Не магу маўчаць. „Канчаткова дабіла спроба вэрбаваньня ў КГБ“

„Не магу маўчаць“ — словы, якімі тлумачаць свой сыход зь дзяржаўнае працы людзі самых розных прафэсіяў. Калі вы зь іхнага ліку — напішыце нам пра сваю гісторыю і сваё рашэньне на адрас: radiosvaboda@gmail.com

Пра адмоўную сэлекцыю я ня раз чуў ад палітолягаў. Але калі сутыкаесься зь людзьмі, якіх сыстэма адпрэчвае з сваіх шэрагаў, ужо цяжка называць гэтую зьяву такім культурным словазлучэньнем. Гэта проста нейкі профіцыд. Быццам за мэту рэжым паставіў пазбыцца ўсіх прафэсіяналаў. Чым лепшы спэцыяліст, тым хутчэй яго трэба звольніць. Быццам улады праводзяць экспэрымэнт — ці здолее дзяржава функцыянаваць без прафэсіяналаў. Дзіўна, але пакуль удаецца. Яшчэ працуюць заводы, ходзяць цягнікі, існуе войска. Зрэшты, у існаваньні апошняга я вельмі засумняваўся пасьля размовы з былым афіцэрам, які некалькі гадоў таму, зь бюракратычнымі баямі, але ўсё ж вырваўся зь ягоных шэрагаў у званьні капітана.

Мой суразмоўца нарадзіўся на ўсходзе Беларусі ў канцы існаваньня савецкай імпэрыі. Ён пасьпеў пабыць „акцябронкам“, пасьпеў пахадзіць на першамайскія дэманстрацыі, але да піянэраў не дажыў. Дакладней, не дажыла старая савецкая „піянэрыя“. Савецкім Саюзам павеяла зноў у сьценах Вайсковай акадэміі, куды сын рабочых паступіў на пачатку нулявых. Савецкай была ня толькі тэхніка, але і ваенная гісторыя, якую выкладалі будучым абаронцам Айчыны. Беларускімі былі толькі ўрокі роднай мовы, якая выкладалася паўгода.

— На вучэньнях вораг нападаў заўсёды з Захаду. Маглі мы ваяваць з такімі страшнымі краінамі, як Вяйшнорыя, Вяйсбарыя і Паляндыя. Напэўна, гэта залежала ад градуса напружанасьці. Але вораг быў заўжды з аднаго боку.

Служба пачыналася ў лясным гарнізоне на ўсходзе краіны. Больш за ўсё мне ў войску падабалася баявая праца. Я думаў, што найперш для гэтага мы і патрэбныя. Па-першае, для навучаньня асабістага складу баявым дзеяньням. Каб людзі за паўтара года службы набылі вайсковую спэцыяльнасьць. Не агароджу фарбаваць, а ўмець ваяваць. І мой камандзір батарэі на мяне саляркі не шкадаваў. І я, камандзір разьліку, не вылазіў з машыны. Пастаянна выконваў задачы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. «Міліцыя не з народам, як і народ не зь міліцыяй»

Але, пачынаючы з 2008 году, усё пачало рэзка пагаршацца. Паліва было толькі на тое, каб вазіць дзяцей у садок. Гэта ня толькі эканамічны крызіс. Тады памяняўся міністар абароны. І ўсё памянялася. Памятаю, як камандзір казаў, што цяпер баявая праца не галоўнае. Галоўнае — гэта бясьпека. Каб ніхто не парушаў тэхніку бясьпекі. І з гэтага моманту пачалося, як кажа салдацкая прымаўка, „зрабіў — запішы, не зрабіў — запішы два разы“. Уся праца стала абмяжоўвацца рознымі інструктажамі, а самой працы як такой ня стала. Салдаты езьдзілі ў лес па дровы, афіцэры езьдзілі іх кантраляваць, разгружалі машыны, чысьцілі дарогі, фарбавалі бардзюры. Усё было, акрамя баявой працы. Я пачаў расчароўвацца ў вайсковай службе. Я казаў, што трэба вучыць салдат. А мне быў адказ — трэба фарбаваць бардзюры. Бо калі праверка прыедзе, ніхто ня будзе пытацца ў салдата, ці ведае ён баявую працу. Будуць правяраць журналы баявой падрыхтоўкі, пляны-канспэкты, якія ніхто з салдатаў ніколі не чытаў, і ці блішчыць бляха ў салдата. Усё.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. Як сыходзіў Купалаўскі тэатар

Пасьля была іншая вайсковая частка, на захадзе Беларусі. І я зразумеў, што ранейшая мая частка была — узор боегатоўнасьці. Я ўсё ня мог зразумець, чаму сучасныя танкі страляюць на большую адлегласьць, чым супрацьтанкавыя гарматы. І як мая супрацьтанкавая батарэя можа змагацца з танкамі? Я ж не змагу да іх дастрэліць. На што мне было сказана: „Не умничай“. А ў якім стане на новым месцы была тэхніка! Уявіце: велізарная стаянка звычайных тэнтаваных „Уралаў“, якія стаяць пад адкрытым небам дваццаць гадоў. Дваццаць гадоў яны ня езьдзілі! Некаторыя машыны — з вайсковых частак, якія вывелі ў свой час з ГДР. У дакумэнтах уся гэтая тэхніка абслугоўвалася і змазвалася. Але фактычна нічога гэтага не было. І ўвесь гэты мэталялом лічыўся тэхнікай другой катэгорыі. Першая катэгорыя — гэта калі яны на заводзе. А як прыехалі з заводу — другая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Я прыйшоў прасіць звальненьня, бо эмацыйна выгараў“

У маёй былой частцы п’янства зусім не было. Падыходзіў, памятаю, камандзір і пытаўся, ці не здаецца мне, што ад прапаршчыка патыхае. А на новым месцы пэўныя афіцэры не маглі пайсьці на абед. Бо не маглі спусьціцца па крутых сходах пасьля п’янкі. Там я даведаўся, што такое “мандарынавая”. Гэта дзьве пляшкі гарэлкі і мандарынка. Для мяне гэта было дзіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Адразу пасьля выбараў нам у дзяржаўных СМІ на трыста рублёў падвысілі аклад“

Але канчаткова мяне дабіла спроба вэрбаваньня ў КГБ. Неяк камандзір выклікаў мяне і яшчэ некалькі афіцэраў у штаб. Прыходзім. Сядзіць за сталом немалады чалавек у цывільным. Перад ім ляжаць асабовыя справы. І пачынае расказваць, як добра служыць у КГБ. Як КГБ выразна адрозьніваецца ад Узброеных сілаў. Што падпалкоўнікі пасьля службы ў войску ідуць у вартаўнікі, а маёры КГБ ідуць дырэктарамі заводаў. І які заробак у іх цудоўная, і як у іх усё выдатна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. «Наш пратэст запавольваецца не ад таго, што мы ня палім пакрышак»

Я ўяўляў, што гэта будзе за служба. Ты паедзеш служыць далей у звычайную вайсковую частку, на звычайную пасаду. Але раз на тыдзень будзеш расказваць пра ўсе справы ў гэтай частцы. Сябры ў цябе будуць намінальныя. Бо ты мусіш усё пра іх расказваць. І калі будзеш добра пра іх расказваць, то праз колькі гадоў цябе перавядуць у Менск. Але гэта трэба заслужыць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Як можна працаваць у Адміністрацыі прэзыдэнта пасьля таго, што адбылося на Акрэсьціна“

Паклікаў мяне да стала. Паглядзеў асабовую справу. Куча падзякаў ад камандаваньня, добрыя характарыстыкі. І тут гэты гэбіст задае пытаньне: „А кім ты хочаш стаць? Якія ў цябе мэты ў жыцьці?“ „Ну, як — кажу, — як кожны афіцэр, хачу дасягнуць максымуму“. Той скрывіўся: „Ты што, генэралам хочаш стаць?“ — А чаму б і не?” І тут ён пачынае гартаць асабовую справу. „Дык ты ж з рабочых! — і пачынае сьмяяцца. — Ты што, хлопец? Гэта табе не Савецкі Саюз ужо. Генэралам захацеў стаць!“ Гэта было настолькі абразьліва, настолькі зьняважліва. Я спыніў гэтую гутарку: „Ня будзем марнаваць мой і ваш час“. Гэта было апошняй кропляй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няўжо так можа быць з той міліцыяй, у якой я працаваў?» Расповед міліцыянта, які звольніўся ў разгар пратэстаў

Цяпер жа гэта проста жах. Генэралы лічаць, што выстраіцца лінія фронту, артылерыя — бог вайны. Як у Другой сусьветнай. А былі ў міністэрстве афіцэры, якія спрабавалі зьмяніць баявую працу. Казалі, што цяпер задачы зусім іншыя. Мінулай вайны больш ня будзе. Усё будзе па-новаму. Патрэбныя мабільныя комплексы. Яны могуць рабіць рэчы, якія цяпер не апісаныя. І гэтых талковых палкоўнікаў ня тое што не дапусьцілі да міністэрства, іх прыбралі куды далей. Бо яны нешта хацелі зрабіць, а міністэрскім галоўнае — уседзець на месцы. Хай ніхто нічога ня робіць, абы ціха. Каб праверка прайшла спакойна і нічога нідзе не адбылося. А што ніхто ваяваць ня ўмее, — і чорт зь ім. Карацей, не ўстаім мы з такім войскам ні перад Вяйшнорыяй, ні перад Паляндыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад мужчынскай годнасьці ў гэтага рэжыму нічога не засталося», — баскетбольная зорка Алена Леўчанка

Я кантактую з сваімі калегамі. 9 жніўня нічога не было, 10-га таксама. А вось 11-га аб’явілі поўную баявую гатоўнасьць. Гэта значыць усіх афіцэраў, салдатаў і сяржантаў адклікалі з водпускаў і пасялілі ў казармы. Салдатам выдалі зброю і халастыя патроны. І, адпаведна, насадкі для стральбы халастымі патронамі. АК-74 так зроблены, што калі робіцца адзін стрэл, адбываецца ўзьвядзеньне аўтамата на другі стрэл. І ня трэба ўзводзіць замок. А сілы ад стрэлу халастым патронам не хапае, каб узьвёўся замок. Таму, каб можна было страляць чэргамі халастымі, прыкручваюць адмысловую насадку. Усе, хто служыў у войску, гэта цудоўна ведаюць. Баявымі з такой насадкай страляць нельга. І ўсе разумеюць, што шкоды такая зброя не нанясе. Таму калі я пра гэта даведаўся, я казаў людзям — вам трэба паберагчы салдатаў. Дарэчы, афіцэрам былі выдадзены баявыя. На выпадак, калі нешта пойдзе ня так. Я больш за салдатаў хваляваўся. Бо салдаты, якія стаяць з аўтаматамі з гэтымі насадкамі, — гэта мішэнь. Бо самае каштоўнае — гэта іхны аўтамат. Настроі былі такія, што казалі: „Мы нікога біць дакладна ня будзем. Але калі загадаюць, мы паедзем“. Бо кудысьці паехаць і недзе стаць — гэта не злачынны загад. Як яго ня выканаць? Невыкананьне загаду — гэта крымінальны артыкул. „Стаяць будзем, але біць нам не загадаюць“. Але здаровы сэнс перамог. Нікуды яны не паехалі. І праз два дні паехалі на вучэньні. Усё штатна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы кіраўнік прэзыдэнцкага пулу журналістаў звольніўся з АНТ і асудзіў міліцэйскі гвалт

Калі яшчэ я служыў, Лукашэнку ніхто не падтрымліваў. Усе зампаліты агітуюць заўсёды аднолькава. Што мы вайскоўцы, мы мусім галасаваць за галоўнакамандуючага. Так добра, як ён, нам ніхто ня зробіць. Але яны самі ня вераць у гэта. Многія афіцэры ня гэтулькі за Лукашэнку, колькі за статус-кво. Баяцца магчымага хаосу. Але чаго ніколі не было сярод маіх сяброў і знаёмых — жаданьня стаць часткаю расейскай арміі. Нават у цяжкія часы 2011 году, калі заробкі проста абрынуліся. Нягледзячы на тое, што гэта саюзныя войскі, гэта была чужая армія. Менавіта так яна ўспрымалася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад удзелу ў разгоне дэманстрацый можна адмовіцца». Гутарка з былым афіцэрам унутраных войскаў

Калі здарыўся Крым, мы гэта абмяркоўвалі з афіцэрамі: што было б у нас у падобнай сытуацыі. Дапусьцім, калі наш палкоўнік адмовіцца падпарадкавацца, яго ж могуць замяніць. І прыедзе добранадзейны таварыш, які загадае сядзець усім ціха. І гэта праблема. Як зразумець, калі загад робіцца злачынным? Гэта можа ўбачыць генэрал. А калі маёру загадаюць сядзець у казармах? Тое ж самае скажа капітан салдатам. І гэта была б вялікая праблема, калі б сюды ўвайшла расейская армія, а загаду не было б. Калі б быў загад, яны б пайшлі ў бой. А без загаду... Гэта бяда. Зразумела, калі б прыйшлі людзі ў іншай форме і загадалі здаць зброю — гэта агрэсія. А калі б прыехаў наш генэрал і загадаў — патроны загружаем і здаём у Менск, гэта іншая рэч. Як вызначыць здраду і як зь ёй змагацца, у Статуце Ўзброеных сілаў не напісана. Таму заракацца, што тут ня будзе Крыму… Тут Крыму ня будзе зь іншай прычыны. Тут няма крымчанаў. Людзей, якія масава выйдуць іх вітаць з расейскімі трыкалёрамі.