Зварот «Патрабуем вызваліць Віктара Бабарыку» на сайце Change.org за 16 гадзінаў набраў каля 60 тысяч подпісаў. Адрозна ад зваротаў на сайце Petitions.by, улады не абавязаныя даваць адказ на гэтую пэтыцыю, а падпісваць яе могуць ня толькі жыхары Беларусі.
Абноўлена: за 19 гадзінаў — 111,5 тысячы подпісаў.
Абноўлена: за тры дні — звыш 200 тысячаў.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Дзяржкантролю расказаў, за што затрымалі Віктара БабарыкуУ звароце, які адрасуюць Аляксандру Лукашэнку, ураду, Вярхоўнаму суду і Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі, патрабуюць вызваліць з-пад варты патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку, а таксама спыніць перасьлед яго родных, сяброў, чальцоў ініцыятыўных групаў і «любых грамадзянаў, якія падтрымліваюць яго ў ролі кандыдата на пасаду прэзыдэнта».
«Затрыманьне Віктара Бабарыкі зьяўляецца грубым парушэньнем чалавечых правоў у адносінах да самога Віктара Бабарыкі, а таксама грамадзянаў Рэспублікі Беларусі, якія хочуць аддаць свой голас за яго на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году, — пішуць у пэтыцыі. — Мы патрабуем забясьпечыць законнасьць і роўныя магчымасьці для правядзеньня выбарчай кампаніі ўсіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца Эўракамісіі: Беларускія грамадзяне хочуць, каб выбары былі дэмакратычнымі18 чэрвеня патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард перасталі выходзіць на сувязь. Днём раней быў арыштаваны выбарчы фонд Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі. Ад штабу патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты стала вядома, што іх трымаюць у Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў і дапытваюць, адвакатаў да іх не пусьцілі. У дамах сям’і Бабарыкаў праходзяць ператрусы.
Пазьней старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Іван Тэртэль у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» паведаміў, што патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Віктара Бабарыку затрымалі за спробу ўплыву на сьведак і хаваньне доказаў злачынства.
Віктар Бабарыка і яго сын, кіраўнік ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Адвакаты не змаглі да іх трапіць ні ў ДФР, ні ў СІЗА і падалі скаргу ў Генэральную пракуратуру.
Вечарам 18 чэрвеня ў Менску людзі пашыхтаваліся ў вялікі «ланцуг салідарнасьці» з Бабарыкам і іншымі ахвярамі перасьледу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Надакучыла баяцца». Пікет салідарнасьці ў цэнтры Менску. ВІДЭА, ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апошні дзень збору подпісаў на выбарах у Беларусі — 19 чэрвеня. Што чакаецца далейПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.