Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго Лукашэнка больш баіцца — Трампа ці Пуціна?


Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ.
Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ.

Наколькі жорсткая рэакцыя краінаў Захаду на цяперашнюю хвалю рэпрэсіяў у Беларусі? Наколькі для беларускіх уладаў мае значэньне пазыцыя Захаду? Якімі інструмэнтамі Захад можа дасягнуць дзьвюх мэтаў у Беларусі — недапушчэньня праліцьця крыві і стрымліваньня ўплыву Расеі?

Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык, а таксама экспэртка Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Кацярына Шмаціна.

Сьцісла

Юры Дракахруст:

  • Навідавоку прыкметы грамадзкага пад’ёму ў краіне, яскравай дэманстрацыяй стаў збор подпісаў за кандыдатаў. Зь іншага боку, узмацніліся і рэпрэсіі. З вуснаў кіраўніка дзяржавы сталі гучаць вельмі змрочныя ці то пагрозы, ці то папярэджаньні — наконт Андыжану. Адпаведна і заходняя рэакцыя стала больш выразнай, дастаткова прыгадаць заявы дзярждэпартамэнту ЗША, дыпляматычнай службы ЭЗ, загучалі намёкі на магчымасьць аднаўленьня санкцыяў.
  • І ў міжнароднай палітыцы, і ў шахматах ёсьць такое правіла — пагроза мацнейшая за выкананьне. Мы размаўлялі днямі зь Цімурам Алеўскім, аглядальнікам «Настоящего времени», і ён прыгадаў, што Беларусь выпусьціла эўрабонды, і большасьць іх набылі ЗША. А што, калі ЗША скіне на рынак тыя эўрабонды — колькі яны будуць каштаваць? Гэта была б сьмецьцевая цана. Ды і амэрыканскія танкеры могуць назад павярнуцца.

Кацярына Шмаціна:

  • Улада цяпер імкнецца выжыць, і тут ужо не да вялікіх рэвэрансаў. Нават калі ў выніку брытальных дзеяньняў будзе пашкоджаны імідж Беларусі і ўладаў, для іх гэта будзе ня так важна.
  • Пакуль мы яшчэ ня бачым кропкі эскаляцыі прэзыдэнцкай кампаніі, магчымага маштабу пратэстаў. Думаю, што ўлады разглядаюць абсалютна розныя сцэнары, ад мяккага да найбольш жорсткага. Проста цяпер уладзе няма сэнсу выкарыстоўваць усе сродкі.
  • Наконт санкцый — іх увядзеньне кепскае для краіны, але ёсьць яшчэ пытаньне іх напаўненьня. Бо санкцыі могуць быць розныя. Залежыць ад таго, наколькі яны будуць закранаць вышэйшых асобаў, тых, хто мае дачыненьне да рэпрэсіяў.
  • Адносна ЗША, дык я думаю, у амэрыканскіх інтарэсах цяпер быць максымальна прагматычнымі, і не адкатываць назад той прагрэс у двухбаковых адносінах, які адбыўся цягам апошніх гадоў. І танкеры з нафтай для Амэрыкі — гэта спосаб у тым ліку і ўмацоўваць свае пазыцыі ў рэгіёне.
  • Таксама, для Амэрыкі цікава супрацьдзейнічаць кітайскім інтарэсам, у тым ліку ў Беларусі. І ідэя ўкладацца ў ІТ-сэктар, пра што было сказана ў часе візыту Пампэо — гэта ў тым ліку і супрацьстаяньне Кітаю.

Сяргей Навумчык:

  • Калі б Беларусь ня мела такой суседкі, як Расея, Захад быў бы больш сьмелы ў прымяненьні спосабаў узьдзеяньня, у тым ліку і санкцыяў. Але і ў Вашынгтоне, і ў Брусэлі разумеюць: у выпадку ўвядзеньня жорсткіх санкцый у адказ на заходнюю пугу імгненна зьявіцца Пуцін з пернікам.
  • У Захаду, акрамя заяваў, ёсьць (хай і абмежаваны) арсэнал спосабаў уплыву на Беларусь. У адной зь мінулых гутарак Кацярына ўзгадвала адмову даслаць сваіх назіральнікаў на выбары — гэта сапраўды такі моцны крок, які апрыёры выводзіць гэтыя выбары па-за межы прызнаньня іх легітымнымі з боку Захаду.
  • Цяпер увага Захаду скіраваная на тых, хто апынуўся за кратамі за сваю палітычную дзейнасьць — гэта Сяргей Ціханоўскі з паплечнікамі, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Віктар Бабарыка і іншыя. І пры ўсёй абмежаванасьці інструмэнтаў уплыву Захаду на Лукашэнку, што дакладна мог бы зрабіць Захад — гэта дамагчыся таго, каб былі спыненыя зьдзекі і катаваньні ў турмах. Вось гэта, мне падаецца, першачарговая задача, і яна Захаду пад сілу.
  • Я ўсё ж стаю на той пазыцыі, што Захад даруе Лукашэнку шмат што, акрамя крыві.


Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG