«Пасьля выбараў будзе яшчэ цікавей, я вам абяцаю», — Лукашэнка пра «Бабарыкіна», трактар і візыт Пампэо 

Аляксандар Лукашэнка на паразе ў Маскве. 24 чэрвеня.

«Выбары будуць цікавымі, а пасьля выбараў будзе яшчэ цікавей, я вам абяцаю», — заявіў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з актывам Меншчыны ў Салігорску. Частку размовы, якая адбывалася без журналістаў, паказаў тэлеканал «Беларусь-1» у перадачы «Галоўны эфір».

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі


«Пад абломкамі імпэрый». Што сказаў пра месца Беларусі ў сьвеце

Кіраўнік Беларусі выступіў са своеасаблівай лекцыяй пра міжнародную сытуацыю і месца Беларусі ў «сутыкненьні паміж ЗША і Кітаем». «Калі мы зробім хоць адзін неасьцярожны крок, мы загінем пад абломкамі супярэчнасьцяў, канфліктаў і імпэрый», — заявіў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Радзіхоўскі: Пуціну важна, каб Лукашэнка быў паўзадушаны, паўдохлы, але заставаўся ва ўладзе

Паводле яго, Беларусь пачала выстройваць адносіны з Эўразьвязам, «не кладучыся пад яго». «Мы хацелі годна зь імі супрацоўнічаць, яны гэта прынялі. Нарэшце нас заўважылі амэрыканцы. Аказваецца, Беларусь для іх таксама важная. Прыезд многіх амэрыканцаў, а потым дзяржсакратара ў Беларусь вельмі ўзбудзіла нашага ўсходняга суседа. Але мы сувэрэнная, незалежная дзяржава і маем права ажыцьцяўляць сваю як унутраную, так і вонкавую палітыку. Я зыходзіў перш за ўсё з гэтага, разумеючы, што заціснуты разам з вамі паміж молатам і кавадлам: з аднаго боку Расея, з другога — Эўразьвяз, і кацёл, які нас пастаянна падаграе з поўдня — Украіна, якая ваюе», — сказаў кіраўнік Беларусі.


«А наш абы-што кажа пра трактар». Што Лукашэнка сказаў пра пандэмію


Частка ягонага выступу была прысьвечаная пандэміі каранавіруснай інфэкцыі і тлумачэньню, чаму ён не гаварыў пра яе сур’ёзна ад самага пачатку.


«Бачыўшы атаку ва ўсім сьвеце — Эўразьвяз, труны, капаюць, паміраюць, прыяжджаюць у дом састарэлых, а там сотня загінулых... Расея ізалявала ўсіх ды іншае.. А наш абы-што кажа, пра трактар, пра 100 грамаў, пра лазьню... Я ня мог нешта гаварыць сур’ёзна. Калі казаў, што трактар вылечыць, я разумеў, што трэба пасеяць. Бо жэрці ня будзе чаго. Я людзей спрабаваў супакоіць, Нам жа сеяць трэба... А ўсе ізаляваліся, але сеялі. Я як прэзыдэнт вар’яцеў, тры месяцы перажываючы за тое, што адбываецца з гэтым кавідам. Я ж не ідыёт. Я таксама разумею, што адзін у сьвеце, адна краіна асаблівы шлях выбрала ў барацьбе зь вірусам. Мала таго, што вы не зразумелі, але ня дай Бог не справімся, вы дакладна пачняце аб мяне ногі выціраць. Думаеце, лёгка?»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як кажуць у народзе, спраўдзілася», — Лукашэнка пра свой прагноз наступстваў пандэміі ў сьвеце

Паводле Лукашэнкі, у рэзэрве трымалі ўвядзеньне камэнданцкага часу і рашэньне пра ізаляцыю. Выснова кіраўніка Беларусі пра будучыню пандэміі — «будзем жыць зь вірусам, хварэць, можа, не пазбавімся, і будзе, як грып».


«Качаліся пад трыбунай у парлямэнце дэпутаты». Што сказаў пра выбары


Гаворачы пра выбарчую сытуацыю, Аляксандар Лукашэнка ледзь не ўпершыню назваў прозьвішчы патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта, спачатку назваўшы аднаго зь іх Бабарыкіным.


Становішча ў Беларусі спрабуюць расхістаць, таму ўлада робіць папераджальныя захады, заявіў Аляксандар Лукашэнка. «Людзі не разумеюць, што ідзе спакойнае расхістваньне становішча. Калі б мы тады некаторых не ацьверазілі, то сёньня б ужо бушаваў і Салігорск. Усё пачынаецца паступова, мы гэта ведаем: расхістваецца абстаноўка ўнутры краіны, даводзіцца да шаленства, ідзе наступ на дзейную ўладу, адбываецца злом улады. Добра, калі нехта прабеларускі садзіцца ў крэсла, тады ладна ўжо з гэтым майданам. Праз майдан — беспарадкі, цяганіна аж да звароту да замежнай дзяржавы. Вы гэта выключаеце? А я не», — заявіў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго Лукашэнка больш баіцца — Трампа ці Пуціна?

Кіраўнік Беларусі згадаў, не называючы ініцыятара, ідэю аб вяртаньні да Канстытуцыі 1994 году, што прапанаваў зьняволены прэтэндэнт на прэзыдэнта Віктар Бабарыка.

«Іх ідэалёгія — вяртаньне да старой Канстытуцыі 1994 году. Дзіўна: перамены, рэформы — і раптам 1994 год. Можа быць, ёсьць у гэтай залі той, хто памятае, з чаго мы з вамі пачыналі? Калі ў мяне качаліся пад трыбунай у парлямэнце дэпутаты, калі я выходзіў выступаць, калі ішла бойка (ніхто нічога не хацеў рабіць, ніхто нічым не займаўся) паміж новай уладай, якая зараджалася, і старым парлямэнтам. Усё на народ перакінулася: страйкі, талёны, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — Вы хочаце туды вярнуцца? Вяртайцеся — безь мяне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьбіцьцё дэпутатаў, вяртаньне савецкіх сымбаляў, «забойства беларускай мовы». 25 гадоў таму адбыўся пераломны рэфэрэндум

«Выбары будуць вельмі цікавыя, а пасьля выбараў будзе яшчэ цікавей. Гэта я абяцаю», — падсумаваў Лукашэнка.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.