Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад тытунёвую фабрыку ўплывовага бізнэсоўца зьмянілі межы Менску, — Tut.by


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Частку тэрыторыі Менску — 1,48 га ў прамысловай зоне Шабаны — на чарговай сэсіі Менскага савету дэпутатаў вырашылі перадаць у склад Менскага раёну.

У публікацыі БелТА аб перадачы тэрыторыі не тлумачылі прычынаў рашэньня — адзначалася толькі, што «гэта прамысловая зона, жылыя будынкі на ёй адсутнічаюць» і што «ўчастак разьмешчаны побач зь дзейнай вытворчасьцю тытунёвай кампаніі, якая будзе рэалізоўваць інвэстыцыйны праект» (70% прадукцыі кампаніі ідзе на экспарт). Плянуецца стварыць 200 працоўных месцаў, чаканы аб’ём інвэстыцыяў — 100 млн беларускіх рублёў (ад каго — не ўдакладняецца).

Саму прамзону «Шабаны» ўключылі ў склад Менску ўсяго 10 гадоў таму.

Партал Tut.by сьцьвярджае, што праект зьвязаны зь бізнэсоўцам Аляксеем Алексіным, якому Аляксандар Лукашэнка ў сьнежні мінулага году даручыў стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках. Паводле парталу, «дзьве інфармаваныя крыніцы» расказалі, што праект рэалізуе кампанія, падкантрольная Алексіну, пад яго «падрыхтаваны праект указу прэзыдэнта».

Алексін, верагодна, адзін з найбагацейшых людзей Беларусі. У рэйтынгу часопісу «Ежедневник» ён займае 6-е месца сярод самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў (перад ім Машэнскі, Добкін, Тапузідзіс, Кіслы і Луцэнка).

Сярод ягоных актываў — беларускія «Белнафтгаз» і «Энэрга-Оіл» (нягледзячы на назву, кампанія зьвязаная ня толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнэсам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладэчанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасьці, лягістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі, рэстарацыя «Старае рэчышча» і іншае. Да 2012 году быў партнэрам Юрыя Чыжа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG