Як паказвае новы аналіз, пацыенты звычайна найбольш заразныя за два дні да зьяўленьня першых сымптомаў і на працягу пяці дзён пасьля іх, піша амэрыканская The New York Times.
Разам з тым дасьледаваньні паказваюць, што некаторыя пацыенты, якія цяжка хворыя або маюць аслабленую імунную сыстэму, могуць вылучаць вірус на працягу 20 дзён. Іншыя экспэрымэнты паказалі, што нават у лёгкіх выпадках некаторыя пацыенты могуць вылучаць жывы вірус на працягу тыдня.
Зьвесткі, якія зьбіраюцца цяпер, ставяць улады па ўсім сьвеце перад цяжкім выбарам: ці варта чыноўнікам аховы здароўя скарачаць рэкамэндаваны час ізаляцыі, разумеючы, што ў выніку больш інфікаваных людзей будуць разам знаходзіцца на працы? Або варта выбіраць больш працяглыя пэрыяды, каб прадухіліць перадачу практычна ва ўсіх выпадках, нават калі гэта прынясе горшыя наступствы для эканомікі?
Напрыклад, у ЗША Цэнтры кантролю і прафіляктыкі захворваньняў рэкамэндуюць, каб інфікаваныя людзі ізаляваліся як мінімум на 10 дзён ад пачатку хваробы. Але агенцтва разглядае магчымасьць скарачэньня рэкамэндаванага пэрыяду ізаляцыі і можа выпусьціць новыя інструкцыі ўжо на наступным тыдні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: New York Times: У сьвеце тэстуюць 55 вакцынаў ад COVID-19 на людзях і 87 на жывёлахУ верасьні Францыя скараціла неабходны пэрыяд ізаляцыі з 14 дзён да 7, а Нямеччына разглядае магчымасьць яго скарачэньня да 5 дзён. (Ізаляцыя прымяняецца да хворых; карантын — да тых, хто меў блізкі кантакт з хворым і сам можа захварэць.)
Новае дасьледаваньне, пра якое піша The New York Times, было праведзена навукоўцамі Ўнівэрсытэту Сэнт-Эндрус у Шатляндыі. Яго вынікі былі апублікаваныя ў часопісе The Lancet Microbe.
Інфэкцыяністы прааналізавалі каля 1500 дасьледаваньняў, апублікаваных з 2003 па чэрвень 2020 году, аб тэрмінах заражэньня тысяч людзей, большасьць зь якіх былі настолькі хворыя, каб іх шпіталізавалі. Каманда выявіла дадзеныя 79 дасьледаваньняў новага каранавірусу, 11 дасьледаваньняў MERS і 8 дасьледаваньняў SARS.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навукоўцы вынайшлі штучныя малекулы — забойцы каранавірусуАказалася, што людзі, у якіх сымптомы не разьвіваюцца, падобна, нясуць прыкладна такую ж колькасьць новага каранавірусу, як і пацыенты з сымптомамі. Але бессымптомныя людзі, як выглядае, хутчэй выводзяць вірус з арганізму.
Аналіз паказаў, што людзі з COVID-19 звычайна найбольш заразныя за дзень ці два да зьяўленьня сымптомаў і прыкладна празь пяць дзён пасьля гэтага. Тым ня менш пацыенты могуць несьці генэтычныя фрагмэнты вірусу ў носе і горле ў сярэднім 17 дзён, а ў некаторых выпадках і да трох месяцаў.
Некаторыя пацыенты могуць насіць вірус у лёгкіх, а ня ў носе і горле, на працягу васьмі дзён пасьля зьяўленьня сымптомаў. Прынамсі для іх пэрыяды ізаляцыі, верагодна, павінны быць большыя за пяць дзён, калі толькі такіх пацыентаў магчыма ідэнтыфікаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанскія навукоўцы здагадаліся, чаму дзеці менш хварэюць на COVID-19Пажылыя людзі, як правіла, заразныя даўжэй, чым маладыя, але ніводнае з разгледжаных дасьледаваньняў ня выявіла жывых вірусаў па заканчэньні дзевяці дзён ад моманту зьяўленьня сымптомаў. Вынікі паказваюць, што станоўчыя тэсты пасьля гэтага моманту выяўляюць толькі генэтычныя фрагмэнты, а ня ўвесь жывы вірус.
Аналіз у Шатляндыі тычыўся дадзеных, якія зьбіраліся з сакавіка. У ліпені, грунтуючыся на аналягічных доказах, амэрыканскія Цэнтры кантролю і прафіляктыкі захворваньняў (CDC) скарацілі рэкамэндацыю па ізаляцыі з 14 да 10 дзён.
Але нават 10 дзён ізаляцыі могуць аказацца занадта доўгімі для многіх, лічаць экспэрты. Пацыенты могуць быць фінансава ня ў стане ізалявацца так доўга, або могуць не адчуваць сябе дастаткова хворымі, каб жадаць гэтага.
Лекары прыходзяць да высновы, што інтэнсіўная ізаляцыя на працягу першых пяці-сямі дзён хваробы можа прадухіліць тысячы новых інфэкцый.