Літоўскі інфармацыйны партал delfi.lt апублікаваў спэцыяльнае расьсьледаваньне пра кантрабанду тытунёвых вырабаў зь Беларусі ў Літву. Аўтар расьсьледаваньня Эрнэстас Напрыс лічыць, што гэтая кантрабандная дзейнасьць адбываецца не бязь ведама, а магчыма, і не без удзелу беларускіх уладаў.
Штогод Літва дзясяткамі мільёнаў эўра падтрымлівае аўтарытарны рэжым Беларусі дзякуючы пакупнікам кантрабандных цыгарэт — іхнія грошы цякуць непасрэдна ў бюджэт суседняй краіны і ў «кашалькі» рэжыму, заадно сілкуючы крымінальны сьвет. Пашырэньне тытунёвых вырабаў у Беларусі два гады таму засяродзілася ў руках «алігарха» Аляксея Алексіна — сябра аўтарытарнага лідэра Аляксандра Лукашэнкі, і з таго часу маштаб кантрабанды дасягнуў небывалых вышыняў. Літоўскія чыноўнікі заяўляюць, што кантрабанда арганізаваная ў буйным памеры, чыгуначным і грузавым транспартам, на яе трацяцца вялікія рэсурсы, а суседзі не выяўляюць зацікаўленасьці ў вырашэньні праблемы. Афіцыйна ў Літву не завозіцца ніводзін пачак беларускіх цыгарэтаў.
У канцы 2017 году Беларусь угледзела новую бізнэс-нішу і пачала пашыраць тытунёвую прамысловасьць. Прэзыдэнт Лукашэнка арганізаваў сустрэчу з прадстаўнікамі галіны — было паведамлена, што мясцовы алігарх А. Алексін праз сваю кампанію «Energo-Oil» створыць адзіную сетку распаўсюду тытуню, якая будзе прадаваць прадукцыю як на ўнутраным, так і на замежным рынку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цыгарэты, прэзэрватывы, талёнчыкі. Што прадаюць у «Табакерках» Алексіна«Да мяне нават апошнім часам зьвярталіся замежныя бізнэсоўцы наконт таго, што нашы кампаніі ня хочуць прадаваць сваю прадукцыю на экспарт. У Эўрапейскім Зьвязе ёсьць вялікія рынкі. Яны нам карысныя. Чаму мы ня хочам іх запоўніць? (...) Гэта адна з найбольш значных крыніц папаўненьня бюджэту. Калі ёсьць попыт, неабходна прадаваць тытунёвыя вырабы. Мы ня будзем прадаваць — прададуць іншыя. Рынкі будуць занятыя», — казаў тады Лукашэнка.
Лукашэнка прызнаў, што попыт на тытунь унутры краіны не расьце, а за мяжой «карціна інакшая», таму будуць прымацца выключна рашэньні, выгадныя дзяржаве.
Неўзабаве пасьля таго кампанія Алексіна Energo-Oil стала адзіным апэратарам па продажах гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман» і пераняла сетку зь некалькіх тысяч пунктаў гандлю тытунём — «Табакерку». Больш за тое, сёлета кампанія адкрыла ў Менску новую тытунёвую фабрыку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладальнік «Табакерак» будзе пастаўляць тавары ў беларускі duty free на кітайскай мяжыТакая палітыка разьвіцьця беларускай тытунёвай прамысловасьці неўзабаве прынесла плён — сёлета на мытні Літвы затрымліваюць удвая больш кантрабанды, чым летась, зьдзіўляюць новыя спосабы яе дастаўкі.
Але, нягледзячы на гэтыя намаганьні, кожная чацьвёртая выкураная ў Літве цыгарэта — кантрабандная, гэта найбольшая доля ад 2014 году. У Беларусь і ў кішэні кантрабандыстам паступаюць дзясяткі мільёнаў эўра ад літоўскіх пакупнікоў.
Экспарт цыгарэт, пра які кажа Лукашэнка, афіцыйна практычна не існуе. У Літву афіцыйна ня ўвезена ніводнага пачка цыгарэт. Увогуле, паводле дадзеных Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця, аб’ём экспарту беларускага тытуню ва ўсім сьвеце — усяго некалькі мільёнаў эўра, пераважна ў Грузію і Азэрбайджан.
Партал Delfi паслухаў выказваньні літоўскіх чыноўнікаў пра шляхі перамяшчэньня кантрабанды зь Беларусі — яе спрабуюць увозіць усё ў большых маштабах, а беларускія праваахоўныя органы не праяўляюць вялікай зацікаўленасьці ў барацьбе з гэтым.
Тытунь сканцэнтраваўся ў руках аднаго алігарха
Аляксей Алексін, перш чым пераняць беларускую тытунёвую імпэрыю, быў да 2012 году партнэрам Юрыя Чыжа — гэта яшчэ адзін беларускі алігарх, якога называлі «кашальком» Лукашэнкі, яго бізнэс-імпэрыя пачала распадацца пасьля ўвядзеньня санкцый ЭЗ. Яшчэ раней Алексін працаваў у кампаніі «Белвнешторгинвест», якая кантралюецца Кіраўніцтвам спраў прэзыдэнта Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладальніку «Табакерак» далі ўчастак на Менскім моры пад сямейную сядзібуЦяпер Алексін кантралюе менскі МТБанк, гандлюе нафтапрадуктамі, мае прадпрыемствы па вырабе мясных прадуктаў, лягістыцы, рэстараны і гатэльны бізнэс. У Латвіі ён валодае броварам Latgales Alus D, які карыстаецца падтрымкай ЭЗ. Раней сьляды ягоных бізнэсаў былі і ў Літве — у ліквідаванай кампаніі Neonafta.
Energo-Oil А. Алексіна афіцыйна заснаваная як кампанія па гандлі нафтапрадуктамі і іх экспарце, але два гады таму ёй быў давераны амаль увесь беларускі тытунёвы рынак — правы на продаж прадукцыі Горадзенскай тытунёвай фабрыкі, розьнічная сетка «Табакерка». Пасьля гэтага Energo-Oil пашырыла вытворчасьць у Горадні — паведамлялася пра інвэстыцыі на суму каля 40 мільёнаў эўра, усталявалі дзьве новыя вытворчыя лініі, піша tut.by. Таксама яна пабудавала новую фабрыку ў Менску. Тут гладкасьць выкананьня праекту забясьпечвалася вельмі спрыяльнымі рашэньнямі ўлады — пад завод адвялі зямельны ўчастак у прамысловай зоне, дзеля гэтага пасунулі гарадзкую мяжу. На сайце кампаніі паведамляецца, што яна валодае 2500 гандлёвымі пунктамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад тытунёвую фабрыку ўплывовага бізнэсоўца зьмянілі межы Менску, — Tut.byЦяпер «экспарт» цыгарэт, хоць афіцыйна яго практычна не існуе, — вельмі важная галіна эканомікі Беларусі. Яна істотна папаўняе бюджэт краіны — толькі сёлета чакаецца 350 мільёнаў эўра. Акрамя акцызаў, гэта і велізарны прыбытак вытворцам. Горадзенская тытунёвая фабрыка летась атрымала 60 мільёнаў афіцыйнага чыстага прыбытку, хоць яе прадукцыю рэалізуе вышэйзгаданая кампанія Energo-Oil — пра гэты прыбытак не паведамляецца. У Горадні тытунёвая фабрыка — найбуйнейшы працадаўца і найбуйнейшы падаткаплатнік у рэгіёне, яна не спыніла вытворчасьць нават ва ўмовах усеагульных пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
Партал SB.BY піша, што не ўпершыню пэрспэктывы тытунёвай прамысловасьці разглядаюцца на самым высокім, прэзыдэнцкім узроўні. Важныя рашэньні былі прынятыя яшчэ ў 2000 годзе. Дагэтуль у Беларусі пераважалі імпартныя цыгарэты. З тых часоў імпарт быў забаронены — нават замежныя брэнды мусілі вырабляцца ўнутры краіны. Тым часам «экспарт вырас у 16 разоў, і гэта не мяжа».
Дадзеныя літоўскай мытні шакуюць
Толькі за дзевяць месяцаў гэтага году літоўскія мытнікі ўжо затрымалі 13,1 мільёна пачкаў кантрабандных цыгарэт — па 5 пачкаў на кожнага жыхара краіны, улучна зь немаўлятамі. Гэта амаль удвая больш, чым летась (6,8 мільёна пачкаў) за той самы час.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Памылка будзе выпраўленая». Тытунёвая фабрыка «Нёман» паабяцала вярнуцца зь «Белоруссии» ў Беларусь«Абсалютная большасьць кантрабандных цыгарэт зь Беларусі, якія затрымліваюць на мяжы, вырабляецца беларускім „Нёмане“ (Горадзенская тытунёвая фабрыка)», — сказаў намесьнік генэральнага дырэктара Мытнага дэпартамэнту Літвы Вігантас Пайгозінас.
Кошт затрыманых цыгарэт — больш за 46,4 мільёна эўра, калі лічыць, што пачак каштаваў бы на рынку каля 3,5 эўра. Амаль усе (94%) з гэтых цыгарэт — беларускія.
Можна супаставіць гэта зь фінансаваньнем Мытнай крымінальнай службы (МКТ) — летась ёй было выдзелена 4,5 мільёна эўра, альбо ў дзесяць разоў менш.
«Колькасьць дасудовых расьсьледаваньняў, распачатых МКТ у сувязі з кантрабандай тытуню, павялічылася на траціну (33%) (летась было 52, сёлета — 69). Прадухіленая шкода дзяржаве складае суму 43,48 мільёна эўра. (...) Тэндэнцыі апошніх гадоў паказваюць, што кантрабандных цыгарэт затрымліваюць усё больш, доля беларускіх цыгарэт увесь час расьце», — працягвае Вігантас Пайгозінас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве затрымалі цягнік «Беларуськалія» з буйной кантрабандай цыгарэтЦі азначае такі посьпех мытні ў барацьбе з кантрабандай, што ў Літву трапіла менш беларускіх тытунёвых вырабаў? Наадварот, кампанія Nielsen, якая зьбірае пачкі ад цыгарэт і праводзіць дасьледаваньне «Пустыя пачкі», падлічыла, што цяпер нелегальныя цыгарэты ў Літве складаюць 22,4% ад усяго рынку тытунёвых вырабаў. І гэта пераважна ад 2014 году.
На мытню, якая кантралюе памежныя пункты, сёлета прыпала 92% затрыманай цыгарэтнай кантрабанды, а яшчэ з кантрабандыстамі змагаюцца памежнікі.
Вігантас Пайгозінас пацьвярджае: ніякія вырабленыя ў Беларусі цыгарэты афіцыйна ў Літву не імпартуюцца і легальны гандаль імі ў Літве не ажыцьцяўляецца.
Самыя папулярныя маркі, якія прпдаюцца нелегальна, — горадзенскія цыгарэты «NZ», «Мінск» і «Фэст».
У Літве «зарабляюць» каля ста мільёнаў эўра
Той факт, што бюджэт Літвы з прычыны кантрабанды губляе дзясяткі мільёнаў эўра — гэта толькі палова гісторыі. Грошы, сабраныя на чорным рынку, а сума можа дасягаць 100 мільёнаў, ідуць на падтрымку рэжыму ў Беларусі і крымінальных структур.
У Літве за год афіцыйна прадаецца каля 2,5 млрд цыгарэт, або 125 мільёнаў пачкаў, сьведчаць дадзеныя Дзяржаўнай падатковай інспэкцыі за верасень. Нелегальная кантрабанда, паводле дасьледаваньня «Пустыя пачкі», склала б 28 мільёнаў пачкаў на амаль 100 мільёнаў эўра на чорным рынку. Яшчэ больш кантрабандных цыгарэт можа трапіць у Літву транзытам у іншыя дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За затрыманую кантрабанду цыгарэт літоўскія мытнікі, памежнікі і паліцыянты атрымалі прэмііАгульны лішак тытунёвай вытворчасьці Беларусі складае некалькі мільярдаў пачкаў, што прыносіць мільярды эўра дзяржаве і структурам, якія абслугоўваюць кантрабанду.
Урад Беларусі з 2016 году нават не раскрывае, колькі цыгарэт вырабляецца, прадаецца або экспартуецца. Згодна з плянамі, толькі сёлета Беларусь зьбярэ афіцыйных акцызаў на 407 мільёнаў даляраў ЗША, паведамляе naviny.media.
Улічваючы надзвычай нізкі ўзровень беларускіх акцызаў — ад 16 эўрацэнтаў за пачак айчынных цыгарэт, — можна падлічыць, што агульная колькасьць цыгарэт, толькі афіцыйна ўлічаных у краіне, можа дасягаць каля 40 мільярдаў. Цалкам верагодна, што ня ўсе цыгарэты ўлічваюцца: беларускія цыгарэты не ахопленыя сыстэмай Track and Tracking.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі трэці раз за год падаражэлі цыгарэтыСама Горадзенская тытунёвая фабрыка паведамляе на сваім сайце, што забясьпечвае вытворчасьць 72% тытунёвых вырабаў, якія спажываюцца ў Беларусі, а аб’ём яе вытворчасьці нібыта складае 28,5 мільярда цыгарэт за год. Нават калі б гэтая лічба адпавядала рэчаіснасьці, усім беларускім курцам хапіла б у некалькі разоў менш цыгарэт.
Калі прыняць, што ў Беларусі 2,1 мільёна курцоў і ўсе яны выкурваюць па пачку цыгарэт штодня, агульны аб’ём спажытых цыгарэт быў бы ўтрая меншы — каля 15 мільярдаў цыгарэт за год. Аднак статыстычна сярэдні курэц скурвае менш, чым пачак за дзень.
Праваахоўныя органы Беларусі не выяўляюць зацікаўленьня
Прадстаўнік мытнага дэпартамэнту пацьвярджае, што Беларусь не выяўляе моцнага жаданьня стрымаць кантрабанду.
«Афіцыйнае двухбаковае адміністрацыйнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю працягваецца, але мы не праводзім супольных расьсьледаваньняў у рамках барацьбы з кантрабандай цыгарэт. У гэтай галіне адсутнічае зацікаўленьне другога боку, апрача таго, у Беларусі гэта ўсё яшчэ ня лічыцца злачынствам», — кажа Вігантас Пайгозінас.
Паводле яго, Беларусь паступіла б найбольш эфэктыўна, калі б скараціла залішнюю вытворчасьць цыгарэт.
Памежнікі бачаць арганізаваную акцыю
Пра тое, што кантрабанда арганізаваная ў буйных памерах, сьведчыць расьсьледаваньне, выведная інфармацыя, кажа Данатас Шкарнуліс, старшыня Калегіі крымінальных расьсьледаваньняў Дзяржаўнай памежнай службы (VSAT). Няма, аднак, непасрэдных доказаў, якія дазволілі б зьвязаць арганізатараў злачыннай дзейнасьці з аўтарытарным рэжымам у Беларусі.
«Мы ведаем інфармацыю, якая зьявілася ў публічнай прасторы, пра тое, што доля грошай, якую цыгарэтныя фабрыкі ў Беларусі плацяць у дзяржаўны бюджэт, вельмі істотная і складае значную частку агульнай сумы даходаў бюджэту. Таксама вядома і тое, што гэтая краіна вырабляе ў некалькі разоў больш тытунёвых вырабаў, чым трэба для ўнутранага рынку. Вядома і тое, што аптовы гандаль манапалізаваны, і гэта стварае спрыяльныя ўмовы для высокай рэнтабэльнасьці ценявой дзейнасьці», — кажа Данатас Шкарнуліс. Ён падзяліўся публічнымі заявамі Лукашэнкі аб павелічэньні «экспарту».
Для памежнікаў не сакрэт і тое, хто валодае тытунёвай манаполіяй у Беларусі
«Паводле наяўных зьвестак, аптовы гандаль цыгарэтамі ў Беларусі манапалізаваны, яго ажыцьцяўляе толькі адна кампанія, г. зн. Energo-Oil. Іншыя суб’екты гаспадараньня ня могуць набываць тытунёвыя вырабы непасрэдна ад вытворцы», — кажа Данатас Шкарнуліс.
Вядома, што каля году таму скрынка з 500 пачкамі самых папулярных цыгарэт «Фэст», якія прадае Горадзенская тытунёвая фабрыка, каштавала Energo-Oil каля 100 даляраў (20 цэнтаў за пачак). Energo-Oil перапрадае тытунёвыя вырабы драбнейшым аптавікам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менгарвыканкам: «Табакеркі» можна, а іншыя кіёскі нельга«А ў гэтых апошніх набывалі арганізатары кантрабанды, якія плацілі за скрынку 160–180 даляраў (32–36 цэнтаў за пачак), залежна ад колькасьці. Калі купляць вялікую колькасьць, цана кантрабанднай скрынкі цыгарэт у Літве ўзрастае да 580 эўра (1,16 эўра за пачак), а для далейшага продажу — да 700 эўра за скрынку (1,4 эўра за пачак)», — кажа Данатас Шкарнуліс.
Паводле зьвестак памежнікаў, у большасьці выпадкаў Літва — транзытная краіна, але незаконна ўвезеныя цыгарэты прызначаюцца і для ўнутранага спажываньня.
«Тут цалкам дзейнічаюць эканамічныя законы попыту і прапановы. Калі толькі ёсьць попыт на таньнейшыя тытунёвыя вырабы, яны абавязкова будуць прадавацца на ўнутраным рынку. І ня важна, што пры далейшым транспартаваньні ў Заходнюю Эўропу маржа прыбытку большая: калі хутка прадаць цыгарэты на месцы, пазьбягаючы іншых магчымых рызык, гэта будзе прыбытковая незаконная дзейнасьць», — кажа Данатас Шкарнуліс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наркагандляры любяць Мытны саюзГеаграфічнае становішча, вялікая розьніца ў цэнах застаюцца асноўнымі фактарамі, якія вызначаюць кантрабандныя патокі празь Літву, Латвію або Польшчу.
«Маштабная кантрабанда суправаджаецца і карумпаваным элемэнтам. Групоўкам, якія жадаюць правезьці маштабную кантрабанду, патрэбная інфармацыя пра месцазнаходжаньне сіл VSAT, пра абсталяваньне, якое імі выкарыстоўваецца, і яго магчымасьці. Сёлета ў нас адносна некалькіх службовых асобаў VSAT узьніклі падазрэньні наконт злоўжываньня службовым становішчам і ўдзелу ў супольнай злачыннай дзейнасьці», — кажа Д. Шкарнуліс.
VSAT адказвае за кантроль на вонкавай мяжы і расьсьледуе значную частку выпадкаў кантрабанды праз так званы «зялёны пояс» — там іх менш, чым у памежных пунктах пропуску.
Найбольшыя партыі — чыгункай, грузавікамі
Намесьнік дырэктара мытнага дэпартамэнту Вігантас Пайгозінас падрабязна расказаў, што кантрабанда ў Літву зь Беларусі найчасьцей дастаўляецца наземным і чыгуначным транспартам.
«Па-ранейшаму захоўваецца тэндэнцыя кантрабанды грузавікамі вельмі буйных партый — у трэцім квартале гэтага году было даволі шмат затрыманьняў, калі ў паўпрычэпе грузавіка знаходзілі 1000–1500 скрынак кантрабандных цыгарэт. Мытнікі, калегі па VSAT, таксама выяўляюць кантрабанду цыгарэт на чыгуначным транспарце, які па-ранейшаму актыўна перавозіць вялікую, хітра замаскаваную колькасьць кантрабандных цыгарэт», — кажа Вігантас Пайгозінас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кантрабандысты схавалі 30 тысяч пачак беларускіх цыгарэт у жалезабэтонеНекалькі прыкладаў: на пачатку гэтага году мытнікі знайшлі партыю цыгарэт на суму 100 тысяч эўра, схаваную ў грузе жалезабэтонных блёкаў, які перавозіўся цягніком зь Беларусі. А ў пачатку кастрычніка мытнікі чыгуначнага паста Кяна каля 240 тысяч пачкаў цыгарэт (коштам каля 850 тыс. эўра) выявілі ў будаўнічых шчытах, што перавозіліся цягніком зь Беларусі. Ва ўсіх выпадках маштабная кантрабанда правозіцца ў добра абсталяваных схованках.
Якія выклікі стаяць перад Літвой у барацьбе з кантрабандай?
«Гэта як і ўсюды: недахоп сродкаў на абнаўленьне альбо набыцьцё абсталяваньня для кантролю, абмежаванасьць чалавечых рэсурсаў, чалавечы фактар (імавернасьць карупцыі). Таксама новыя мэтады і шляхі кантрабанды. Безумоўна, мытнікі спадзяюцца, што новыя, сучасныя тэхнічныя сродкі інспэктаваньня чыгуначнага транспарту ў найбліжэйшай будучыні дапамогуць узмацніць кантроль грузавых чыгуначных перавозак», — кажа Вігантас Пайгозінас.
Асабісты заробак — ад 10 да 50 эўра за перавезеную скрынку
Паводле прадстаўніка VSAT Данатаса Шкарнуліса, кантрабанду на мяжы арганізуюць групы рознага ўзроўню, а таксама паасобныя грамадзяне.
«Удзельнікам кантрабанды, якая ажыцьцяўляецца празь „зялёны пояс“, плацяць ад 10 да 50 эўра за перавезеную скрынку, у залежнасьці ад ролі, якую яны выконваюць (назіральнікі, перавозчыкі цыгарэт, чыноўнікі)», — кажа Данатас Шкарнуліс.
Партыі, якія перавозяцца празь «зялёны пояс», вагаюцца ў памеры ад некалькіх скрынак да 100, а часам і больш (у 1 скрынцы — 500 пачкаў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цыгарэты пад сутанай«І хоць у нашым выпадку 100 скрынак — гэта даволі вялікая колькасьць, яе не параўнаць з той колькасьцю, якая перавозіцца праз памежныя пункты пропуску. У выпадку буйной кантрабанды яна дасягае, а ў некаторых выпадках перавышае 1000 скрынак. Летась і асабліва сёлета назіраецца актывізацыя спробаў перавозіць такія партыі», — кажа Данатас Шкарнуліс.
Перавозка вялікай колькасьці цыгарэт празь мяжу (зялёны пояс) патрабуе вялікай падрыхтоўкі. Трэба мець неабходнае абсталяваньне, вялікую групу людзей, мець інфармацыю пра пагранічныя сілы, абсталяваньне, якое імі выкарыстоўваецца.
«Бывае, што ў выпадку з буйной кантрабандай дзейнічае некалькі дзясяткаў чалавек: адны сочаць за асноўнымі скрыжаваньнямі, дарогамі, пад’ездамі да заставы VSAT, іншыя загружаюць у машыны перакінутыя празь дзяржаўную мяжу цыгарэты, трэція перавозяць іх у глыбіню краіны», — кажа Д. Шкарнуліс.
Хоць партал Delfi запытаўся ў абедзьвюх службаў, якія прадпрыемствы былі прызнаныя ўдзельнікамі схем кантрабанды, мы не пачулі назваў.
Лаўрынавічус: «Ясна, што гэта дзяржаўны бізнэс»
Старшы аналітык віленскага Інстытуту палітычнага аналізу М. Лаўрынавічус папярэджвае, што разам з кантрабандай у Літву прыходзяць карупцыя і палітычны ўплыў, і было б наіўна меркаваць, што дзейнасьць, якая прыносіць у Беларусі найбуйнейшыя сумы грошай, будзе весьціся бязь ведама дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ страчвае мільярды эўра з-за беларускай кантрабанды«Ясна, што гэта дзяржаўны бізнэс. „Бізнэс“ — у двукосьсі. Кантрабанда цалкам кантралюецца службамі бясьпекі як у Расеі, так і ў Беларусі — без структураў дзяржаўнай бясьпекі кантрабанда там немагчымая, нават тэарэтычна. Зразумела, усё, што яны робяць, — гэта дзяржаўны кавалак, які выдаецца з блаславеньня Аляксандра Лукашэнкі і людзей зь яго атачэньня, і ад якога рэжым таксама атрымлівае выгаду», — кажа М. Лаўрынавічус.
Паводле яго, кантрабанда — гэта вялікі грашовы кран, які дазваляе ўмацоўваць рэжым у Беларусі рознымі спосабамі, ён праяўляецца і ў Літве: фінансаваньне злачыннай дзейнасьці, подкуп палітыкаў і праваахоўных органаў.
«У мяне няма доказаў, але я не сумняваюся, што частка грошай, якія выдзяляюцца беларускім структурам бясьпекі, паступае якраз з розных такіх „бізнэсаў“, і кантрабанда цыгарэт — толькі адна частка. Там яны атрымліваюць нерэальныя заробкі — нават ва ўмовах Літвы мы ня можам сабе ўявіць такія грошы, якія атрымлівае той шараговец, якога пасылаюць біць людзей. Гэтыя грошы паступаюць ня толькі афіцыйна зь бюджэту, але і з усіх гэтых крыніц», — кажа М. Лаўрынавічус.
Кіраваньне Беларусьсю можна параўнаць з мафійнай структурай
Аглядальнік запэўнівае, што ў Літве не хапае разуменьня, які рэжым пануе ў Беларусі.
«Гэта цалкам мафіёзная сыстэма, якая і дзейнічае як мафіёзная сыстэма. Кантрабанда празь Беларусь ідзе ня толькі сюды. Празь Беларусь праходзяць сусьветныя шляхі гандлю зброяй, праходзіць шмат што, у тым ліку наркотыкі. Мы ўяўляем тыя дзяржавы вельмі наіўна, быццам яны такія самыя дзяржавы, як Літва, толькі, можа, лідэр нейкі не такі. Але яны, уся іх сыстэма, дзейнічаюць зусім інакш, для іх кантрабанда або любы іншы „бізнэс“ крымінальнага сьвету — гэта частка іх сыстэмы», — кажа М. Лаўрынавічус.
Ён запэўнівае, што гэта стварае вялікую пагрозу для Літвы.
«Разам з кантрабандай практыка мафіі так ці інакш пераносіцца ў Літву — бо ёсьць партнэры, якія возяць кантрабанду тут, у Літве. Значыць, нашы праваахоўныя органы карумпаваныя. Бо зноў жа, бяз тых, хто так ці інакш хоць бы спрабуе дапамагчы кантрабандыстам, гэта наўрад ці было б магчыма. І трэцяе — гэта ўплыў на нашу палітыку. Гэтыя грошы, частка сродкаў „бізнэсу“, выкарыстоўваюцца для ўзьдзеяньня на Літву, пашырэньня ўплыву Беларусі, каб мы ня ўводзілі нейкіх абмежаваньняў», — пералічвае М. Лаўрынавічус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія праблемы Беларусь стварала літоўскай дзяржбясьпецы? — былы кіраўнік дзяржбясьпекі Літвы пра шпіёнаў і прытулак УсхопчыкуЁн падкрэсьліў, што толькі пратэсты, якія адбыліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, атрымалі невялікую рэакцыю.
«Але давайце ўспомнім, што было да ўсёй гэтай „рэвалюцыі“, калі зноў гаварылася, што трэба ўсё дазволіць, падтрымаць Беларусь і Лукашэнку. Ёсьць і палітычныя пазыцыі, але, ня будзем наіўнымі, за гэтым стаяць вялікія грошы, і гэтыя грошы паходзяць з такіх вось рэчаў», — тлумачыць М. Лаўрынавічус.
Ён зьвярнуў увагу, што ў Літве нават дзейнічаюць бізнэс-структуры, якія абслугоўваюць буйных беларускіх бізнэсоўцаў і дапамагаюць ім легалізаваць грошы. «Пускаючы да сябе гэтыя бізнэсы, мы павінны разумець, што адначасова пускаем у Літву і ўсе гэтыя пагрозы», — кажа М. Лаўрынавічус.
Цыгарэты прылятаюць і на дронах
Амаль 60% зьнешняй мяжы ЭЗ, за кантроль над якой адказвае VSAT, ужо кантралююцца сучаснымі сыстэмамі памежнага нагляду: стаіць абсталяваньне выяўленьня, дзённага і начнога бачаньня. Гэта немалы выклік кантрабандыстам, які патрабуе новых рашэньняў.
«Парушальнікі пазьбягаюць тых месцаў, перабіраюцца ў іншыя, дзе сыстэма не ўсталяваная. Каб іх не заўважылі такія сыстэмы VSAT, кантрабандысты спрабуюць перасякаць мяжу ў паветры, выкарыстоўваючы бесьпілётныя лятальныя апараты, альбо перакідаць зь Беларусі цыгарэты з выкарыстаньнем рагатак. Мы выявілі шэраг выпадкаў, калі парушальнікі, убачыўшы сыстэмы назіраньня, наўмысна ўводзілі памежнікаў у зман: перакідалі празь мяжу пустыя скрынкі і сачылі за дзеяньнямі памежнікаў — глядзелі, як хутка яны рэагуюць, адкуль прыяжджаюць супрацоўнікі VSAT і г. д.», — расказвае Данатас Шкарнуліс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне расьсьледуюць буйную кантрабанду тытуню зь Беларусі ў ЭўразьвязРобяцца спробы кантрабанды па вадзе — перавозяць на лодках, плытах, перацягваюць вяроўкамі. Тытунёвыя вырабы, якія перавозяцца праз памежныя пункты пропуску, хаваюць у розных канструкцыях аўтамабіляў або ў спэцыяльна абсталяваных сховішчах, большая колькасьць транспартуецца прыкрытая грузам, а ў некаторых выпадках — асабліва не хаваючы.
«За апошнія некалькі гадоў мы назіраем рост кантрабанды чыгункаю. Тут яна перавозіцца ў сыпкіх прадуктах (угнаеньні, стружцы), хаваецца ў іншых грузавых або вагонных канструкцыях. Каля пятай часткі затрыманых сёлета сіламі VSAT тытунёвых вырабаў перавозіліся незаконна чыгуначным транспартам. Злачынцы шукаюць найменш рызыкоўны і бясьпечны спосаб перавозкі кантрабандных тавараў. Цыгарэты, перавезеныя ў вагонах, ужо на тэрыторыі Літвы могуць быць выкінутыя на любым участку чыгункі», — кажа Данатас Шкарнуліс.
Незадавальненьне выяўляе нават Расея
Кіраўнік Управы крымінальных расьсьледаваньняў VSAT Данатас Шкарнуліс заўважае, што вырабленая ў Беларусі тытунёвая прадукцыя пачынае наносіць шкоду і Расеі, дзе апошнім часам павялічылі акцызы.
«Паводле наяўных дадзеных, ценявая доля гэтых тытунёвых вырабаў ужо двухзначная. Расея страчвае ўсё больш бюджэтных даходаў, і заўсёды ўзьнікае пытаньне, як гэта будзе вырашацца, улічваючы той факт, што абедзьве гэтыя дзяржавы знаходзяцца ў адзінай эканамічнай прасторы. Несумненна, што дасягненьне пэўных рашэньняў у гэтай эканамічнай сфэры таксама паўплывае на ўзровень пагрозы кантрабанды ў нашай краіне, дзе розьніца ў кошце ўяўляе сабой важны фактар», — кажа Данатас Шкарнуліс.