Менчукоў, якія пацярпелі ад забруджанай вады, паабяцалі вызваліць ад платы за ваду ў чэрвені

Менчукі ў чэргах па ваду з цыстэрнаў. 25 чэрвеня 2020 году

Жыхары Менску, у чыіх кватэрах былі праблемы зь якасьцю вады, ня будуць плаціць за ваду за чэрвень. Пра гэта журналістам паведаміў 28 чэрвеня намесьнік прэм’ер-міністра Ўладзімер Кухараў, піша БЕЛТА.

Падрабязная інфармацыя пра тое, як менавіта зробяць пераразьлік, зьявіцца пазьней. «Мэханізм прапрацоўваецца», — дадаў Кухараў.

Праблема зь якасьцю водаправоднай вады ўзьнікла ў Менску 24 чэрвеня, калі жыхары Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў пачалі скардзіцца на зьедлівы пах з водаправоду. Ужываць ваду было немагчыма. 25 чэрвеня на непрыемны пах і незвычайны колер вады сталі скардзіцца і ў цэнтры гораду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта кантактна-алергічны дэрматыт», — лекар-дэрматоляг пра раздражненьні скуры ад няякаснай вады

24 чэрвеня Менскі гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі ўзяў пробы вады з сыстэмы цэнтралізаванага пітнога водазабесьпячэньня названых раёнаў. Была выяўленая неадпаведнасьць пітной вады санітарным нормам, але жыхарам сталіцы пра гэта стала вядома толькі праз суткі.

У некалькіх раёнах гораду арганізавалі падвоз вады аўтацыстэрнамі, працягнулі рэжым працы трох пітных фантанаў, якія забясьпечваюцца з падземных крыніцаў. Мясцовыя жыхары мусілі стаяць па ваду ў доўгіх чэргах.

За першыя суткі «хуткая дапамога» выяжджала да 15 пацыентаў, якія зьвязвалі пагаршэньне свайго стану з ужываньнем вады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У якіх раёнах Менску людзі скардзяцца на брудную ваду. МАПА

Генпракуратура паведаміла, што «ў сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзянаў» праводзіцца «праверка выкананьня заканадаўства аб пітным водазабесьпячэньні».

Пазьней Менгарвыканкам назваў верагодную прычыну праблемы — рамонт участку вадаводу. Пасьля таго, як гэты вадавод адключылі, Мінздароўя дазволіла карыстацца вадой з кранаў, аднак яе працягваюць кантраляваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта патлумачыў, што здарылася з вадой у Менску
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў, як дыктатура дапамагла разруліць праблему з пітной вадой