа ваяваць з усім сьветам, прайграем жа, а па-другое, трэба ж неяк кампэнсаваць непераможную моц усходніх братоў.
Тое самае і ва ўнутранай палітыцы: ну брыдкая апазыцыя, ну гадасьць суцэльная гэтыя газэты, але як так – узяць і проста зьнішчыць, ну нельга так, ня робіцца так, а што ж з гэтага будзе, а шуму будзе, а калі нешта горшае будзе? Ды нічога ня будзе, калі мець сьмеласьць адабраць у грамадзтва свабоду.
З вуснаў былога прэм'ера немагчыма было б пачуць расповед пра сямейныя абставіны ягонага самага зацятага апанэнта і ягонай паміраючай жонкі, кшталту таго, што прагучаў нядаўна з вуснаў дзейнага кіраўніка дзяржавы. І справа тут ня толькі ў розным выхаваньні, хаця і не бяз гэтага, але і ў групавой этыцы: намэнклятурныя таварышы старога гатунку маглі апэраваць такімі аргумэнтамі ў нейкай закрытай апаратнай інтрызе, але каб вось так, публічна, на ўсю краіну – ну няможна, ну не прынята так. Было.
Цяперашняя Беларусь шмат каго раздражняе сваей дэманстратыўнай савецкай эстэтыкай, і сам яе правадыр фармулюе сваё крэда ў савецкіх тэрмінах (бо іншых ня ведае). Аднак прырода ягонай улады зусім не савецкая – гэта пэрсаналісцкая ўлада ўзору лацінаамэрыканскіх дыктатураў ці аўтарытарных эўрапейскіх рэжымаў міжваеннага пэрыяду. Кебіч быў і застаецца тыповым узорам позьнесавецкай сьвядомасьці. Аднак менавіта таму, калі б у 1994 годзе перамог ён, Беларусь усё далей “сплывала” б ад савецкасьці, прыкладна як гэта адбывалася ў кучмаўскай Украіне. Таксама не Швайцарыя, але і не лукашэнкаўская Беларусь. І адбывалася б гэта не дзякуючы Кебічу, а таму што ён ня змог бы, а потым ужо і не хацеў бы спыніць гэта.
У фантастычнай эпапэі Айзэка Азімава "Foundation" геній-гісторык прыдумаў спосаб прадказваць будучыню. І стагодзьдзямі падзеі разьвіваюцца паводле прадказанага сцэнару. Але раптам зьявіўся чалавек з унікальнымі здольнасьцямі па мянушцы Мул, які зламаў трэнд, вызначаную і прадказаную тэндэнцыю – стаў дыктатарам, распачаў войны, што ніякімі схемамі не было прадугледжана. Потым, так бы мовіць, “гаспадары дыскурсу” цаной велізарных высілкаў здолелі яго ўтаймаваць і разьвіцьцё неяк выграбла на трэнд.
Хаця, у адрозьненьне ад героя Азімава, у Лукашэнкі ў сэнсе сэксуальных здольнасьцяў, здаецца, усё больш чым у парадку, ён – вось такі Мул беларускай найноўшай гісторыі, той, хто зламаў трэнд, які б увасабляла кіраваньне Кебіча. Зламаў, зразумела, ня цалкам, скажам, незалежнай Беларусь засталася б і ў выпадку разьвіцьця паводле трэнду: Кебіч ня здаў бы яе са страху, Лукашэнка не здае з-за адсутнасьці страху.
Так што калі павернутае ў мінулае “што было б, калі б” разгарнуць наперад, у будучыню, то можна меркаваць, што хто б ні стаў на чале Беларусі пасьля Лукашэнкі – хоць ягоны сын, хоць Шэйман, хоць Сідорскі, хоць хто іншы, – ён ня будзе Мулам, ня будзе мець рукі, здольнай цьвёрда трымаць дубіну дыктатуры, ня будзе мець нэрваў, здольных вытрымаць нагрузку пастаяннага чаканьня стрэлу ў патыліцу ад сваіх. Проста паводле тэорыі імавернасьці. А будзе ён плюс-мінус… Кебічам. І пойдзе ўсё не сказаць каб добра, Швайцарыяй у любым выпадку станем ня хутка, але пойдзе паводле трэнду.
Дэмакратыя – ня столькі самы лепшы спосаб кіраваньня (паводле Чэрчыля самы горшы, але іншыя яшчэ горшыя). Гэта яшчэ і самы бясьпечны спосаб кіраваньня. І для тых, кім кіруюць, і для таго, хто кіруе. А людзі, у якіх прага ўлады мацнейшая за інстынкт самазахаваньня, нараджаюцца, на шчасьце, нячаста.