У адмысловым відэазвароце на сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына расказала, што цяпер подпісы за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты зьбіраюць 13 ініцыятыўных групаў.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Спачатку подпісы зьбіралі 15 групаў, але з выбараў зьняліся Алег Гайдукевіч і Натальля Кісель.
Збор подпісаў і здача падпісных аркушоў працягваецца да 19 чэрвеня ўключна (да 19.00), але ініцыятыўныя групы ўжо пачалі здаваць падпісныя аркушы ў раённыя і гарадзкія выбарчыя камісіі. Паводле Ярмошынай, здалі:
- за Аляксандра Лукашэнку — 364 тысячы;
- за Віктара Бабарыку — каля 150 тысяч;
- за Сьвятлану Ціханоўскую — звыш 43 тысяч;
- за Валера Цапкалу — звыш 43 тысяч;
- за Сяргея Чэрачня — менш за 10 тысяч;
- за Ганну Канапацкую — «некалькі сотняў»;
- за Андрэя Дзьмітрыева — 62 подпісы.
Мяркуючы з словаў Ярмошынай, подпісы пакуль не здавалі Юры Ганцэвіч, Юрась Губарэвіч, Уладзімер Няпомняшчых, Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў, Алесь Таболіч. Пры тым Няпомняшчых падтрымаў ідэю «кандыдатаў пратэсту» Міколы Статкевіча, а Губарэвіч, Кавалькова і Казлоў прынялі стратэгію байкоту далейшых этапаў кампаніі.
Гэта не канчатковыя лічбы: многія патэнцыйныя кандыдаты заяўлялі, што сабралі звыш 100 тысяч подпісаў (столькі трэба для рэгістрацыі кандыдатам — больш зьбіраюць, бо частку падпісных аркушоў могуць адхіліць праз памылкі ў зьвестках). Пры тым за Лукашэнку, як сьцьвярджаецца, сабралі паўтара мільёна подпісаў, за Бабарыку — 425 тысяч, за Цапкалу — 200 тысяч.
Цягам 10 дзён па завяршэньні прыёму аркушоў подпісы будуць правяраць на сапраўднасьць. Рэгістрацыя кандыдатаў у ЦВК будзе трываць ад 5 да 14 ліпеня.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.