Кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі выступяць на дзяржаўным радыё і тэлебачаньні па два разы. Дзе і калі адбудзецца трансьляцыя выступаў, вызначылі шляхам лёсаваньня на пасяджэньні Цэнтральнай выбарчай камісіі 14 ліпеня, паведамляе агенцтва «Минск-Новости».
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Зарэгістраваным кандыдатам у прэзыдэнты дадуць магчымасьць двойчы выступіць у паўгадзінным вечаровым эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1» (усе кандыдаты будуць выступаць увечары 21 і 28 ліпеня) і двойчы па паўгадзіны — у эфіры першага каналу Беларускага радыё.
- Андрэй Дзьмітрыеў зможа выступіць на радыё 20 ліпеня з 8:30 да 9:00 і 29 ліпеня з 8:00 да 8:30; на «Беларусь 1» — 21 ліпеня з 18:30 да 19:00 і 28 ліпеня з 17.30 да 18:00.
- Ганна Канапацкая: на радыё — 22 ліпеня з 8:00 да 8:30, 27 ліпеня з 8:00 да 8:30; на «Беларусь 1» — 21 ліпеня з 17.30 да 18:00 і 28 ліпеня з 18:30 да 19:00.
- Сьвятлана Ціханоўская: на радыё — 20 ліпеня з 8:00 да 8:30, 29 ліпеня з 8:30 да 9:00; на «Беларусь 1» — 21 ліпеня з 17:00 да 17:30 і 28 ліпеня з 18:00 да 18:30.
- Сяргей Чэрачань: на радыё — 22 ліпеня з 8:30 да 9:00, 27 ліпеня з 8:30 да 9:00; на «Беларусь 1» — 21 ліпеня з 18:00 да 18.30, 28 ліпеня з 17:00 да 17:30.
Аляксандар Лукашэнка, як і ў часе ранейшых кампаній, адмовіўся ад выступаў па радыё і тэлевізіі.
30 ліпеня адбудуцца тэледэбаты кандыдатаў. Раней Лукашэнка адмаўляўся і ад тэледэбатаў з канкурэнтамі.
Свае праграмы кандыдаты змогуць апублікаваць у дзьвюх дзяржаўных газэтах — «Звязда» і «Рэспубліка», паведамілі на пасяджэньні ЦВК.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.