Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Зяленскі папрасіў Лукашэнку перадаць Украіне «вагнэраўцаў». Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць да супрацы

Зяленскі папрасіў Лукашэнку перадаць Украіне «вагнэраўцаў». Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць да супрацы


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі правёў тэлефонную размову з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

«Спадзяюся, што падазраваных у тэрарыстычнай дзейнасьці на тэрыторыі Ўкраіны нам перададуць для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці згодна зь дзейнымі міжнародна-прававымі дакумэнтамі», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.

Пазьней у афіцыйным паведамленьні прэсавая служба Ўладзіміра Зяленскага дадала, што кіраўнікі дзяржаў дэталёва абмеркавалі пытаньні, зьвязаныя з затрыманьнем групы асобаў, якія належаць да прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».

«Была адзначана важнасьць далейшага эфэктыўнага ўзаемадзеяньня кампэтэнтных органаў дзьвюх краін, у прыватнасьці, у кантэксьце іх перадачы Ўкраіне», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы прэзыдэнта Ўкраіны.

Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць да супрацы

Паводле прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі, тэлефонная размова з Уладзімірам Зяленскім была прысьвечаная найперш разьвіцьцю двухбаковых адносін, падрыхтоўцы да правядзеньня сёлета ўвосень у Горадні трэцяга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны.

«Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Зяленскі таксама абмеркавалі эпідэміялягічную сытуацыю ў краінах, меры па барацьбе з распаўсюдам каранавірусу, абмяняліся назапашаным у гэтым пляне досьведам. Размова таксама ішла аб узмацненьні памежнага кантролю на беларуска-ўкраінскай мяжы і актывізацыі ўзаемадзеяньня паміж памежнымі ведамствамі», — адзначаецца ў паведамленьні на афіцыйным сайце Лукашэнкі.

Інфармацыю аб просьбе Зяленскага выдаць Украіне «вагнэраўцаў» прэсавая служба Лукашэнкі сфармулявала наступным чынам:

«Уладзімір Зяленскі закрануў у размове пытаньне аб затрыманых у Беларусі баевіках. Ён праінфармаваў, што яны ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях на Данбасе, і ўкраінская пракуратура вядзе расьсьледаваньне па дадзеных фактах. Аляксандар Лукашэнка, у сваю чаргу, адзначыў, што праваахоўныя органы будуць супрацоўнічаць па гэтым пытаньні ў рамках падпісаных з Расеяй і Ўкраінай міжнародных пагадненьняў».

У ноч на 29 ліпеня супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 баевікоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Яшчэ аднаго затрымалі пазьней на поўдні Беларусі. Усе затрыманыя — грамадзяне Расеі, але некаторыя зь іх маюць і ўкраінскі пашпарт.

Паводле ўкраінскага цэнтру «Миротворець», большасьць зь іх датычныя да баявых дзеяньняў на тэрыторыі ўкраінскага Данбасу.

31 ліпеня стала вядома, што Беларусь афіцыйна перадала Ўкраіне сьпіс затрыманых. Праваахоўныя органы і ўлады Ўкраіны зьвярнуліся да Беларусі з просьбай выдаць іх Украіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG