Міністэрства замежных справаў Беларусі паведаміла 30 ліпеня пра размовы з амбасадарам Расеі Дзьмітрыем Мезенцавым і часовым павераным у справах Украіны ў Беларусі Пятром Ўрублеўскім у сувязі з заявамі пра затрыманьне ў Беларусі 33 баевікоў ПВК «Вагнэр».
Да расейскага боку «даведзеная прадметная інфармацыя аб затрыманай праваахоўнымі органамі напярэдадні на тэрыторыі Беларусі групе расейскіх грамадзянаў, якая належыць да так званай прыватнай вайсковай кампаніі „Вагнэр“», паведамляе МЗС.
У амбасадара Расеі папрасілі «грунтоўных тлумачэньняў наконт мэтаў і іншых аспэктаў прыбыцьця і знаходжаньня ў нашай краіне названай арганізаванай групы асобаў, многія чальцы якой маюць даказаны досьвед удзелу ва ўзброеных канфліктах». Раней беларускія сілавікі заяўлялі, што расейскія калегі з ФСБ або ГРУ не папярэджвалі беларускі бок аб перасоўваньні нейкіх расейскіх вайскоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раўкоў: Рэшту з 200 баевікоў шукаюць у Беларусі, затрыманых падазраюць у падрыхтоўцы тэракту«З улікам пацьверджаных зьвестак аб удзеле шэрагу затрыманых у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны, украінскага паходжаньня і наяўнасьці таксама ўкраінскага грамадзянства ў некаторых зь іх» інфармацыю запыталі і ў прадстаўніка Ўкраіны Пятра Урублеўскага. Першапачаткова дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што ўсе затрыманыя маюць расейскае грамадзянства.
«Беручы пад увагу пазначаны насьцярожвальны факт, а таксама правядзеньне цяпер у Беларусі выбарчай кампаніі», МЗС Беларусі дамовілася з украінскім бокам аб «актывізацыі ўзаемадзеяньня паміж памежнымі ведамствамі і ўзмацненьні памежнага рэжыму ў мэтах недапушчэньня дэстабілізацыі становішча ў абедзьвюх краінах».
У паведамленьні МЗС ня згадваецца жаданьне Службы бясьпекі Ўкраіны дамагчыся экстрадыцыі затрыманых, а таксама заява дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі аб узмацненьні «апэратыўнага прыкрыцьця» мяжы з Расеяй.
Амбасада Ўкраіны пазьней паведаміла, што беларускі бок «зьвярнуўся наконт праверкі датычнасьці затрыманых да злачынстваў ва Ўкраіне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў будзе настойваць на экстрадыцыі затрыманых у Беларусі «вагнэраўцаў», — СБУ