У Бэрліне 18 ліпеня некалькі сотняў расейскамоўных ЛГБТ-актывістаў узялі ўдзел у маршы ў раёне Марцан. Гэта было першае ЛГБТ-мерапрыемства, арганізаванае ў сталіцы Нямеччыны выхадцамі з Расеі і СНД.
У пачатку калёны ўдзельнікі разгарнулі банэр «Гордитесь с нами – прайд в Марцане». Людзі ў калёне несьлі плякаты ў падтрымку ЛГБТ-актывістаў у Расеі.
Прайд-парад скончыўся мітынгам на пляцы Клемпэрэра.
Сёлета штогадовы Бэрлінскі гей-парад быў адменены з прычыны пандэміі каранавірусу. Па словах арганізатараў шэсьця, расейскамоўных актывістаў, яны вырашылі скарыстацца выпадкам і рэалізаваць даўнюю мару — зладзіць уласнае шэсьце.
«Хацелася б мець магчымасьць адзначыць месяц гонару і выйсьці за свае правы ў Данецку, Іркуцку або Кустанаі. Але пакуль што гэта немагчыма, мы робім прайд-парад у самым расейскамоўным раёне гораду Бэрліну», — сказаў арганізатар прайду, прадстаўнік некамэрцыйнай арганізацыі «Кватэра» Канстанцін Шарсьцюк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Упаў на нож». У Расеі прысяжныя апраўдалі забойцу гея ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі на блогера, які заявіў пра жаданьне расстраляць усіх геяў, ня сталі заводзіць справы