Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіцьцё дэпутатаў, вяртаньне савецкіх сымбаляў, «забойства беларускай мовы». 25 гадоў таму адбыўся пераломны рэфэрэндум


Аляксандар Лукашэнка з эскізамі герба і сьцяга, якія выносіліся на рэфэрэндум-95
Аляксандар Лукашэнка з эскізамі герба і сьцяга, якія выносіліся на рэфэрэндум-95

14 траўня 1995 году адбыўся рэфэрэндум па чатырох пытаньнях, прапанаваных Аляксандрам Лукашэнкам. У выніку яго зьмянілі нацыянальную сымболіку і ўвялі дзьвюхмоўе. І працэдура прызначэньня, і правядзеньне рэфэрэндуму парушалі Канстытуцыю і законы.

Свабода ўзгадвае, што было ня так зь яго правядзеньнем і вынікамі.

На рэфэрэндум выносіліся 4 пытаньні — ня толькі пра мову і сымболіку

У сакавіку 1995 году Аляксандар Лукашэнка прапанаваў Вярхоўнаму Савету 12 скліканьня прызначыць рэфэрэндум па чатырох пытаньнях.

  1. «Ці згодны Вы з наданьнем рускай мове аднолькавага статусу зь беларускай?»
  2. «Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?»
  3. «Ці падтрымліваеце Вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?»
  4. «Ці згодны Вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьмяненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага ці грубага парушэньня Канстытуцыі?»


Навошта Лукашэнку быў гэты рэфэрэндум? — «Каб паказаць, хто галоўны ў краіне»

Доктар гістарычных навук, прафэсар, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Валянцін Голубеў узгадвае, што гэта быў час вельмі высокай папулярнасьці Аляксандра Лукашэнкі.

Валянцін Голубеў
Валянцін Голубеў

«Пасьля выбараў прайшло крыху больш за паўгода, і яго папулярнасьць толькі-толькі нарастала. У яго была толькі адна сур’ёзная апазыцыя ў дзяржаве — і гэта ня партыі, ня вуліцы, а Вярхоўны Савет 12 скліканьня. Адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў пачало нарастаць супрацьстаяньне паміж прэзыдэнтам і парлямэнтам.

Лукашэнку трэба было паказаць, хто галоўны ў краіне. І вось у красавіку 1995 году ён унёс прапанову аб правядзеньні першага рэфэрэндуму», — кажа Валянцін Голубеў.

Прафэсар заўважае, што ўсе засяродзілі ўвагу на першых двух пытаньнях — пра сымболіку і мову. Трэцяе пытаньне — пра эканамічную інтэграцыю з Расеяй — на яго думку, было «прахадным». А на чацьвёртае ніхто асабліва не зьвяртаў увагі.

«Па сутнасьці, усе іншыя пытаньні (нават пытаньні мовы і сымболікі) былі прапанаваныя для таго, каб адцягнуць увагу палітыкаў і грамадзкасьці, што прэзыдэнт хацеў стварыць для сябе магчымасьць распусьціць Вярхоўны Савет.

Але на слыху, канечне, былі іншыя пытаньні — пра наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай і пытаньні аб зьмене сымболікі. Хоць я б сказаў па-іншаму: аб сыходзе ад нацыянальнай сымболікі і вяртаньні да савецкай сымболікі», — кажа Валянцін Голубеў.

Такім чынам, на думку доктара гістарычных навук, прафэсара Голубева, асноўная мэта рэфэрэндуму была — распусьціць Вярхоўны Савет 12 скліканьня.

Рэфэрэндум ад самага пачатку прызначаўся з парушэньнем Канстытуцыі


Паводле заканадаўства рэфэрэндум павінен быў прызначаць Вярхоўны Савет, а не кіраўнік дзяржавы. Гэта рэгулявалася законам «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь» і «Часовым рэглямэнтам Вярхоўнага Савету».

То бок адпачатку рэфэрэндум прызначаўся з парушэньнямі. Пра гэта заяўляў на сэсіі кіраўнік Камісіі па заканадаўстве Дзьмітры Булахаў: згодна зь дзейнай Канстытуцыяй, рэфэрэндумы ў апошнія 6 месяцаў легальнай дзейнасьці Вярхоўнага Савету ім прызначацца ня могуць.

«Якраз 15 траўня спаўнялася 5 гадоў гэтай кадэнцыі — то бок яе паўнамоцтвы сканчаліся. Рэфэрэндум быў абвешчаны за месяц да завяршэньня кадэнцыі. І гэта робіць нікчэмнымі любыя юрыдычныя наступствы травеньскага рэфэрэндуму», — перакананы тагачасны дэпутат Вярхоўнага Савету Лявон Баршчэўскі.

На думку дэпутата Сяргея Антончыка, апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце разумела, што маючы адбыцца рэфэрэндум — рэванш прарасейскіх сілаў.

«Гэта фактычна вяртаньне расейскай імпэрыі ў Беларусь. Мы разумелі, што ніякія прававыя захады не дапамогуць, таму абвясьцілі галадоўку», — кажа Антончык.

Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 красавіка 1995 году
Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 красавіка 1995 году

19 дэпутатаў Вярхоўнага Савету раніцай 11 красавіка абвясьцілі галадоўку ў Авальнай залі. У ноч з 11 на 12 красавіка ў будынак Вярхоўнага Савету ўварваліся вайскоўцы, міліцыянты і байцы спэцпадразьдзяленьняў, дэпутаты былі жорстка зьбітыя групай асобаў у масках, іх вывезьлі з будынку і выкінулі ў цэнтры Менску.

Літаральна на наступны дзень Вярхоўны Савет зацьвердзіў чатыры пытаньні, прапанаваныя Лукашэнкам на рэфэрэндум.

«Пасьля зьбіцьця дэпутатаў дэмаралізаваная рэшта Вярхоўнага Савету пад прымусам прагаласавала за гэтае антыканстытуцыйнае прызначэньне рэфэрэндуму», — тлумачыць Лявон Баршчэўскі.

Два пытаньні з чатырох парушалі Канстытуцыю і закон «Аб народным галасаваньні»

Прынамсі два пытаньні з чатырох, прапанаваных Лукашэнкам, парушалі артыкулы 17, 78 і 148-2 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і закон «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме)»: на рэфэрэндум не маглі выносіцца пытаньні нацыянальна-гістарычнай адметнасьці — аб статусе беларускай мовы і аб дзяржаўных сымбалях.

Менавіта на гэтай падставе за некалькі месяцаў да рэфэрэндуму Цэнтральная камісія па выбарах і рэфэрэндумах адмовіла групе грамадзян у правядзеньні рэфэрэндуму па моўным пытаньні, пяць парлямэнцкіх камісій далі адмоўныя заключэньні, бо прапанова не адпавядала заканадаўству.

«Гэтыя два юрыдычныя моманты — незаконнае прызначэньне рэфэрэндуму і пытаньні мовы і сымболікі — бясспрэчныя. Любы Канстытуцыйны Суд, калі ён адновіць свае нармальныя паўнамоцтвы і паўнавартасную працу, адменіць гэтыя вынікі», — перакананы Лявон Баршчэўскі.

Артыкул 17 Канстытуцыі вызначаў беларускую мову як дзяржаўную, а расейскую — як мову міжнацыянальных зносін. Зьмена іх статусу азначала зьмену Канстытуцыі. Паводле артыкула 148-2, зьмена Канстытуцыі не магла праводзіцца ў апошнія шэсьць месяцаў паўнамоцтваў дзейнага Вярхоўнага Савету.

«Увядзеньне дзьвюхмоўя азначала забойства беларускай мовы. Таму мы патрабавалі, каб Вярхоўны Савет не зацьвердзіў гэта рашэньне прэзыдэнта аб правядзеньні рэфэрэндуму», — кажа дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Сяргей Антончык.

Гісторык Валянцін Голубеў травеньскі рэфэрэндум 1995 году расцэньвае як першы адкрыта антыбеларускі рэфэрэндум.

«І сымболіка, і мова — гэта былі тыя пытаньні, за якія змагаліся некалькі пакаленьняў беларусаў — у супрацьстаяньні з варожымі ўладамі, з чужымі рэжымамі. А тут атрымалася, што прадстаўнік свайго, беларускага, прычым тады яшчэ дэмакратычнага рэжыму зрабіў так, каб пахаваць вынікі барацьбы і нацыянальных дзеячоў, і ўсяго народу», — кажа спадар Голубеў.

Нацыянальная сымболіка была створана непрафэсіяналамі, на гербе — фантастычная расьліна

Над новай нацыянальнай сымболікай не працавалі ні геральдысты, ні гісторыкі, ні мастакі. Аўтарам герба і сьцяга лічыць сябе тагачасны кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцын.

Пра гэта ўзгадвае ў сваёй кнізе «Лукашэнка. Палітычная біяграфія» палітоляг, літаратар Аляксандар Фядута.

Пяць гадоў таму Сініцын сам расказваў Свабодзе:

«Гэта была цалкам мая ініцыятыва. Я аўтар герба і сьцяга. Я маляваў эскіз. І нават у Цэнтравыбаркаме ёсьць мой эскіз, ад рукі намаляваны... Потым ужо мастак дадаў фарбы, крыху стылізаваў.

Ёсьць, праўда, там адзін штрых пікантны. Я быў супраць зорачкі наверсе. Яна, так бы мовіць, геральдычна ня ўпісваецца туды. Аўтар зорачкі — Іван Іванавіч Ціцянкоў. Усё астатняе маё. Сьцяг таксама мой», — хваліўся Леанід Сініцын.

Толькі амаль праз год, у сакавіку 1995 году, праект герба з Адміністрацыі прэзыдэнта паступіў у Дзяржаўную геральдычную службу пры Камітэце па архівах і справаводзтве Беларусі.

Шмат гадоў на гербе ў правай частцы была і фантастычная расьліна — блакітная кветачка, падобная да кветкі лёну, але з шасьцю пялёсткамі.

За дзьвюхмоўе прагаласавалі 53% ад тых, хто меў права голасу, за новыя сымбалі — 48%

Травеньскі рэфэрэндум праводзіўся адначасова з выбарамі ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня. Паводле афіцыйных зьвестак, у галасаваньні ўзялі ўдзел 64,8% ад колькасьці ўключаных у сьпісы. То бок яўка была ня надта высокая.

Да прыкладу, за першае пытаньне «Ці згодны Вы з наданьнем рускай мове аднолькавага статусу зь беларускай?» выказаліся 88,3% ад колькасьці ўдзельнікаў галасаваньня, або 53,9% ад усіх, хто быў уключаны ў сьпісы для галасаваньня.

За другое пытаньне — «Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?» — выказаліся 75,1% ад колькасьці ўдзельнікаў галасаваньня, гэта прыкладна 48% ад тых, хто меў права голасу.

На думку прафэсара Голубева, на рэфэрэндум прыйшлі ў асноўным прыхільнікі Лукашэнкі, а тады ён быў даволі папулярны.

«Мне падаецца, што на тым рэфэрэндуме любое пытаньне, нават самае абсурднае, перамагло б. Людзі тады спадзяваліся, што Лукашэнка зробіць якія-небудзь зьмены для паляпшэньня жыцьця».

Лявон Баршчэўскі лічыць, што ўсё накладалася яшчэ і на эканамічны крызіс:

«Людзі ў роспачы шукалі шляхі, як ім выжыць. Гэта не магло адлюстраваць аб’ектыўна думку грамадзтва. Але хачу засяродзіць увагу на адной цікавай лічбе: па пытаньні аб сымболіцы прагаласавала толькі 48% ад тых, хто быў унесены ў сьпісы для галасаваньня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG