Кандыдат у прэзыдэнты Ганна Канапацкая 28 ліпеня выступіла са зваротам на тэлеканале «Беларусь 1». Яна заявіла, што створыць новую, Нацыянальна-дэмакратычную партыю.
«Найбліжэйшым часам мною будзе ініцыявана стварэньне ў краіне новай палітычнай сілы. Абапіраючыся на касьцяк сваёй перадвыбарчай каманды і шматлікіх прыхільнікаў, будзе створана новая, Нацыянальна-дэмакратычная партыя. Якая абʼяднае ўсіх, для каго незалежная, дэмакратычная, эўрапейская Беларусь ня проста словы, а непарушная каштоўнасьць».
Свой выступ кандыдатка пачала па-беларуску і працягнула па-расейску, каб яе зварот «правільна зразумелі ва ўсёй расейскамоўнай прасторы».
Што сказала Канапацкая?
- «Беларусь – гэта сувэрэнная дзяржава. Гэта фундамэнтальна і непарушна, гэта закладзена ў асноўным законе нашай краіны — Канстытуцыі».
- Прэзыдэнт Беларусі «мусіць ня толькі выяўляць і рашуча адстойваць нацыянальныя інтарэсы свайго народу і дзяржавы, але і быць гатовым, калі спатрэбіцца, аддаць усяго сябе дзеля іх ажыцьцяўленьня».
- «Перамены насьпелі ў Беларусі даўно. Перамены ў сумленьні, у камунікацыях, прынцыпах кіраваньня, эканоміцы, фінансах, культуры, іншых галінах. Я гатовая для ажыцьцяўленьня гэтых перамен. Кожнаму з нас прыходзілася ў сваім жыцьці перажываць час перамен. Вы памятаеце, што самае важнае было для вас тады? Хачу думаць, што для вас, гэтак жа як і для мяне, у такі час важна знайсьці пункт апоры, дзякуючы якому перамены не настолькі хваравітыя і страшныя. Для пераменаў у Беларусі такі пункт апоры ёсьць. Гэта грамадзяне нашай краіны».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.