МАК вырашыў сярод іншага часова адхіліць прадстаўнікоў выканкаму НАК (12 чалавек, уключна з Аляксандрам і Віктарам Лукашэнкамі і Дзьмітрыем Баскавым) ад усіх падзеяў пад эгідай арганізацыі, спыніць любыя перамовы з НАК Беларусі наконт будучых спаборніцтваў, а таксама перапыніць фінансаваньне НАК.
«МАК прыйшоў да высновы, што цяперашняе кіраўніцтва НАК Беларусі не абараняе ад палітычнай дыскрымінацыі», — пракамэнтаваў сытуацыю прэзыдэнт МАК Томас Бах.
МАК паведаміў, што рашэньне не канчатковае і можа быць перагледжана як у бок больш жорсткіх захадаў, так і адмены цяперашніх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны алімпійскі камітэт забараніў Лукашэнку прысутнічаць на Алімпійскіх гульнях і іншых спаборніцтвахБольш жорсткія захады — адлучэньне НАК Беларусі ад алімпійскага руху. Гэта будзе азначаць, што беларускія атлеты ня змогуць выступаць на Алімпіядзе нацыянальнай камандай пад афіцыйным сьцягам Беларусі.
Разам з тым гісторыя санкцыяў МАК супраць нацыянальных алімпійскіх камітэтаў сьведчыць, што прынятае ў Лязане 7 сьнежня рашэньне ёсьць даволі рэдкай і надзвычайнай мерай.
МАК можа адхіліць любую краіну ад удзелу ў алімпійскім руху. Падставай могуць быць палітычныя прычыны, войны ці ўжываньне допінгу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта толькі пачатак». Герасіменя пракамэнтавала санкцыі МАК у дачыненьні да ЛукашэнкіЗа што могуць адхіліць ад Алімпійскіх гульняў
За 124-гадовую гісторыю Алімпійскіх гульняў усяго 10 краін адхілялі ад ўдзелу ў іх.
За вайну
Калі краіна вядзе дзейнасьць, зьвязаную з вайной, то МАК можа дыскваліфікаваць яе з Алімпійскіх гульняў.
Пяці краінам забаранілі ўдзел у Алімпіядзе 1920 году ў Антвэрпэне празь іхную ролю ў разьвязваньні Першай сусьветнай вайны. Гэта Аўстрыя, Баўгарыя, Турцыя, Вугоршчына і Нямеччына.
Да Гульняў-1948 у Лёндане не дапусьцілі Нямеччыну і Японію — як вінаватых у Другой сусьветнай вайне.
За дыскрымінацыю альбо расавую сэгрэгацыю
У 1964 годзе МАК забараніў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы ўдзельнічаць у Алімпіядзе ў Токіё з прычыны тамтэйшага рэпрэсіўнага рэжыму апартэіду. Гэтая забарона працягвалася ажно да 1992 году.
За дыскрымінацыю паводле полавай прыкметы
Адна з асноўных місіяў МАК — спыніць дыскрымінацыю жанчын. МАК адхіліў Афганістан ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях 2000 году ў Сыднэі, бо на падкантрольнай Талібану тэрыторыі існавала дыскрымінацыя жанчын і былі забароненыя ўсе віды спорту.
За допінг
Пасьля допінгавага скандалу з падменай аналізаў расейскіх спартоўцаў на Алімпіядзе ў Сочы Міжнародны паралімпійскі камітэт адхіліў зборную Расеі ад удзелу ад Паралімпіяды-2016 у Рыё-дэ-Жанэйра. У канцы 2017 году МАК увёў санкцыі ўжо супраць НАК Расеі за дзяржаўную допінгавую праграму. У выніку на зімовай Алімпіядзе-2018 у Пхёнчхане расейскія спартоўцы выступалі пад алімпійскім сьцягам як «алімпійскія атлеты з Расеі». У шэрагу відаў спорту расейскія спартоўцы дагэтуль ня могуць выступаць пад расейскім сьцягам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За што Расею адхілілі ад Алімпіяды? Усё, што трэба ведаць пра допінгавы скандал ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расею на чатыры гады адхілілі ад Алімпіядаў і чэмпіянатаў сьветуЗа ўмяшаньне ўладаў у справы НАК
МАК можа адхіліць краіну ад удзелу ў алімпійскіх спаборніцтвах, калі ўрад краіны ўмешваецца ў працу нацыянальнага алімпійскага камітэту.
- У апошняе дзесяцігодзьдзе МАК двойчы адхіляў Кувэйт ад алімпійскіх падзеяў за ўмяшаньне ўлады ў працу НАК: з 2010 па 2012 год і з 2015 па 2019-ы.
- Двойчы такі ж лёс чакаў і Індыю. З 2012 па 2014 год краіну адхілілі ад удзелу ў падзеях МАК (на Алімпіядзе ў Лёндане краіна пасьпела выступіць) за парушэньне Алімпійскай хартыі, карупцыю і ўмяшаньне дзяржавы ў выбары кіроўных асобаў НАК. Зь лютага па чэрвень 2019 году Міжнародны алімпійскі камітэт забараняў міжнародныя спаборніцтвы у Індыі, бо гэтая краіна адмовілася выдаць візы пакістанскім стралкам для ўдзелу ў Кубку сьвету ў Дэлі.
- У 2011 годзе МАК адлучаў НАК Ганы за ўмяшаньне ўладаў краіны ў справы арганізацыі. Чыноўнікі выправілі парушэньні, і на Алімпіядзе-2012 у Лёндане ганскія спартоўцы здолелі выступіць пад нацыянальным сьцягам.
- Увесну 2017 году МАК замарозіў фінансаваньне НАК Кеніі пасьля адмовы апошняга ўхваліць новую хартыю, якая б нармалізавала сытуацыю з допінгавымі скандаламі, кепскім кіраваньнем і ўмяшаньнем дзяржавы. Пашырэньня санкцыяў удалося ўнікнуць пасьля таго, як НАК выбраў новае кіраўніцтва і прыняў рэкамэндаваныя зьмены ў хартыі.
- З кастрычніка 2017 да лютага 2018 году НАК Бразыліі быў пад санкцыямі пасьля арышту яго кіраўніка Карлуса Нузмана, якога абвінавацілі ў карупцыйнай схеме, якая дазволіла Бразыліі здабыць права на Алімпіяду-2016 з дапамогай хабару.