Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«9 жніўня выбараў ня будзе. Будзе змаганьне за сумленныя выбары». Што казаў Андрэй Дзьмітрыеў на пікетах у Віцебску


Кандыдат у прэзыдэнты сустаршыня грамадзкага аб’яднаньня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў наведаў Віцебск у нядзелю 19 ліпеня. Яго прыезд супаў з закрыцьцём «Славянскага базару». За адзін дзень Дзьмітрыеў сустрэўся з віцяблянамі двойчы.

Першы пікет Дзьмітрыева пачаўся а 12-й гадзіне дня ў парку чыгуначнікаў. Гэта найбольш блізкая да цэнтру Віцебска пляцоўка з трох вызначаных гарадзкімі ўладамі месцаў для вулічнай агітацыі — прыкладна ў 15 хвілінах язды на грамадзкім транспарце.

На сустрэчу з кандыдатам у прэзыдэнты прыйшло ўсяго некалькі чалавек. Людзі скардзіліся на недахоп інфармацыі аб правядзеньні пікету і адзначалі, што даведаліся аб ім выпадкова.

Андрэй Дзьмітрыеў патлумачыў адсутнасьць людзей агульным спадам грамадзкай актыўнасьці. Чаго ўлада дамагалася шматлікімі затрыманьнямі ў апошні час.

Дзьмітрыеў абмеркаваў з прысутнымі ўзровень заробкаў — у краіне і Віцебскай вобласьці. Закрануў пытаньні зьнешняй палітыкі, у якой прытрымліваецца канцэпцыі «адказнага суседзтва». Выказаўся супраць больш шчыльнай інтэграцыі і за дзьвюхмоўе, а таксама «мяккую падтрымку беларускай мовы і культуры».

Калі абмеркаваньне дайшло да адукацыі, сыстэмы падаткаў і сфэры аховы здароўя, да месца пікету пад’ехаў трактар, і супрацоўнікі «Зелянгасу», адказныя за чысьціню паркавых сьцяжынак, пачалі старанна прыбіраць сцэнічную пляцоўку.

За парадкам побач з пікетам назіралі два супрацоўнікі міліцыі. Нешматлікіх удзельнікаў сустрэчы здымалі на камэру людзі ў цывільным, якія трымаліся воддаль.

«За свае галасы я спакойны»

Другая сустрэча Андрэя Дзьмітрыева зь віцяблянамі прайшла ў актавай залі бібліятэкі Леніна ў цэнтры Віцебска. Яна пачалася а 17-й увечары і скончылася праз гадзіну. На гэты раз паслухаць кандыдата ў прэзыдэнты сабралася некалькі дзясяткаў чалавек.

Прысутных хвалявала несправядлівасьць судовай сыстэмы — у залі прысутнічалі людзі, якія за актыўнасьць у сёлетняй перадвыбарчай кампаніі атрымалі суткі і штрафы.

«Галоўны інструмэнт сьледчага па крымінальных справах цяпер — іголка і белая нітка, — пагадзіўся выступоўца. — Раней гэта адчувалі на сабе людзі, якія былі палітычна актыўнымі. За апошнія гады гэта стала распаўсюджвацца на большую колькасьць людзей».

Тацяна Севярынец у цэнтры
Тацяна Севярынец у цэнтры

Віцебская актывістка Тацьцяна Севярынец папрасіла Андрэя Дзьмітрыева патлумачыць, як яму ўдалося набраць сто тысяч галасоў.

«Маючы другую па колькасьці прадстаўнікоў пасьля Бабарыкі ініцыятыўную групу, для мяне пытаньне, чаму мы сабралі так мала. Толькі 107 тысячаў, — адказаў Дзьмітрыеў. — Ніхто ў Беларусі не чакаў такой палітызацыі грамадзтва. Асабліва, калі быў каранавірус. Пікетаў, сапраўды, было мала. Найперш мы зрабілі стаўку зьбіраць подпісы „ад дзьвярэй да дзьвярэй“. Я за свае 107 тысячаў галасоў спакойны. Таму я і дазволіў сабе такі выступ у ЦВК».

Адзін з журналістаў пацікавіўся, кім пазыцыянуе сябе Андрэй Дзьмітрыеў. Выступоўца назваў сябе перадусім неабыякавым чалавекам, бацькам трох дзяцей, які хоча каб ніводны зь іх не захацеў зьехаць з краіны. А таксама чалавекам, які мае калясальны вопыт камунікацыі і ўмее працаваць у камандзе.

Дзьмітрыеў адзначыў, што ў першую чаргу хоча сфармаваць пераходны ўрад з іншымі альтэрнатыўнымі кандыдатамі. І правесьці прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары з новым складам цэнтральнай і ўчастковых камісій. Выступоўца падкрэсьліў, што плянуе зрабіць гэта цягам аднаго году.

Адна з прысутных жанчын адразу пацікавілася, як будзе жыць краіна, пакуль будзе ісьці падрыхтоўка да новых выбараў. Прамога адказу кандыдат не агучыў, але адзначыў, што спачатку трэба зразумець, куды сыходзяць грошы, пазбавіць прамысловасьць ад празьмернай адміністрацыі і максымальна вызваліць прыватны рынак.

«Каб чалавек не баяўся сесьці за кампутар, за пяць хвілін аформіць на сайце падатковай (інспэкцыі) рахунак і пачаць займацца бізнэсам», — дадаў ён.

Віцябляне папрасілі выступоўцу сьцісла агучыць некалькі тэзісаў сваёй праграмы.

Самым важным на сёньня Дзьмітрыеў назваў вялікую палітычную рэформу. У межах якой у людзей зьявіцца магчымасьць выбіраць і кантраляваць уладу. Па-другое, у складаны час забясьпечыць сацыяльную абарону. Па-трэцяе, спрыяць разьвіцьцю эканомікі, асабліва ў рэгіёнах, і прыцягваць інвэстыцыі. Асобны пункт у праграме Дзьмітрыева будзе прысьвечаны ахове здароўя.

На пытаньне, як Дзьмітрыеў зьбіраецца забясьпечваць нэўтралітэт Беларусі, кандыдат адказаў:

«Паступова. Каб не выклікаць агрэсіі іншых».

На сёлетніх выбарах Дзьмітрыеў заклікаў грамадзян галасаваць і назіраць.

«Для мяне індыкатарам, што беларускае грамадзтва хоча пераменаў, будзе колькасьць людзей, якія прымуць удзел у назіраньні, — патлумачыў ён. — Калі гэта зноў будзе тысяча-дзьве, то бок — звычайная колькасьць, гэта азначае, што беларусы палічылі, што дастаткова стаць у чаргу і паставіць подпіс. Але на сёньня гэтага не дастаткова. Вельмі дзіўна думаць, што дыктатура, якая 26 год будавалася, спужаецца пэўнай чаргі. Яе адказ просты — хлопцы з надпісам „АМАП“, якія затрымліваюць людзей без усялякіх падставаў».

Дзьмітрыеў адзначыў, што не зьбіраецца здымацца з выбараў на чыюсьці карысьць. І падкрэсьліў, што яшчэ трэба пабачыць, хто дойдзе да бюлетэня галасаваньня. З яго слоў, асноўная задача сёньня — максымальная мабілізацыя беларусаў на выбары.

«9 жніўня выбараў у Беларусі ня будзе. Будзе змаганьне за сумленныя выбары. І чым больш людзей прыйдзе і стане назіральнікамі, тым больш у нас шанцаў, што ў гэты дзень мы прыйдзем да новага прэзыдэнта».

Жанчына, якая з 1994 году сярод назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах, спытала пра новыя мэханізмы назіраньня. Выступоўца адзначыў, што варта разглядаць любыя ідэі, якія дапамогуць паказаць, што людзей, якія думаюць іначай, шмат. Да прыкладу, мець з сабой кавалак чырвонай паперы і ўкласьці яго ў бюлетэнь для галасаваньня. Калі ўрну будуць пераварочваць, гэта мусіць мець вялікі эфэкт.

Напрыканцы сустрэчы віцябляне пацікавіліся, чаму Андрэй Дзьмітрыеў не прыехаў у Віцебск з жонкай і як яна ставіцца да ўдзелу мужа ў выбарчай кампаніі.

«Жонка ўзяла на сябе клопат аб дзецях. І гэта найвялікшая падтрымка, якую яна можа мне аказаць. Яна дала мне час займацца палітыкай, — адказаў кандыдат у прэзыдэнты. — Жонка мяне цалкам падтрымлівае. У яе нават больш радыкальныя погляды за мае. Часам яна больш рэалістычна глядзіць на сытуацыю. Мне ж трэба спадзявацца, трэба ісьці далей».

Дзьмітрыеў таксама расказаў пра жыцьцё за горадам ва ўласным доме. І адзначыў, што калі стане прэзыдэнтам, будзе заахвочваць беларусаў выяжджаць з кватэр і будаваць прыватныя дамы.

«Менск перанаселены, бо там сканцэнтраваныя жыцьцё і заробкі. Калі мы гэта вернем у рэгіёны, людзі таксама пачнуць туды вяртацца. Я бачу Беларусь краінай малых і сярэдніх гарадоў, а не аднаго гораду», — падкрэсьліў Дзьмітрыеў.

На абедзьвюх сустрэчах у прысутных была магчымасьць паставіць подпіс за свабоду палітвязьням, а таксама запісацца ў назіральнікі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG