Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаворыць пра пагрозу Беларусі, а мае на ўвазе пагрозу асабістай уладзе


Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка размаўляе зь берасьцейцамі. 22 чэрвеня 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка размаўляе зь берасьцейцамі. 22 чэрвеня 2020 году

Аляксандар Лукашэнка, пасадзіўшы асноўных палітычных апанэнтаў за краты, сам пачаў актыўную агітацыйную кампанію.

Ён падарожнічае па краіне, ладзіць розныя сустрэчы, выступае. Але, што адметна, апэлюе ў асноўным не да народу, а да чынавенства, кіраўніцтва рэгіёнаў. Была закрытая для прэсы сустрэча ў Горадні, а на мінулым тыдні ў Салігорску. Выступ перад «актывам» Менскай вобласьці ў Салігорску паказалі 28 чэрвеня па тэлеканале «Беларусь-1».

Лукашэнка выглядаў вельмі ўзбуджаным, нэрвовым, выступ стаў эмацыйным. Даволі цяжка аналізаваць і рацыяналізаваць зьмест гэтага выступу. Гэта была плынь падсьвядомасьці.

Для прыкладу, прагучала лекцыя аб міжнародным становішчы ў стылі савецкіх традыцый. Але ўсё зьвялося да суцэльнай кансьпіралёгіі. Вонкавы сьвет — гэта адна вялізная пагроза, ад якой трэба бараніцца. Беларусь у атачэньні ворагаў. Незалежнасьць краіны пад вялізнай пагрозай. Праўда, не зусім зразумела, адкуль, ад каго. Гэтая пагроза ў апісаньні Лукашэнкі выглядае нейкай экзыстэнцыяльнай, паўфантомнай.

Ёсьць і ўнутраныя ворагі. Гэта «нацмэны», якія ў 1921 годзе чамусьці аддалі беларускую тэрыторыю суседзям (???). І кандыдаты ў прэзыдэнты. Лукашэнка з гонарам апавядаў, як ён зь імі эфэктыўна расправіўся.

Разгадка такога ўяўленьня пра сьвет простая. Лукашэнка даўно атаясамляе сваю ўладу зь дзяржавай, краінай. І пагроза ўладзе прыраўноўваецца да пагрозы Беларусі. Да таго ж, пэўна, калі сытуацыя напружаная, то фэномэн варагаманіі выходзіць на паверхню.

Яшчэ адна характэрная дэталь. Лукашэнка ўвесь час апэлюе да мінулага, параўноўвае цяперашні стан з тым, што было раней. Ніякіх плянаў, пэрспэктываў на будучыню ў яго няма. І ён гэтага асабліва і не хавае. Трэба захаваць тое, што ёсьць — вось і ўся перадвыбарчая праграма. Кандыдат не надзеі, а «безнадзёгі».

Асноўны сэнс гэтага звароту да кіраўніцтва Менскай вобласьці даволі зразумелы і палягае ў наступным: я не хачу аддаваць уладу, мы адна каманда, вы павінны мяне падтрымаць, забясьпечыць патрэбны вынік галасаваньня.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG