Нягледзячы на тое, што вынікі галасаваньня, якія абвесьціць 10 жніўня Лідзія Ярмошына, пасьля ўсяго, што адбылося 14 ліпеня (і раней), інтрыгі ўжо не ўяўляюць, некаторыя пытаньні застаюцца. А што калі паспрабаваць прыслухацца да іх — Лукашэнкі, ягоных міністраў і ўсёй уладнай сыстэмы, якая апраўдвае свае дзеяньні клопатам пра захаваньне незалежнасьці?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі за вечар 14 ліпеня затрымалі звыш 250 чалавек, сёньня чакаюцца суды
Улада абараняе незалежнасьць? Ці аўтарытарны рэжым?
Сапраўды: хто возьмецца гарантаваць, што зьмена першай асобы ў Беларусі ў цяперашніх умовах не нясе пагрозы беларускай незалежнасьці? Гэта не выглядае чымсьці неверагодным.
Вось разгайдаецца беларуская «лодка», пахісьнецца «стабільнасьць» — і Масква, спасылаючыся на неабходнасьць навядзеньня «канстытуцыйнага парадку ў саюзнай дзяржаве», увядзе сюды свае войскі? Альбо і самі «альтэрнатыўныя» прэтэндэнты папросяць пра гэта. Гэта сёньня яны клянуцца ў адданасьці ідэалам незалежнасьці. А што калі і праўда ў іх за плячыма маскоўскія «лялькаводы» і закулісныя дамовы?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без Бабарыкі, але зь Ціханоўскай. Што адбылося і чаго чакаць ад выбараўНаўпрост пра гэтыя пагрозы ўлада асьцерагаецца гаварыць, бо, відавочна, баіцца дражніць крамлёўскія вежы. Але ж колькі празрыстых і паўпразрыстых намёкаў на гэта чуецца штодня з афіцыйных крыніц!
Можа, улада сапраўды дбае выключна аб захаваньні беларускай дзяржавы і толькі дзеля гэтага заціскае цяпер і без таго заціснутыя гайкі, арыштоўвае незадаволеных, адхіляе ад удзелу ў выбарах найбольш моцных супернікаў?
Магчыма, дзеля такой сьвятой мэты — выратаваньня незалежнасьці — большасьць грамадзтва і пагадзілася б яшчэ нейкі нядоўгі час патрываць гэту «стабільнасьць» у выглядзе жорсткага аўтарытарнага рэжыму?
Але ў такім разе скажыце ўжо цяпер, якімі будуць зьмены пасьля 9 жніўня — пасьля таго, як вы, здушыўшы ўсе пратэсты, ізаляваўшы канкурэнтаў, не дапусьціўшы аб’ектыўнага падліку галасоў і незалежнага назіраньня, абвесьціце пра сваю чарговую ашаламляльную перамогу на выбарах з вынікам 85 адсоткаў?
Абяцаньне рэформаў з адтэрміноўкай на многія гады
Пакуль што з вуснаў кіраўніка дзяржавы наконт гэтага чуюцца шматзначныя, але малаканкрэтныя абяцаньні. «Выбары будуць цікавымі, а пасьля выбараў будзе яшчэ цікавей», — сказаў ён тыдзень таму падчас наведваньня Берасьця. Што меў на ўвазе?
Калі 1 сакавіка 2019 года падчас «Вялікай размовы» я задаў Аляксандру Лукашэнку пытаньне пра тое, ці задумваецца ён пра транзыт улады і ці не баіцца пакідаць у спадчыну такую палітычную сыстэму, якую сам пад сябе выбудаваў, то ў адказе прагучала, што канстытуцыйныя зьмены рыхтуюцца:
«Я даручэньне зрабіў, але ня ведаю, як яно выконваецца. Упэўнены, што судзьдзі Канстытуцыйнага суду — вельмі адказныя людзі і яны над гэтым працуюць. Але пакуль мне нічога не прапанавалі, думаю, найбліжэйшым часам што-небудзь прапануюць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 выкананых і 10 нявыкананых абяцаньняў Лукашэнкі перад папярэднімі выбараміПотым ён, здаецца, сам спалохаўся сваіх папярэдніх заяў і абяцаньняў, бо ўжо 24 красавіка таго ж году ў штогадовым пасланьні згадка пра магчымы рэфэрэндум гучала з раздражненьнем і сарказмам:
«Нам цяпер не да рэфэрэндумаў, нам трэба ў гэтай бурнай, хаатычнай, бязладнай, небясьпечнай сытуацыі ў сьвеце выстаяць. Нам не да таго, каб муць падняць у краіне».
«Трэба спыніць гэтую валтузьню пра рэфэрэндум і заўтрашнія зьмены ў Канстытуцыі. Я вельмі пэўна пра гэта сказаў. Мой пункт гледжаньня палягае ў тым, што на сустрэчы з судзейскім корпусам мы гаварылі, што прыйдзем да вырашэньня гэтага пытаньня з часам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я гатовы на ўсё». Лукашэнка заклікаў праводзіць перамены праз Канстытуцыю, а не майдан31 траўня 2019 году, сустрэча Лукашэнкі з кіраўнікамі канстытуцыйных судоў замежных краін. Зноў згадка пра зьмены ў Канстытуцыю — гэтым разам ужо без нэгатыўных эмоцый:
«Вельмі паскорыліся працэсы. Наша Канстытуцыя пачынае трошкі адставаць. Я папрасіў менавіта спэцыялістаў Канстытуцыйнага суду, каб яны ўнесьлі свае прапановы для магчымага ўдасканаленьня нашай Канстытуцыі. А потым мы сядзем і абмяркуем».
Мінуў больш як год. Людзі сталі стыхійна выходзіць на вуліцу. Ужо, здаецца, усім у краіне відавочна, што грамадзкае незадавальненьне зашкальвае, што людзі ня хочуць болей цярпець гэтага замшэлага аўтарытарызму, які цягне краіну назад, не дае разьвівацца эканоміцы, занявольвае людзей, змушае найбольш актыўных да эміграцыі. А што там з абяцанымі палітычнымі рэформамі?..
Вінаватыя нерашучыя памочнікі Лукашэнкі?
Аляксандар Лукашэнка пры наведваньні Салігорску, 26 чэрвеня 2020 году:
«Канстытуцыю мы зробім за два гады. Некалькі варыянтаў мне ўжо прапанавалі, але яны не гадзяцца. Людзі проста баяцца ўносіць больш рашучыя зьмены ў Канстытуцыю. Я думаю, нам гэта трэба зрабіць. Яшчэ да прыняцьця Канстытуцыі мы ўвогуле шмат зробім у пляне перадачы паўнамоцтваў уніз — да старшыняў райвыканкамаў, губэрнатараў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гаворыць пра пагрозу Беларусі, а мае на ўвазе пагрозу асабістай уладзеНу што ты будзеш рабіць з гэтымі нерашучымі канстытуцыйнымі судзьдзямі? Аказваецца, баяцца кардынальных зьменаў, хто б мог падумаць! Завалакіцілі даручэньне прэзыдэнта. Два гады пісалі абы-што, а цяпер яшчэ два гады трэба, каб напісалі нешта талковае...
Улада сьвядома і відавочна зацягвае рашэньне, якое даўно насьпела. Вось і яшчэ адзін прэзыдэнцкі тэрмін забясьпечаны — да 2025 году: 31 год пры ўладзе. Выпаленае напалмам гвалту і самаўладзьдзя палітычнае поле гатовае да таго, каб маўкліва і пакорліва пачуць 9 жніўня ўсім вядомы вынік. Але расчараваньне і стомленасьць грамадзтва нікуды не падзеліся. Як і занядбаная крызісная эканоміка. І непад’ёмныя вонкавыя пазыкі. І азлобленая ад адсутнасьці пэрспэктыў моладзь, якая масава зьяжджае за мяжу...
Што «яшчэ цікавейшае» падрыхтаваў Лукашэнка свайму народу на пэрыяд пасьля 9 жніўня? У дзяржаве зьявяцца рэальны парлямэнт, незалежны суд, самастойны ўрад? Адменяць пажыцьцёвае прэзыдэнцтва? Людзі змогуць выбіраць уладу на сапраўдных справядлівых выбарах?
Чаму б пра тое, што ён рыхтуе ўласнаму стомленаму і зьняверанаму народу, які прагне зьменаў, кандыдату ў прэзыдэнты Лукашэнку не абвясьціць ужо зараз, пакуль яшчэ не паднялася хваля масавай эміграцыі і хоць у нейкай часткі грамадзтва застаецца спадзяваньне на тое, што ўлада здольная да пераменаў?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.