Аляксандар Лукашэнка 26 чэрвеня заявіў, што спраўджваюцца ягоныя прагнозы аб разьвіцьці сытуацыі ў сьвеце на фоне прынятых у розных краінах захадаў для супрацьдзеяньня пандэміі каранавірусу, піша БелТА.
УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
«Я вам казаў: усе закрыюцца, а мы ў гэты час павінны ціхенька вырабляць сваю прадукцыю, каб яе потым паставіць», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з чыноўнікамі Менскай вобласьці.
У гэтай сувязі ён згадаў «Беларуськалій». Паводле яго, цяпер «рынак адкрыўся, ёсьць куды пастаўляць» прадукцыю, але, як яго праінфармавалі, на прадпрыемстве «сёй-той ужо пачынае „бухцець“: шмат працы, загрузка».
«А я сам сабе думаю: дзякуй Богу, што ў калійнікаў шмат працы і ў адной краіне сьвету крыўдзяцца на тое, што шмат працы, — сказаў Лукашэнка. — Людзі з каструлямі ходзяць, барабаняць па ўсёй плянэце: „Дайце працу, няма чаго есьці!“ А памятаеце, я казаў: пандэмія пройдзе, жэрці што будзем? Груба сказаў, каб вы запомнілі. Вось яно ўсё, як кажуць у народзе, спраўдзілася».
Нягледзячы на эканамічныя страты, новыя навуковыя дасьледаваньні сьведчаць, што першапачатковае спыненьне працы ў сьвеце і карантынныя абмежаваньні выратавалі мільёны жыцьцяў і дазволілі пазьбегнуць наступстваў для здароўя людзей, якія не захварэлі дзякуючы ўведзеным захадам.
Беларусь цяпер знаходзіцца на 26-м месцы ў сьвеце і на 9-м месцы ў Эўропе ў агульнай колькасьці выпадкаў каранавірусу, а ў колькасьці выпадкаў на мільён насельніцтва — на 17-м месцы ў сьвеце і на 5-м у Эўропе, паводле дадзеных worldometers.info.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ