Сёньняшнія выступы кандыдатаў пакінулі вельмі няроўнае ўражаньне. Андрэй Дзьмітрыеў і Сьвятлана Ціханоўская выступілі лепш, чым тыдзень таму. А Сяргей Чэрачань і Ганна Канапацкая — горш.
Дзьмітрыеў пераканаўча даводзіў, што большасьць беларусаў сёньня выступае супраць «старога прэзыдэнта». Ён выклаў сваю праграму рэформаў, зразумелых грамадзтву, якую трэба правесьці за год, да правядзеньня новых выбараў. Прыводзіў прыклады з жыцьця, што стварала адчуваньне шчырай размовы з народам. Выказаў салідарнасьць з арыштаванымі альтэрнатыўнымі прэтэндэнтамі, падтрымку Сьвятлане Ціханоўскай. Але ў канцы сапсаваў свой выступ узгадкай пра другі тур. Бо ўсім вядома, што сёньня другога туру ў Беларусі быць ня можа. Гэта такі спосаб апраўданьня таго, чаму ён ня хоча здымацца на карысьць Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітрыеў паабяцаў правесьці новыя выбары праз годСьвятлана Ціханоўская была больш падрыхтаваная для тэлевізійнага выступу, чым мінулы раз. Гаварыла яна 25 хвілін, а не 15, як тыдзень таму. Яна дакладна выступала ў вобразе не палітыка, а чалавека з народу. Яе прамова была ня столькі палітычная, колькі эмацыйная. Хоць і вельмі палемічная. Яна пасьлядоўна абвяргала закіды дзяржаўных мэдыя, казала, што майдан рыхтуе сам Лукашэнка, ня варта баяцца, што зьнікнуць пэнсіі, і інш. А ў заключнай частцы намалявала вобраз будучай ідэальнай Беларусі. Што выглядала як закамуфляваная праграма кандыдата.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі гэтая ўлада адыдзе, мы здабудзем свабоду». Другі выступ Ціханоўскай на БТСяргей Чэрачань зрабіў крок назад. Мінулым разам ён выклаў праграму дэмакратычных, лібэральных рэформаў. Цяпер ён зьвёў усю прамову ўсяго толькі да падтрымкі бізнэсу. І фактычна гэтым абмежаваўся. Гэта нейкая прэтэнзія на тое, каб пасьля выбараў стварыць бізнэс-асацыяцыю і стаць галоўным у краіне па лабіраваньні інтарэсаў прадпрымальніцтва ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэрачань на БТ расказаў пра «сваіх» і «чужых» у бізнэсеГанна Канапацкая выступіла горш, чым тыдзень таму. Крытыка ўлады была даволі асьцярожная. Яна пусьцілася ў нейкія абстракцыі, казала, якім павінен быць прэзыдэнт, узгадала чамусьці пра новую энэргетыку. А скончыла тым, што назвала Крым украінскім, Сухумі — грузінскім горадам і абвясьціла пра стварэньне новай партыі.
Здаецца, гэта была апэляцыя ўвогуле не да беларускага грамадзтва, а да заходняй супольнасьці, эўрапейскіх дыпляматаў. Сэнс пасланьня быў такі: я адзіны праэўрапейскі палітык у Беларусі. Старая апазыцыя зьнікла, загінула сьмерцю сьмелых, іншыя кандыдаты — людзі зь нявызначанымі каштоўнасьцямі і геапалітычнай арыентацыяй. Застаюся толькі я — апошняя надзея руху беларускага грамадзтва ў Эўропу. Калі хочаце мець справу з апазыцыяй, то вось вам я, іншых няма. Таму менавіта я буду тварам беларускай дэмакратыі на канфэрэнцыях, прыёмах, сустрэчах і інш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ганна Канапацкая анансавала стварэньне Нацыянальна-дэмакратычнай партыіТо бок прынамсі два кандыдаты з чатырох падчас гэтай кампаніі выразна вырашаюць свае ўласныя палітычныя задачы на пэрыяд пасьля 9 жніўня.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.