Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўскаму падоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай да канца верасьня


Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота
Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

29 ліпеня зьняволенаму па крымінальнай справе блогеру Сяргею Ціханоўскаму, якога праваабаронцы прызналі палітвязьнем, чарговы раз працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай — гэтым разам да 29 верасьня.

Пра гэта паведаміла ў Фэйсбуку жонка Сяргея Ціханоўскага, кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.

«Сябры, Сяргею працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай да 29 верасьня. На жаль, для нас гэта ня стала нечаканасьцю. Але гэта ня выбіла яго з каляіны. Ён мой герой!» — напісала Сьвятлана Ціханоўская.

Папярэдні раз тэрмін утрыманьня Ціханоўскага працягнулі 9 ліпеня — яшчэ на два месяцы, да дня прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня.

Сяргей Ціханоўскі зьбіраўся ісьці ў кандыдаты ў прэзыдэнты, але ягоную ініцыятыўную групу адмовіліся рэгістраваць (ён на момант рэгістрацыі быў пад арыштам). Зарэгістравалі ініцыятыўную групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай — Сяргей стаў кіраўніком ейнай групы.

29 траўня на выбарчым пікеце ў Горадні Сяргея Ціханоўскага затрымалі . Пазьней у кватэры маці Ціханоўскага ў Гомлі і на яе лецішчы пад Гомлем, а таксама ў студыі Сяргея Ціханоўскага ў Гомлі прайшлі ператрусы — сьцьвярджалася, што на лецішчы нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Разам з блогерам затрымалі каля дзясятка сяброў ініцыятыўнай групы ягонай жонкі, а таксама выпадковых людзей, якія прыйшлі на пікет.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG