28 ліпеня кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Чэрачань другі раз зьвярнуўся праз тэлевізію да выбарнікаў.
Кандыдат засяродзіў свой выступ на эканамічных пытаньнях і стаўленьні ўлады да малога і сярэдняга бізнэсу ў краіне.
Сяргей Чэрачань прадставіўся як чалавек, які займаецца прадпрымальніцтвам і грамадзкай дзейнасьцю, стварыў некалькі пасьпяховых бізнэсаў і стаў «кансультантам па антыкрызісным кіраваньні».
Тэзісы выступу Сяргея Чэрачня
- Цягам апошніх 10 гадоў Беларусь у сваім разьвіцьці топчацца на месцы.
- За апошнія 10 гадоў беларускі рубель абясцэніўся ў 8 разоў.
- За апошнія 10 гадоў рост беларускай эканомікі склаў менш за 1% на год, калі лічыць у замежнай валюце.
- У Літве сярэдняя зарплата ў 3 разы большая, чым у Беларусі.
- Улада не стрымала свайго абяцаньня павысіць месячныя зарплаты да $1000. Сярэдняя зарплата сёньня ў Беларусі такая, як і 10 гадоў таму — $500.
- Беларуская эканоміка апынулася ў стагнацыі.
- За апошнія 10 гадоў ніводнае беларускае дзяржаўнае прадпрыемства не дабілася «яркага посьпеху».
- У Беларусі можна насамрэч ганарыцца толькі прыватнымі кампаніямі. Але замест дзяржаўнай падтрымкі прыватны бізнэс атрымлівае толькі «пагрозы і абразы».
- Улада дзеліць прадпрымальнікаў на «сваіх» і «чужых» і падтрымлівае толькі «сваіх». Як прыклады — сетка шапікаў «Табакеркі» і кампанія Dana Holdings.
- За апошнія 10 гадоў зьнешні доўг Беларусі вырас у 2 разы. Улада жыве ў доўг, набіраючы новыя крэдыты, каб расплаціцца за папярэднія і растраціць іх на падтрымку «сваіх».
Сяргей Чэрачань паабяцаў, што незалежна ад выніку прэзыдэнцкіх выбараў ён будзе падтрымліваць разьвіцьцё прыватнага прадпрымальніцтва, у тым ліку ствараючы бізнэс-асацыяцыю, якая будзе выкарыстоўваць міжнародныя практыкі і стандарты якасьці ў разьвіцьці беларускай эканомікі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.