19 ліпеня кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская правяла агітацыйны пікет на плошчы Бангалор у Менску. Разам зь ёй на пікеце былі прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава і жонка Валеры Цапкалы Вераніка.
Паводле валянтэрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна», на мітынгу прысутнічалі каля 7500 чалавек.
Свабода вяла жывую трансьляцыю зь пікету. Аднак трансьляцыі Свабоды чыніліся тэхнічныя перакшкоды зь невядомых крыніц.
Вось поўны відэазапіс імпрэзы:
Сьвятлана Ціханоўская ў сваёй прамове сказала, што ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі «дзеля каханьня», стаўшы на месца зьняволенага мужа Сяргея Ціханоўскага і працягнуўшы справу, якая была для яго важнай. «Я не здалася толькі таму, што адчувала ўвесь гэты час вашую падтрымку».
«Я пагарджаю ўладай за тое, якімі гнюснымі мэтадамі яна стала пазбаўляцца ад сваіх канкурэнтаў», — сказала Ціханоўская. Паводле яе, наймацнейшых кандыдатаў — сярод якіх Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка і Валер Цапкала — не зарэгістравалі бо пабачылі ў іх пагрозу. «Але ж вы разумееце, што пагроза для ўлады гэта не кандыдаты, а людзі Беларусі, якія ня хочуць больш жыць у прыніжэньні».
Ціханоўская абяцала, што яе галоўнай задачай у выпадку абраньня будзе правядзеньне новых свабодных выбараў, у якіх будуць удзельнічаць і тыя палітыкі, якія цяпер сядзяць за кратамі, і іншыя кандыдаты.
На мітынгу таксама прагучаў заклік падключыцца да назіраньня на выбарчых участках, каб забясьпечыць максымальны кантроль за галасаваньнем.
Як адзначае аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч, які прысутнічаў на мітынгу, таксама прагучаў новы матыў — заклік актыўна абараняць свае галасы. Паводле яго, раней гэты тэзіс гучаў больш прыглушана — маўляў, хто як лічыць патрэбным, так і пратэстуе.
Сёньня Сьвятлана Ціханоўская ўжо пасьпела правесьці пікет у Дзяржынску.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.