«Не магу маўчаць» — словы, якімі тлумачаць свой сыход зь дзяржаўнае працы людзі самых розных прафэсіяў. Калі вы адзін зь іх, напішыце нам пра сваю гісторыю і сваё рашэньне на адрас: radiosvaboda@gmail.com
Я даўні падпісчык і чытач «Звязды». Яшчэ з тае пары, калі на «шапцы» побач з назвай газэты красавалася «Пагоня». Я такі стары, што нават памятаю аналітыку Валянціна Жданко. Ніколі не забуду бел-чырвона-белыя кветкі на каляровым фота з пахаваньня Васіля Быкава. На той час гэта ня проста хвіга ў кішэні, а амаль што выклік. Заўжды з задавальненьнем чытаў рубрыку «Народ на провадзе», дзе далёкія ад літаратуры людзі станавіліся пісьменьнікамі, апісваючы свае жыцьцёвыя анэкдоты. Таму я быў упэўнены, што «Звязда» не прамаўчыць. Калі б нумар за 11-га жніўня не зьявіўся ў кіёсках, «Звязда» была б цяпер у адным шэрагу з Купалаўскім. Але ня здарылася.
Ірэна Кацяловіч нарадзілася ў Відзах. На журфаку, дзе яна вучылася, выкладала загадчыца аддзелу культуры «Звязды» Ларыса Цімошык. Таму ў студэнткі не стаяла пытаньня, дзе надрукаваць сваю першую рэцэнзію на фільм «Белыя Росы. Вяртаньне». Туды ж, у «Звязду», дзяўчына разьмеркавалася пасьля вучобы.
Ірэна Кацяловіч, кінакрытык:
„Існуе легенда пра нейкую своеасаблівую атмасфэру ў «Звяздзе». Якая заўсёды там была. Магчыма, у параўнаньні зь іншымі мэдыя «Звязда» сапраўды асаблівая — яна мае гераічную гісторыю, у холе рэдакцыі вісяць партрэты расстраляных рэдактараў, тут ніколі не зьнікаў піетэт да беларушчыны, у гэтых сьценах выпівалі нашы клясыкі, а ў маім кабінэце дагэтуль стаяць чаркі ад Бураўкіна. Трэба было іх забраць. Калі я звольнілася, мне сказалі, што былых зьвяздоўцаў не бывае.
Сапраўды, «Звязда» зьбірала ў рэдакцыі людзей з пазыцыяй. Не абы-якіх. У тым ліку і празь беларускую мову. Ад таго, што гэта адзіная дзяржаўная беларускамоўная газэта, зь якой нельга штосьці зрабіць, бо трэба ж хаця б вонкава падтрымліваць беларускую мову, «Звязда» выйгравала. Яна атрымлівала субсыдыі ад дзяржавы, але ў той жа час да яе не было такіх патрабаваньняў, як да іншых мэдыя. Нас, здаецца, асабліва не чапалі і не прымушалі ліць нейкую брудную прапаганду. Выйсьце для «Звязды» было ў ігнараваньні. У неабавязковасьці пісаць нешта наўмыснае, з ухваленьнем і прапагандай.
Мне было камфортна працаваць у «Звяздзе», бо ў мяне там было адасобленае месца, дзе я магла займацца сваім кіно. Магла апублікаваць рэцэнзію на хоць які фільм. Нават не цікавы шырокім масам. Незалежна ад тых крытэраў, якімі кіруюцца астатнія мэдыя — папулярнасьць, гучнасьць, прагляды і гэтак далей. Гэта быў вельмі камфортны і для тэмы культуры, па-мойму, адзіна правільны фармат работы: «Звязда» выбірала, што вартае ўвагі, а не рэзанансныя падзеі выбіралі «Звязду».
Калі ведаеш наш мэдыярынак, разумееш, што іншага такога месца, можа, і няма. Але заўсёды быў невялікі дысананс ад таго, што... Вось у цябе ёсьць утульнае месца, а ёсьць жа яшчэ газэта. Я яе звычайна не чытала, але ведала, як яна рэагуе на падзеі ў краіне. Ад гэтага можна было адасабляцца да пэўнага моманту. Менавіта да гэтых выбараў, калі быць датычным да такой мадэлі ўжо стала няёмка. Я разумею, як існуе гэтая сыстэма, у працы «Звязды» для мяне не было ніякіх сюрпрызаў, але калі выданьне ня можа напісаць пра гвалт з боку ўладаў, для мяне гэта занадта. Таму трэба было выбіраць: у камфорце працягваць пісаць рэцэнзіі альбо сыходзіць і такім чынам выказваць сваю пазыцыю. Калі мы рыхтавалі забастоўку, я ўжо разумела, што гэта адтэрміноўка майго сыходу.
Натхнёныя “Маршам свабоды”, мы паспрабавалі зрабіць страйк. Спачатку калектывам кансалідавана прыйшлі з прапановай да Паўла Сухарукава, галоўнага рэдактара: “Давайце ўжо працаваць нармальна. Краіна іншая. Няўжо мы ня маем права весьці самастойную рэдакцыйную палітыку?” Ён сказаў, што паедзе ў Міністэрства інфармацыі і перадасьць нашы патрабаваньні. Міністэрства іх не задаволіла.
Тым часам журналісты пачалі рыхтаваць нейкія кампрамісныя тэксты. Паверылі, што гэта можна будзе публікаваць. У гэты ж дзень прыехала галава ідэалягічнага ўпраўленьня АП Вольга Шпілеўская. Гэта была даволі дзіўная размова. Яна старалася нас перацягнуць на свой бок. Казала, што мы ня ўсё разумеем. Карацей, пераконвала вядомымі шаблёнамі пра ўплыў з-за мяжы, пра мэтадычкі і гэтак далей. Яна засталася вельмі незадаволенай, бо яе сустрэлі ня ветліва. У гэты ж дзень мы паставілі пытаньне ў калектыве — выдаваць газэту ці не. Калі б мы ня выдалі на наступны дзень, гэта была б наша форма пратэсту. Але кіраўніцтва выступіла за тое, каб выдаваць.
Так ці інакш, мы разыходзіліся з думкай, што тыя кампрамісныя тэксты, якія рыхтаваліся, будуць апублікаваныя. Але а 10-й вечара галоўны рэдактар іх зьняў. А праз пару дзён з пасады зьнялі самога рэдактара. На яго месца прыйшоў былы міністар інфармацыі і былы галоўны рэдактар «Звязды» Алесь Карлюкевіч. Першае, што ён зрабіў, — папрасіў прыбраць з сайта рэпартаж з “Маршу свабоды”. Які-ніякі, стрыманы, але ён быў. Таксама папрасілі прыбраць з сайта перадвыбарчую праграму Ціханоўскай. Рэдакцыя сайта прыбрала тады ўсе праграмы. Каб не выглядала недарэчна. Зразумела, што ён прыйшоў з абсалютна адкрытай задачай закручваць гайкі. І ёсьць людзі, гатовыя дапамагаць яму гэтую задачу выконваць.
Калі нашага былога рэдактара звольнілі, мы пачалі пісаць зварот да страйку. Паводле заканадаўства для страйку патрэбна ня менш за 51% подпісаў працоўных. Усяго холдынгу, а ня толькі рэдакцыі газэты. Мы не сабралі патрэбную колькасьць. Трэба было 89, а нас было 75. У пэўны момант некаторыя альбо самі, альбо пасьля размовы з начальствам спалохаліся і забралі свае подпісы. Усё б здарылася, калі б мы выступілі больш кансалідавана. Але страх працуе. Бухгальтэрыя, напрыклад, баялася праверкі: нескладана ж сфабрыкаваць нейкую справу. Так страйк не адбыўся і пяць чалавек напісалі заявы на звальненьне. Калі б была забастоўка, гэта была б прыгожая гісторыя, але мы сышліся на тым, што нават нашы намеры ну хаця б крыху вылучылі «Звязду» ў гэтым пратэсьце. Хоць на нейкі працэнт яны абяляюць выданьне. Нягледзячы на гэтыя перамены, на новае кіраўніцтва, на тое, што цяпер там публікуецца і будзе публікавацца. Нават гэтыя некалькі спробаў, яны ўжо ўвойдуць у гісторыю.
Гэтая гісторыя выціснула з газэты людзей культуры. Чамусьці не з аддзелу палітыкі, які, здавалася б, у самай складанай сытуацыі. Сышлі фатограф Тацяна Ткачова, журналістка Вікторыя Целяшук, стыльрэдактар і паэт Віктар Лупасін. Асабіста мне было шкада траціць месца для маіх кінарэцэнзій. Але гэта ня значыць, што я шкадую аб сваім рашэньні. Нават рэалізацыя сябе як кінакрытыка (а кіно для мяне шмат значыць) ня вартая таго, каб ціха прызнаваць, што ты згодны з тым, што адбываецца ў краіне. І быць датычным да гэтага ігнараваньня. Баюся, цяпер у «Звяздзе» будзе ня проста ігнараваньне, а асэнсаваная прапаганда. А мне працы пакуль хапае. Як толькі я сышла, здалося, што сьвет бязьмежны. Гэтае адчуваньне зьявілася на кароткі час, але перажываць яго хоць зрэдчас вельмі карысна.
Бойка з АМАПам — гэта ня той паказчык, па якім можна ацэньваць, баязьлівы народ ці не. Наш мірны пратэст не паказвае на нейкую нерашучасьць, а толькі на тое, што нармальны беларус фізычна не ўспрымае гвалт. І гэта цудоўна, што гвалт з боку ўлады не спарадзіў гвалту з боку народу. Гэта сьведчыць пра нас як пра цывілізаваную нацыю, і яна не стамляецца крок за крокам ісьці наперад, з болем і горкім гумарам настойліва выказваць сваю думку.
Адзінае, што замінае, — страх. Дарэчы, у адрозьненьне ад цывілізаванасьці, не натуральная, а выхаваная беларуская якасьць. Яго спарадзіў і размножыў спачатку Савецкі Саюз, а потым наша сыстэма, дзе баісься быць пакараным нават за выказаную якім-небудзь далёкім сваяком думку. Я часта бачу страх у паводзінах людзей — ён ёсьць у маіх бацькоў, у знаёмых; у тых, каму я прапаную інтэрвію. Я разумею яго прыроду, яго моц і яго трываласьць, але кожны раз, калі станаўлюся яго сьведкай, мне балюча. Балюча разумець, што я таксама баюся. Калі б мы здолелі яго пераступіць у большых маштабах, мы б цяпер, магчыма, былі ў новай Беларусі.
Наш пратэст запавольваецца зусім не таму, што мы ня палім пакрышак, а таму, што мы дагэтуль думаем, ці варта ставіць подпіс пад зваротам, ці не. Шмат хто аддае перавагу маўчаньню — як былая супрацоўніца хітрай «Звязды», што папросту ігнаравала вострыя моманты, я гэта таксама прымаю за тактыку. Крыху ў нашых варунках амаральную, але тактыку. У цэлым жа хай сабе будуць гэтыя страхі і маўчаньне. Ужо тое, што, нягледзячы ні на што, беларусы зрабілі і робяць кожны дзень, — неймаверна“.