Выявілі 704, выпісалі 1117. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 12 чэрвеня

Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 12 чэрвеня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19.

Увесь травень і пачатак чэрвеня штодня давалася практычна аднолькавая статыстыка: плюс восем-дзевяць сотняў новых выпадкаў, 4–6 прызнаных сьмерцяў за суткі. У другой дэкадзе чэрвеня афіцыйная статыстыка стала паказваць спад распаўсюду вірусу.

Паводле міністэрства, на 12 чэрвеня ў Беларусі:

  • агулам 52 520 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 298 памерлі, зь іх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікіяродзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 27 760 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 704 выпадкі (апошні раз так мала было 22 красавіка) і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, а выпісалі 1117 чалавек;
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 418 — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 24 462;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 697 011 тэстаў — 18 411 за дзень (днём раней былі рэкордныя 19 005 за дзень), рэкордна нізкі адсотак станоўчых тэстаў — 3,82% (днём раней быў рэкорд 3,95%);
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца паскардзіўся ў ААН на адсутнасьць дэталёвай інфармацыі пра COVID-19 у Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя адмовілася апублікаваць штомесячную статыстыку сьмяротнасьці

Днём раней Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра 51 816​ ​выпадкаў COVID-19 (плюс 750 за дзень), прызнала сьмерць 293 чалавек (плюс 6 за дзень), выпісалі 976 чалавек.

На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».

Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.

Хоць Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя заяўляюць пра «выхад на плято», колькасьць хворых нават у статыстыцы міністэрства няспынна расла да апошніх дзён — толькі 3–6 чэрвеня выпісвалі больш, чым выяўлялі новых хворых. Затым колькасьць «актыўных выпадкаў» працягнула расьці. Рост спыняўся толькі ў дні, калі выпісвалі рэкордную колькасьць пацыентаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветная арганізацыя здароўя: сытуацыя з каранавірусам глябальна пагаршаецца, насіце маскі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра змаганьне з каранавірусам «Наш шлях — гэта абсалютна той шлях, якім павінны былі ісьці ўсе дзяржавы»

Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей.

Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» наконт выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманій у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка не скасаваў вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі, цісьне рукі пры сустрэчах. Прэзыдэнцкія выбары праз каранавірус ня сталі пераносіць, адмовіліся рабіць дыстанцыйнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяркуем, што заразіўся COVID-19 у хуткай альбо ў рэанімацыі». Памёр 39-гадовы бацька дваіх малых дзяцей
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ