Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цыгарэты пад сутанай


1.

Два палякі ў сутанах і з крыжамі, памаліўшыся на дарожку сьвятому Кшыштафу, патрону падарожных, і перажагнаўшы свой фургончык з падвойным дном, пакінулі цыгарэтна-гасьцінную Горадню.

Паведамленьне гэтае на мясцовым сайце прачыталі шэсьць тысяч чалавек. Кантрабанднымі цыгарэтамі нікога ня зьдзівіш у памежным горадзе, падвойным дном таксама. Але сутаны, крыжы – гэта штосьці новае.

Пытаньне: чаму фальшывых ксяндзоў спынілі літоўскія мытнікі, а беларускія
прапусьцілі? Разбор палётаў будзе абавязкова. На беларускім баку фургончык сапраўды прынялі за ксяндзоўскі. А літоўцаў, выходзіць, на мякіне не падманеш. Занадта расквецілі кантрабандысты свой фургончык налепкамі каталіцкай дабрачыннай арганізацыі, ксяндзы так ня робяць. Рыхтык па-цыркавому выглядаў. Дый у літоўцаў толькі што ледзь ня цэлую мытню арыштавалі на мяжы зь беларусамі. Будзеш тут трымацца за месца.

2.

Толькі фальшывых ксяндзоў схапілі... Каля літоўскай мяжы вялізны пакунак з цыгарэтамі знойдзены. У сумёце. Не дачакаліся на другім баку, ня трапіла курыва праз супольны Нёман у Эўразьвяз. Але «народны экспарт» – зьява незьнішчальная. Едуць на Захад цыгарэты гарадзенскай фабрыкі ў сьценках цягнікоў, у падвойным дне аўтамабіляў, па рачной вадзе плывуць, па лёдзе сунуцца, калі маразы. Прагнуць курцы на сумежнай тэрыторыі падыміць па дзяшоўцы.

На фабрыцы без гумору: афіцыйны экспарт зусім сьмешны – прыблізна адзін адсотак ад выпуску. Праштурхацца на чужы рынак удаецца гады ў рады: то ў Прыднястроўі дадуць прыпаліць, то ў самой Малдове, то ў сякой-такой арабскай рэспубліцы. А народ, ясна, больш спрытны, сутанамі нават ня грэбуе.

Хіба што фальшывыя манашкі-кантрабандысткі яшчэ не трапляліся. Цудоўны пол для дастаўкі цыгарэт выкарыстоўвае сваё цела. Прыкладае пакункі да рук, ног, жывата, а зьверху, як бінтамі, – клейкай стужкай. Як ня ўспомніць Сямён Сямёныча з «Брыльянтавай рукі», калі назіраеш за цыгарэтнымі дамачкамі ў цягніку!

Іншыя кантрабандысткі ўпарта гуляюць у Верку Сярдзючку, нацягваючы на сябе чым паболей трыкатажу: формы на вачах у пасажыраў галавакружна павялічваюцца. Потныя рэчы чакаюць пакупнікоў, якім заграніца толькі сьніцца. Адзяваньне – рэч азартная. Рэкардсмэнка з Горадні, якую змусілі распрануца мытнікі, выглядала матрошкай. Які быў стрыптыз па-кантрабандысцку! Тры дзясяткі адзеж на сябе здолела нацягнуць. У люстэрка зазірнуць не было шанцаў: дзьверы ў прыбіральню вагона завузкія.

3.

Пакуль будзе мяжа, цыгарэты празь яе будуць «прасочвацца» заўжды. Знаўцы так кажуць. Але чаму не спыняюць кантрабандыстаў гучныя раскрыцьці? У знаўцаў і на гэта ёсьць гатовы адказ. Трапляюцца толькі недарэкі і тыя, на каго «паступіць сыгнал».

Тандэтнае беларускае курыва ў вынаходлівых галовах знаходзіць самыя нечаканыя хованкі. Аднойчы цэлая калёна рушыла на Літву: пара машын і чатыры бусы. Цыгарэты ў бампэры, у бензабаках, нават у газавым балёне! Чатырнаццаць з паловай тысяч пачак. Пагарэлі хлопцы: для надзейнасьці хабар прапанавалі, сто баксаў… Як той казаў: рэчкі не пераплыўшы, панчохі сушыць мусілі.

На антыцыгарэтным франціры і мытнікам месца ёсьць і пагранцам. Узгадваюць пагранцы са шчасьлівай усьмешкай, як у голыя рукі трапіў ім грузавы бус, у якім цесна, як у труне, было ад цыгарэт. Сто скрынак: пачкаў – шэсьцьдзесят пяць з паловай тысяч! У кіроўцы нэрвы ня вытрымалі, кінуў машыну блізка літоўскай мяжы, даў лататы. Недарэка дый годзе напраўду!

Не, у памежнікаў часам цікавае жыцьцё, як у кіно. Цыгарэты знойдуць то ў сьцірце сена, ад якой да мяжы – руку працягнуць, то на невялікай рэчцы ў лодцы з GPS-навігатарам. Памежнікі нават смак адчулі да параўнаньняў. Пахваляліся аднойчы: такую партыю арыштавалі, што атрымалася б выкласьці сьцежку даўжынёю шэсьць кілямэтраў! Толькі не ўдакладнілі: ці пачкамі ці па адной цыгарэціне. Аднак далі ў лыч кантрабандыстам.

Праўда, кантрабанда з тых яшчэ істотаў: адсякаюць адну галаву, замест яе вырастаюць тры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG