Мянчук Дзьмітры Канапелька апынуўся ў РУУС, пасьля таго як прыйшоў у КДБ пакінуць хадайніцтва, каб Віктару Бабарыку зьмянілі меру стрыманьня.
«Дэмакратыі ў нас няма і яе мэханізмы не працуюць»
«Хацеў хутчэй трапіць у КДБ, бо на вуліцы хапалі, а як зайшоў, аказаўся ў пастцы», — гэтак пачаў свой расповед пра падзеі 28 ліпеня мянчук Дзьмітрый Канапелька. Ён адгукнуўся на заклік каардынатаркі штабу Віктара Бабарыкі Марыі Калесьнікавай падаваць паручальніцтвы за Віктара Бабарыку, каб яго вызвалілі з-пад арышту.
Дзьмітрый прыйшоў да бюро прапускоў КДБ на вуліцы Камсамольскай пасьля 17 гадзіны, калі ўжо было вядома пра затрыманьні такіх, як ён, паручальнікаў.
«На хвілінку стала страшна, але я ж думаў, што галоўнае — трапіць у будынак, а не заставацца на вуліцы, дзе ў любы момант маглі схапіць. І вось заходжу. Чалавек у зялёнай форме зь белай маскай на твары ветліва праводзіць мяне кудысьці ў бок па калідоры, і праз 5 мэтраў я ў паўцёмным пакоі, дзе сядзяць нейкія людзі ў такой жа вопратцы, чалавек 5, ды загадваюць мне адключыць тэлефон. Кажу ім, што я наконт паручальніцтва пра Бабарыку, але нават ня слухаюць.
Тут заходзіць амапавец у чорным, перапытвае пра тэлефон і выводзіць мяне ў дворык, дзе ўжо стаіць аўтазак. І я разумею, што пастка зачынілася, прычым я сам у яе трапіў», — кажа Дзьмітрый Канапелька.
Пры гэтым на пытаньне, ці не шкадуе, што пайшоў у КДБ, і ці ня лічыць, што ініцыятыва наконт падачы паручальніцтваў за Бабарыку ў КДБ падобная да правакацыі, без сумневу адказвае — «не».
«Ініцыятыва насамрэч дакладная, бо зноў дэманструе, што сыстэма працуе ня ў той бок, як трэба. Ты ідзеш ва ўстанову бясьпекі па бясьпеку, а аказваецца наадварот. Як побач з Цэнтравыбаркамам хапалі людзей, якія прыйшлі са скаргамі, гэтак і ў КДБ хапаюць тых, хто нясе паручальніцтва. То бок нібыта лад краіны дэмакратычны, а насамрэч гэта фэйк, дэмакратыі ў нас няма і яе мэханізмы не працуюць», — мяркуе Дзьмітрый Канапелька.
«Паглядзім, колькі прыйдзе на пікет Ціханоўскай»
Паводле Дзьмітрыя Канапелькі, з КДБ яго разам яшчэ прыкладна з 20 мужчынамі і дзяўчатамі адвезьлі ў Фрунзенскі РУУС, дзе пратрымалі да 9-й вечара. За гэты час запісалі тлумачэньні, сфатаграфавалі, узялі адбіткі пальцаў. На выхадзе з РУУС Дзьмітрый пазнаёміўся з каардынатарам штабу Бабарыкі Марыяй Калесьнікавай, якая, зь яго словаў, «там дзяжурыла, каб іх падтрымаць».
«Паспачувала? Ды чаго нам спачуваць, мы ж ня нейкія там... Пафоткаліся, пасьмяяліся. Насамрэч спачуваць трэба тым, хто гэтае трызьненьне выконвае. На ніводным з этапаў, ані ў КДБ, ані ў міліцыі ня бачыў выканаўцаў, у каго б, як той казаў, гарэлі вочы ад іхнай працы. Усе разумеюць, што робяць нешта, ад чаго б хацелі, але ня могуць адмовіцца. Вось ім трэба паспачуваць, бо любы чалавек мае патрэбу ў прызнаньні важнасьці сваёй працы, а тут такога, відавочна, няма», — мяркуе Дзьмітрый.
Пры гэтым Дзьмітрый Канапелька заўважае, што ўчорашнія «мяккія» затрыманьні ў КДБ могуць аказацца больш эфэктыўнымі, чым ранейшыя брутальныя разгоны на вуліцах.
«Мне падабалася, як грамадзтва адказала на затрыманьні каля крамы Symbal. by, калі на наступны дзень там паўсталі новыя чэргі. Але, баюся, пасьля ўчорашняга такога ня будзе. Вось паглядзім, як людзі ўспрымуць учорашні „хапун“, колькі прыйдзе на пікет Ціханоўскай, бо калі ім удасца запалохаць людзей ды разьяднаць, улады перамогуць. Хоць яшчэ спадзяюся, што ў іх не атрымаецца», — сказаў Дзьмітрый Канапелька.
Дзьмітрыю 36 гадоў, ён займаецца ІТ-бізнэсам. На пытаньне, ці ня думае эміграваць зь Беларусі, адказаў, што такую магчымасьць не выключае.
«Ужо прыглядаюся да Грузіі. Там няма пакуль такой інфраструктуры для ІТ, якая ўжо ёсьць у нас, але больш свабоды. Аднак яшчэ ня вырашыў, спадзяюся, што застануся тут».
Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць
- Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
- У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
- 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
- Віктар Бабарыка віны не прызнае.
Хроніка перасьледу
- 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
- 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
- Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
- 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
- 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
- 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
- Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
- 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
- Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
- 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
- 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
- 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
- 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
- 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
- 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
- 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
- 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку». Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
- У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.