Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Дзяржкантролю расказаў, за што затрымалі Віктара Бабарыку

абноўлена

Віктар Бабарыка, 11 чэрвеня
Віктар Бабарыка, 11 чэрвеня

Патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Віктара Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня за спробу ўплыву на сьведак і хаваньне доказаў злачынства. Пра гэта паведаміў старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Іван Тэртэль у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1».​

«Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў Тэртэль.

Паводле Тэртэля, КДК вядзе працу па двух кірунках. Адзін зь іх – махінацыі з вэксалямі на суму звыш 60 мільёнаў даляраў.

Паводле словаў Тэртэля, адна са структураў, якія ўдзельнічалі ў гэтым, — латвійскі банк ABLV.

«Паводле дадзеных, якія мы атрымалі ад нашых латвійскіх калегаў, за некалькі гадоў у інтарэсах гэтага банку на яго рахункі з рахункаў „Белгазпрамбанку“ было выведзена звыш 430 мільёнаў даляраў ЗША», — сказаў старшыня КДК. Ён выказаў падзяку праваахоўным органам Латвіі, якія апэратыўна адгукнуліся на запыты, выявілі на рахунках ABLV-банку грошы, якія належалі дзеным супрацоўнікам «Белгазпрамбанку», у тым ліку намесьніку начальніка юрыдычнай управы Шэўчуку. Ён выконваў непасрэдныя ўказаньні Бабарыкі, адкрываў юрыдычныя асобы ў афшорах і суправаджаў іх дзейнасьць, піша БелТА.

Тэртэль дадаў, што задакумэнтаваныя «шматлікія факты» атрыманьня хабару службовымі асобамі банку за даваньне крэдытаў прадпрымальнікам «з дрэннай крэдытнай гісторыяй».

«Усталявана таксама датычнасьць шэрагу службовых асоб да арганізацыі схемаў, зьвязаных з фактычным прымусам грамадзян да атрыманьня крэдытаў на сваё імя з далейшай перадачай ім грашовых сродкаў і забесьпячэньнем гэтымі сродкамі грамадзян за адсоткі», — сказаў Тэртэль.

«Крадзеж, махлярства, атрыманьне і даваньне хабару, легалізацыя злачынных даходаў — усяго па крымінальных справах затрымалі каля 20 чалавек, практычна ўсе яны супрацоўнічаюць са сьледзтвам і даюць прызнальныя пакараньні ў дачыненьні да Бабарыкі як арганізатара злачыннай схемы», — сказалі ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1».

«Бабарыка затрыманы ў сувязі з тым, што быў непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасьці, намагаўся ўплываць на паказаньні сьведак, рабіў спробы хаваньня сьлядоў учыненых злачынстваў і літаральна на днях зьняў буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», перадае словы Тэртэля БелТА.

Іван Тэртэль таксама сказаў, што грошы, якія знайшлі ў затрыманых і якія Бабарыка назваў сваімі, «былі незаконна выведзены зь Беларусі паводле сыстэмы афшораў, потым разьмеркаваныя паміж удзельнікамі супрацьпраўнай дзейнасьці ў адпаведнасьці з раней агаворанымі працэнтамі».

«Уяўляецца, што Бабарыка намагаецца пагуляць у высакароднасьць. Мы ў сваю чаргу ведаем, што лялькаводы, якія стаяць за ягонай дзейнасьцю, апасаюцца, што нашыя дзеяньні прывядуць да атрыманьня зьвестак і пацьвярджэньня іх датычнасьці да гэтай супрацьпраўнай дзейнасьці. Такімі асобамі ёсьць, мы ведаем, вялікія начальнікі ў «Газпроме», а, можа быць, і вышэй», — дадаў Тэртэль.

КДК заявіў, што адправіў запыты пра аказаньне садзейнічаньня ў 18 дзяржаў. Асаблівы разьлік на садзейнічаньне ЗША, таму што Злучаныя Штаты маюць магчымасьць кантролю за плынямі разьлікаў у далярах ЗША праз сыстэму SWIFT.

Паводле караўніка КДК, справа «Белгазпрамбанку» не зьвязаная выбарамі.

«Дадзеныя падзеі паміж сабой ніяк не зьвязаныя. Камітэт дзяржаўнага кантролю дзейнічае ў строгай адпаведнасьці з заканадаўствам, а таксама выконвае абавязкі Беларусі перад усясьветнай супольнасьцю па супрацьдзеяньні адмываньню грошай, атрыманых незаконным шляхам», — адзначыў Тэртэль.

Затрыманьне і ператрус у доме Бабарыкаў

Зьвесткі пра ператрус у доме патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі зьявіліся днём 18 чэрвеня. Ці знаходзіцца дома падчас ператрусу ўласьнік будынка, у ягоным штабе ня ведаюць, але сам факт ператрусу пацьвердзілі. Неафіцыйна вядома, што Віктар і Эдуард Бабарыкі тым часам знаходзяцца на допыце ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў.

Мясцовыя жыхары кажуць Свабодзе, што яшчэ гадзіну таму было шмат машын каля дому Бабарыкі: два мікрааўтобусы і ня менш за 5 легкавікоў. У аднаго зь мікрааўтобусаў адкруцілі нумары на вачах карэспандэнта Свабоды.

Дзяржаўнае «Агенцтва тэлевізійных навінаў» паведамляла, што Бабарыкі «даюць паказаньні». Адвакатаў да іх не пускаюць, бо ў будынку нібыта «ідуць вучэньні». Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард, кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы, перасталі выходзіць на сувязь раніцай 18 чэрвеня.

Днём раней быў арыштаваны выбарчы фонд Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.

У той дзень Бабарыка расказаў, што ў «справе „Белгазпрамбанку“», якім ён кіраваў 20 гадоў, затрымалі два дзясяткі чалавек. Таксама ў межах справы сканфіскавалі мастацкую калекцыю банку. Арыштавалі і каардынатарку штабу Бабарыкі, але ў межах якой справы, невядома.

Бабарыка ацэньвае «справу „Белгазпрамбанку“» як атаку асабіста на яго, хоць сам у справе не фігуруе: ён згадвае пра загад Лукашэнкі «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG