Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 6 жніўня на нарадзе аб бясьпецы выбарчай кампаніі даручыў запрасіць у Беларусь генэральных пракурораў Расеі і Ўкраіны для разгляду ў сытуацыі з затрыманымі баевікамі, паведамляе БелТА.
«Сядзьце ўтрох. Рабіце, як вы лічыце патрэбным. На падставе нашых законаў, міжнародна-прававых актаў прыміце рашэньне па гэтых хлопцах. Як прымеце ўтрох, так і будзе», — сказаў Лукашэнка, гаворачы пра генэральных пракурораў Беларусі, Расеі і Ўкраіны, але дадаў, што калі генпракуроры Расеі і Ўкраіны не прыедуць, «вырашым мы, бязь іх».
Ён падкрэсьліў, што дзейнічаць трэба на падставе законаў і, «вельмі важны нюанс, чалавечнасьці», бо «законы ня ўсё прадугледжваюць, яшчэ трэба зыходзіць з чалавечага фактару».
«Ніякай палітызацыі быць не павінна. Нам ня трэба спэктаклі ні палітычныя, ні эканамічныя. І палохаць нас таксама ня трэба наступствамі. Мы ведаем пра ўсё наступствы. Ня трэба нас палохаць амэрыканцамі, натаўцамі. Не амэрыканцы i ня натаўцы сюды даслалі 33 чалавекі, калі ўжо на тое пайшло», — заявіў кіраўнік Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму выгадная справа «вагнэраўцаў» у Беларусі?У ноч на 29 ліпеня супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 баевікоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Яшчэ аднаго затрымалі пазьней на поўдні Беларусі. Усе затрыманыя — грамадзяне Расеі, але некаторыя зь іх маюць і ўкраінскі пашпарт.
Паводле ўкраінскага цэнтру «Миротворець», большасьць зь іх датычныя да баявых дзеяньняў на тэрыторыі ўкраінскага Данбасу.
31 ліпеня стала вядома, што Беларусь афіцыйна перадала Ўкраіне сьпіс затрыманых. Праваахоўныя органы і ўлады Ўкраіны зьвярнуліся да Беларусі з просьбай выдаць іх Украіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спроба схаваць „хвост“ у Расеі — глупства». Лукашэнка заслухаў даклад пра «справу баевікоў»5 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі папрасіў Лукашэнку перадаць Украіне затрыманых 29 ліпеня 33 расейскіх «баевікоў» ПВК «Вагнэр», большасьць зь якіх датычныя да баявых дзеяньняў на тэрыторыі ўкраінскага Данбасу, каб «прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасьці згодна зь дзейнымі міжнародна-прававымі дакумэнтамі».
Лукашэнка адказаў Зяленскаму, што беларускія праваахоўныя органы «будуць супрацоўнічаць у гэтым пытаньні ў рамках падпісаных з Расеяй і Ўкраінай міжнародных пагадненьняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі папрасіў Лукашэнку перадаць Украіне «вагнэраўцаў». Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць да супрацыПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.