«Не магу маўчаць» — словы, якімі тлумачаць свой сыход зь дзяржаўнае працы людзі самых розных прафэсіяў. Калі вы зь іхнага ліку — напішыце нам пра сваю гісторыю і сваё рашэньне на адрас: radiosvaboda@gmail.com
Я даўно не гляджу тэлевізію. Хіба футбольныя матчы і пару перадач на „Беларусь-3“. Таму скрыня з БТ засталася ў маім далёкім юнацтве, дзе былі „Акалада“ і праграма „КРОК“, ток-шоў „Карамболь“ і „Ўсё нармальна, мама“. І чым сёньня „Беларусь-1“ адрозьніваецца ад АНТ, а АНТ ад СТВ, нават не плянаваў даведацца. Але гэтым летам выявілася тое, што іх аб’ядноўвае. Немалая наяўнасьць людзей годных, якім далёка ня ўсё роўна, што паказвае іх скрыня.
Мой суразмоўца, былы супрацоўнік АНТ Віктар Шумскі, меў, можна сказаць, ідэальную кар’еру. Народжаны ў Бабруйску, пасьля вучобы ў Беларускай акадэміі мастацтваў быў запрошаны на АНТ. Дзе даслужыўся да прэзыдэнцкага пулу. Але ж у кадры не працаваў, інтэрвію ў правадыра ня браў. Толькі мантажаваў сюжэты з палаца на праспэкце Пераможцаў. Здавалася б — перасядзі неспакойныя часы, перайдзі ў іншую рэдакцыю, вазьмі адпачынак за свой кошт. А там утрасецца. Твайго ж твару ў тэлескрыні не мільгала. Але годнасьць — такая няпростая хвароба, што нават фізычна ногі адмаўляюцца ісьці ў той будынак, куды хадзіў штодня. Ня кажучы ўжо пра рукі, якія немагчыма працягнуць для вітаньня. І нічога з гэтым зрабіць немагчыма. Толькі сысьці.
Віктар Шумскі, былы работнік АНТ:
— Часам журналісты, ствараючы патрэбную карціну, нешта дадаюць ад сябе. І з часам зьяўляецца бяльмо перадузятасьці. І чым гэта небясьпечна пры дыктатуры? Нядаўна ў інтэрвію ў Гардона Лукашэнка сказаў, што ён не карыстаецца інтэрнэтам. Да яго інфармацыя прыходзіць праз тэчкі. І можна толькі здагадвацца, як лёгка можна лабіяваць нечыя інтарэсы. Калі нейкаму гэбэшніку патрэбны „зорачкі“, ён ведае, што трэба дадаць у гэтую тэчку. І што атрымліваецца? Зьверху ідзе пэўны запыт журналістам, якія ім трэба рабіць сюжэты. І сюжэты ўжо не карэлююцца, а проста хлусяць.
Вось сюжэт, калі пацярпела дзіця ад сілавікоў. Усе ў курсе, што адбылося. Акрамя прэзыдэнта. Бо ён інтэрнэтам не карыстаецца. На БТ выйшаў сюжэт, яўна хлусьлівы. І атрымліваецца такое кола. Зьверху цісьне ідэалёгія, як трэба рабіць сюжэты. Факты скажаюцца. Прэзыдэнт глядзіць тэлевізар і сам пачынае верыць у тую хлусьню, якую сам пасеяў. Так ствараецца кругазварот хлусьні. Цяпер сьмяюцца з гэтага дыялёгу, перахопленага паміж Бэрлінам і Варшавай. А можа, камусьці з КГБ захацелася яшчэ адну „зорачку“, а прэзыдэнт у сілу ўзросту ўспрымае гэта ўсур’ёз. Сёньня тыя, хто валодае інфармацыяй, кіруюць тымі, хто не валодае. Таму, чым шырэйшымі крыніцамі мы карыстаемся, тым больш асэнсавана мы будзем прымаць рашэньні ў гэтым жыцьці.
Я стараюся быць па-за палітыкай. У Лукашэнкі ёсьць заслугі, за якія яго варта аддзячыць. Ён стварыў жорсткія рамкі, што можна рабіць, а што нельга. У нас няма такой разбэшчанасьці, як ва Ўкраіне ці Расеі. Калі ледзь не на кожным доме вісяць абвесткі ад прастытутак. Другі момант — наркотыкі. Ён, вядома, перагнуў у адным моманце. Падлеткі ўсё роўна, у сілу ўзросту, будуць каштаваць усё, што можна. Нельга за гэта даваць восем гадоў. Але ж трэба разумець, што з узростам пачынаецца дэмэнцыя. Чалавек можа забыцца прыняць пігулкі і аб’явіць вайну. Бо яму здаюцца ворагі паўсюль. Лепш сыходзіць своечасова, а не чакаць, калі мы ўсе будзем слухаць крактаньне нейкага дзеда ў фатэлі-гушкалцы.
На АНТ вельмі шмат добрых людзей. Людзей, якія хочуць звольніцца, але сем’і трымаюць. Ёсьць такія, якія жывуць „зь бяльмом“. Самі вераць у свой сьвет і не дапускаюць ніякай іншай інфармацыі. Калі вы прымаеце нейкі пункт погляду, дык заўжды знойдзеце яму апраўданьне. Я ведаю, што цяпер вельмі шмат пішуць журналістам на асабістыя старонкі. Вельмі шмат нянавісьці. Мо думаюць, што ад пагрозаў людзі звольняцца. Але, калі вы заганяеце чалавека ў кут... Калі ў яго і былі намеры звольніцца, дык цяпер ён прымае пазыцыю самаабароны. У многіх журналістаў пад ціскам ужо няма сумневаў, застацца ці сысьці. Прынялі рашэньне застацца. І ня толькі ж пішуць. Мая калега пісала, што яе мужа прыціснулі з пагрозамі, калі ён выходзіў з машыны. Зразумела, што гэта, магчыма, быў чалавек, у якога накіпела ці нехта з родных пацярпеў.
На АНТ была каманда людзей разважных і разумных. Тыя, хто ўсёй душой ненавідзяць апазыцыю, доўга ў нас не затрымліваліся. Не таму, што ў нас усе такія апазыцыянэры. Як правіла, людзі, поўныя нянавісьці, яны і прафэсіяналы ніякія. Яны выпадалі натуральным чынам. І калі зараз усе пазвальняюцца з АНТ, многія думаюць, што гэта будзе вялікі плюс. Расейцы, якіх завезьлі, яны ня думаюць, як акуратней і танчэй падаць. Яны проста месяць хлусьню. За грошы яны проста гатовыя сеяць усё, што сыплюць зьверху. Без адсеву.
Яшчэ на пачатку лета, калі толькі пачаліся сюжэты пра Бабарыку, мяне наведала думка, што пара звальняцца. У мяне ўжо на падкорцы нянавісьць да ўсяго праяўлялася. Хаця, здавалася б, за дванаццаць гадоў падобныя правакатарскія сюжэты і раней былі. Але раней я падобныя сюжэты разглядаў як спосаб кантролю ўстойлівай сыстэмы над народам. Калі вам прыходзілася кіраваць людзьмі, дык ведаеце: калі вам трэба тэрмінова нешта зрабіць, даводзіцца ўключаць дыктатара. Я разумеў, што нейкія рэчы дапушчальныя. Але летам я зразумеў, што пачынаюцца рэчы зусім не дапушчальныя. Калі ўжо няма тармазоў.
Я прыйшоў прасіць звальненьня, бо эмацыйна выгараў. Мяне не хацелі адпускаць. Казалі, ідзі ў адпачынак за свой кошт. Адпачнеш, падумаеш. Я вырашыў, а чаму сапраўды не падумаць? Але калі я пабачыў тое, што адбылося — зьбіваньні, згвалтаваньні... Я зразумеў, што дапушчальныя меры кіраваньня страцілі кантроль. І тут я ўжо ня мог сябе пераплюнуць. Я сышоў проста ў нікуды. Пра свой учынак зусім не шкадую. Звольніўся з чыстым сумленьнем. Разумею, што цяпер працоўных месцаў будзе яшчэ менш. Калі не знайду працу за пару месяцаў, у мяне тут побач мыйня машын. Папрасіцца на падпрацоўку не лічу нечым трагічным.
Я недаацэньваў беларусаў. Асабліва ў крэатыўнасьці. Калі дзяўчаты выходзяць на плошчу вязаць сьцяг. І акцыю назвалі „На плошчы зноў вязалі“. Альбо, калі чалавек у касьцюме „Пачакуна“ падбягае да міліцыянтаў. Ад аднаго гэтага Беларусь цяпер, напэўна, на слыху ва ўсяго сьвету.