Аляксандар Лукашэнка заслухаў даклад старшыні КДБ Валера Вакульчыка і старшыні Сьледчага камітэту Івана Наскевіча пра сытуацыі з затрыманымі расейцамі са складу прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».
Пра гэта паведамляе агенцтва БелТА.
«Я гляджу, прымоўклі і нашы старэйшыя браты. Ужо не крычаць, што яны пасылалі гэтых хлопцаў у Стамбул. Ніякага Стамбулу не было і быць не магло, як аказалася на паверку. Ясна, што ў гэтай групы былі іншыя мэты. І задача сьледзтва — высьветліць гэтыя мэты», — цытуе Лукашэнку агенцтва.
Ён папрасіў адносіцца да затрыманых акуратна. «Яны, вядома, вінаватыя, але не настолькі, каб у дачыненьні да іх прымаць нейкія жорсткія меры. Гэта салдаты. Ім загадалі — яны пайшлі. Разьбірацца трэба з тымі, хто загадваў, хто іх сюды пасылаў», — сказаў Лукашэнка.
«Малайцы, што высьветлілі, што гэта першая група», — пахваліў беларускіх сьледчых кіраўнік дзяржавы. — Я так разумею, гэта толькі першая група з 180 або 200 чалавек, якая плянавалася да перакідкі ў Беларусь. І прытым, калі я гэта кажу (я прачытаў даклад), гэта дакладныя дадзеныя сёньня. І спроба там цяпер схаваць «хвост» у Расеі і сказаць, што вось ледзь не яны з намі ўзгаднілі прыезд гэтай групы, гэта поўнае глупства».
Лукашэнка падкрэсьліў, што беларускі бок адкрыты для ўзаемадзеяньня ў сытуацыі, якая склалася: «На хлусьні мы палітыку не пабудуем. Перакрыкваючы адзін аднаго ў СМІ, пытаньне ня вырашым. Таму, калі ў кагосьці ёсьць жаданьне з расейцаў атрымаць дадатковую інфармацыю, мы заўсёды адкрытыя. Мы нічога не хаваем, але нам патрэбна праўда».