Служба бясьпекі Ўкраіны разьлічвае на экстрадыцыю затрыманых беларускімі праваахоўнікамі баевікоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».
«Гаворка ідзе пра тых, хто ваяваў на Данбасе і супраць якіх у нас заведзеныя крымінальныя справы. Такі запыт найбліжэйшым часам будзе падрыхтаваны ў Офісе генэральнага пракурора, згодна з заканадаўствам», — паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе СБУ.
Міністэрства замежных спраў Украіны пацьвердзіла, што “пытаньні магчымай экстрадыцыі ці іншых прававых дзеяньняў будуць вырашацца адпаведнымі праваахоўнымі і спэцыяльнымі органамі».
«Украіна даўно папярэджвала, што прадстаўнікі расейскіх акупацыйных сілаў і незаконных узброеных фармаваньняў, якія ўдзельнічалі ў ваенных дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны, выкарыстоўваюцца ў іншых частках сьвету і ўяўляюць пагрозу. Выяўленьне гэтых баевікоў у Беларусі пацьвярджае гэты факт і дазваляе выказаць здагадку, што яны могуць быць выкарыстаны для дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў», - адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы замежнапалітычнага ведамства Ўкраіны.
У МЗС Украіны чарговы раз падкрэсьлілі, што зацікаўленыя ў разьвіцьці зь Беларусьсю добрасуседзкіх дачыненьняў і цалкам падтрымліваюць сувэрэнітэт і незалежнасьць беларускай дзяржавы.
У ноч на 29 ліпеня, як сьцьвярджаюць беларускія дзяржаўныя СМІ, супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 баевікоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Яшчэ аднаго затрымалі пазьней на Гомельшчыне. Усе затрыманыя — грамадзяне Расеі.
Паводле інфармацыі ўкраінскага цэнтру «Миротворець», траціна зь іх — ураджэнцы Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны, якія, апроч расейскіх, маюць і ўкраінскія пашпарты. Прозьвішчы 24 затрыманых былі раней уключаныя ў базу вайсковых злачынцаў, яшчэ 9 дадалі туды пасьля іхнага затрыманьня ў Беларусі.