Кандыдат у прэзыдэнты, лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў выступіў раніцай 20 ліпеня на Першым канале беларускага радыё. Прамову пераказвае «Наша ніва», Дзьмітрыеў выступаў па-беларуску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пра Лукашэнку: «Зьбіваючы людзей, кідаючы за краты, выпісваючы штрафы, не прымусіш сябе любіць»«Беларусі патрэбны новы прэзыдэнт, у выпадку перамогі я прызначу новыя выбары, — паабяцаў Дзьмітрыеў. — Абсалютная большасьць беларусаў хочуць новага прэзыдэнта. У мяне трое дзяцей, і я бачу, як шмат моладзі зьяжджае. Гэта вельмі горка і прыкра».
Ён нагадаў, што ў 2015 годзе кандыдатка ў прэзыдэнты ад «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч казала, што «Лукашэнка стаміўся, яму час сыходзіць». Дзьмітрыеў адзначыў, што «Лукашэнка застаўся, і мы страцілі пяць гадоў», бо «замест разьвіцьця і рэформаў атрымалі стагнацыю зь вечнай паказухай, ворагаў сярод сваіх грамадзянаў і безадказную палітыку падчас каранавірусу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «9 жніўня выбараў ня будзе. Будзе змаганьне за сумленныя выбары». Што казаў Андрэй Дзьмітрыеў на пікетах у ВіцебскуПаводле Дзьмітрыева, Лукашэнку ёсьць куды пайсьці на адпачынак, а «нам няма куды сыходзіць». Яшчэ пяць гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнкі, дадаў ён, «могуць абярнуцца катастрофай». Ён падкрэсьліў, што ўлада павінна мяняцца мірна.
Ён анансаваў 10 крокаў, якія зробіць, калі яго выберуць прэзыдэнтам:
- пераходны ўрад з альтэрнатыўнымі кандыдатамі, цягам году новыя выбары;
- максымум два тэрміны на пасадзе прэзыдэнта, падзел уладаў;
- скасаваньне кантрактнай сыстэмы
- сярэдняя пэнсія ня менш за 60% ад сярэдняга заробку;
- рэформа прамысловых прадпрыемстваў, пры скарачэньні работнікаў плаціць 2/3 заробку на 6 месяцаў;
- падтрымка малога і сярэдняга бізнэсу ў малых гарадках;
- скарачэньне колькасьці чыноўнікаў і правяральнікаў, праверкі на прадмет «кумаўства»;
- распродаж рэзыдэнцыяў прэзыдэнта;
- пераабсталяваньне раённых лякарняў;
- вызваленьне настаўнікаў ад «непатрэбных клопатаў» і адмова ад «пабораў» у школах.
Наступны выступ Андрэя Дзьмітрыева будзе 21 ліпеня ў 18:30 на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1». Дзьмітрыеў ужо зладзіў першыя «кандыдацкія» мітынгі, але ў Гомлі і Рэчыцы яму дазволілі рабіць мітынгі толькі раніцай: з 8 да 10 у Рэчыцы, з 10 да 12 у Гомлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расклад выступаў кандыдатаў у прэзыдэнты па радыё і ТВ. Усіх, акрамя Лукашэнкі, які адмовіўсяПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.