Сьвятлану Купрэеву падазраюць ва ўчыненьні злачынства адпаведна частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу: «ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Пра гэта сказана ў пастанове аб арышце маёмасьці і перадачы на адказнае захаваньне ад 12 чэрвеня, паведаміла карэспандэнту Свабоды маці Сьвятланы.
У дакумэнце гаворыцца, што ў вытворчасьці Дэпартамэнта фінансавых расьсьледаваньняў КДК знаходзіцца крымінальная справа па падазрэньні Сьвятланы Купрэевай і іншых асобаў ва ўчыненьні злачынства па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу, спалучанага з нанясеньнем шкоды на агульную суму ня менш за 8 мільёнаў 950 тысяч рублёў, які дагэтуль не кампэнсаваны.
«У Сьвятланы ніколі такіх грошай не было і падаткі яна спраўна плаціла. Яна да гэтага яўна ня мае дачыненьня, бо ня ў стане такое рабіць», — кажа маці Сьвятланы Тацяна Мікалаеўна.
Арышт маёмасьці быў санкцыянаваны 15 чэрвеня і ў гэты ж дзень праваахоўнікі прыйшлі на кватэру маці Сьвятланы пад выглядам работнікаў ЖЭСа.
«Я ім адразу сказала, што гэта мая кватэра і ўсе рэчы мае, яе толькі сукенкі і абутак, — кажа Тацяна Мікалаеўна. — Таму арыштавалі лецішча, якое я апісала на дачку. Гэта шпакоўня, а не лецішча, 30 гадоў яму, перабудаванае з матулінай трухлявай драўлянай хаткі. Гэты дамок мне браты збудавалі 30 гадоў таму. І два ўчасткі па 4 соткі. У мяне яны спыталі ў якую суму я ацаню лецішча, я кажу, што я не спэцыяліст, магчыма тысяч пяць рублёў, бо ўсё гэта трухлявае».
Чакаецца, што сёньня ў СІЗА КДБ будзе праведзены допыт Сьвятланы Купрэевай, на якім будзе прысутнічаць адвакат.
Маскоўскі суд Менску ўвечары 16 чэрвеня адхіліў скаргі на затрыманьне Сьвятланы Купрэевай, сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі і каардынатара па адным з раёнаў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта перадвыбарчая агонія». Маці і муж расказваюць пра арышт жанчыны, якая зьбірала подпісы за Віктара БабарыкуУ штабе Бабарыкі перасьлед Купрэевай зьвязваюць з тым, што яна ўваходзіць у склад ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, і патрабуюць спыніць беспадстаўны перасьлед сваіх прыхільнікаў.
Адвакат сказаў карэспандэнту Свабоды, што пастанову Маскоўскага суду ўжо абскардзілі ў Менскі гарадзкі суд.
Дагэтуль наведаць Сьвятлану Купрэеву ў ізалятары КДБ адвакату не дазволілі з прычыны каранавірусу.
Сьвятлана Купрэева — дачка беларускага паэта і пісьменьніка Міколы Купрэева. Была блізкай сяброўкай жонкі Віктара Бабарыкі Марыны, якая загінула ў 2017 годзе, хросная маці ягонай дачкі.
Паводле штабу Віктара Бабарыкі, дачыненьне Купрэевай да нейкіх супрацьзаконных дзеяньняў выклікае вялікія сумневы, бо яна не працавала ні ў «Белгазпрамбанку», ні ў хоць якой зь фірмаў, дзе праходзілі ператрусы. Сьвятлана толькі сяброўка сям’і Віктара Бабарыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктар і Эдуард Бабарыка не выходзяць на сувязь. У штабе мяркуюць, яны могуць быць у Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняўПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.