Вяргілій Ушак, які праходзіць у крымінальнай «справе Ціханоўскага», нечакана выйшаў зь СІЗА ўвечары 29 ліпеня. Ён ужо даехаў дадому і падзяліўся першымі ўражаньнямі на волі.
«Я не зьбіраўся выходзіць. Але вы ўсе наактыўнічалі, вось і пад вашым націскам [давялося]», — кажа Вяргілій пра сваё вызваленьне з удзячнасьцю журналістам.
Чаму яго вызвалілі, ён ня ведае. Статус абвінавачанага за ім захаваўся. Выхад зь СІЗА стаў для яго нечаканым. Ужо намаляваў чарговыя паштоўкі для сваёй нявесты Надзеі, якія так і не пасьпеў адправіць.
«Думаў, што выйду нейкім крутым, а выйшаў вельмі недарэчна», — прызнаецца Вяргілій.
Ён ня мог загадзя нікога папярэдзіць пра вызваленьне, таму яго ніхто не сустракаў. Калі выйшаў, пачаў шукаць тэлефон, каб патэлефанаваць блізкім. У мінакоў папрасіць баяўся. На пошце тэлефона не было. Убачыў «хуткую дапамогу», там яму далі патэлефанаваць, але хлопец пераблытаў нумар і ня трапіў, куды хацеў. Так ён ішоў па вуліцах, ажно пачуў, як нейкая дзяўчына яго гукнула па імені. Аказалася, яна ведала пра Вяргілія з навінаў, дасылала яму паштоўкі, мела нумар Надзеі.
«Цяпер мы з Надзеяй сустрэліся на праежджай частцы... Мы пабеглі і ўрэзаліся. Я нават акуляры свае паламаў, самыя лепшыя акуляры, якія меў са студэнцтва», — расказвае Вяргілій.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні асудзілі відэаапэратара блогера Ціханоўскага за тое, што нібыта ён здымаў і размахваў рукамі адначасоваПакуль ён мае абдумаць, што можа казаць публічна, а што не. Да таго ж трэба даведацца, ці захавалася за ім працоўнае месца.
Неўзабаве Вяргілій і Надзея плянуюць пажаніцца.
Вяргілій Ушак — чацьверты зь фігурантаў «справы Ціханоўскага», каго выпусьцілі зь СІЗА. Перад ім вызвалілі гарадзенцаў Сяргея Калмыкова, Уладзімера Навуміка, Васіля Баброўскага.
Вяргілію Ушаку 26 гадоў. Жыве ў Менску. Не жанаты. Раней ня быў знаёмы ні з кім з каманды Ціханоўскага. Прыйшоў на палітычны пікет 29 траўня ў Горадні ўпершыню, каб паспрабаваць сябе ў ролі відэаапэратара. Вёў стрым з часткі пікету. Затрымалі яго разам зь Ціханоўскім.
Ён праходзіць па крымінальнай «справе Ціханоўскага». Да таго ж яго асудзілі за тую самую сытуацыю па адміністрацыйных справах — вінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі. Атрымаў 7 сутак, якія яшчэ не адбыў.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.