Сацыёляг Алег Манаеў расказвае пра сваю эміграцыю ў ЗША, заяўляе, што лукашэнкаўская Беларусь пакуль нікуды не падзелася, разважае пра цяперашні рэйтынг Лукашэнкі і пра тое, хто і чаму будзе за яго галасаваць, а таксама тлумачыць, навошта ён купіў сабе зброю.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Сьцісла:
- Пакуль у Беларусі ня зьменіцца ўлада, я не магу вярнуцца.
- «Глыбінная» Амэрыка стала фармаваць «народнае апалчэньне» для абароны парадку і ўласнасьці.
- Я таксама нарэшце ўзброіўся: з 9-мілімэтровым Smith and Wesson і двума магазінамі на 35 патронаў сьпіш спакайней.
- «Беларусь Лукашэнкі» нікуды не падзелася.
- Раскол беларускага грамадзтва ня зьнік, за гады кіраваньня Лукашэнкі ён толькі ўзмацніўся.
- Паўстала новая кіроўная кляса, якая ўключае ў сябе дзяржаўную бюракратыю, сілавікоў і «прыдворны» бізнэс.
— Зараз часьцей пачуеш, як палітычна актыўны беларус, які ў свой час вымушаны быў зьехаць з краіны ад перасьледу ці зь іншых палітычных прычын, вярнуўся ў Беларусь. Бо цяпер яму тут нічога не пагражае. У вас, як здаецца, адваротна іншая гісторыя. Вы ня так даўно вымушаны былі эміграваць. Нагадайце, чаму гэта адбылося?
— Гісторыя простая. Пяць гадоў таму я зьехаў у ЗША на запрашэньне ўнівэрсытэту Тэнэсі чытаць лекцыі па камунікацыі і паліталёгіі. Праз год па БТ паказалі «спэцыяльны рэпартаж» «Прымат НІСЭПД», які абвінавачваў інстытут у фальсыфікацыі апытаньняў грамадзкай думкі і апэляваў да праваахоўных органаў. На гэты раз атакавалі самую важную частку яго навукова-дасьледчай структуры — нацыянальную сетку інтэрвіюераў. Кіраўнік сеткі быў затрыманы і прымушаны да «прызнальных паказаньняў», якія «выкрывалі» сацыялягічныя апытаньні НІСЭПД. Дзясяткі людзей апынуліся пад пагрозай крымінальнага перасьледу.
Неўзабаве стваральнікі «спэцыяльнага рэпартажу» атрымалі прыз на II фэстывалі дакумэнтальных фільмаў СНД у Мінску за «дасьледаваньне, якое дасягнула мэты». У выніку сетка інтэрвіюераў аказалася разбуранай і інстытут вымушаны быў спыніць апытаньні грамадзкай думкі, якія рэгулярна праводзіў 25 гадоў.
За некалькі гадоў да гэтай гісторыі мяне фактычна звольнілі (адмовіўшыся працягваць кантракт у сувязі з дасягненьнем пэнсійнага ўзросту) зь Белдзяржунівэрсытэту, дзе я прапрацаваў 40 гадоў. Гісторыя НІСЭПД зацікаўленай публіцы добра вядомая — незьлічоныя «наезды» амаль усіх сілавых структур, за выключэньнем хіба што войска: забароны, публічная дыскрэдытацыя, сачэньне, допыты, ператрус, арышт, суды, ліквідацыі.
Многія ня толькі ва ўладзе, але і ў апазыцыі ўздыхнулі з палёгкай пасьля таго, як НІСЭПД быў вымушаны спыніць апытаньні, паколькі іх вынікі перашкаджалі і тым, і другім. Падрабязнасьці «прыгод НІСЭПД» і адпаведныя дакумэнты ёсьць на сайце manaevoleg.org.
Куды ж мне было вяртацца ў такой сытуацыі, чым займацца, на што жыць? Таму я вырашыў застацца ў ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гэтай кампаніі Лукашэнка ўжо не зьяўляецца самым прарасейскім палітыкам, — палітоляг— За ўвесь час эміграцыі вы, калі не памыляюся, ніводнага разу не наведалі Беларусь. Няма магчымасьці ці няма жаданьня?
— Так, з тых часоў ня быў у Беларусі. Абставіны склаліся так, што, пакуль улада там ня зьменіцца, я не магу вярнуцца.
— Вы жывяце ў штаце Тэнэсі. Гэта традыцыйная Амэрыка, якая галасавала за Трампа. Ці адбываюцца сёньня ў вашым штаце пратэсты альбо пагромы, якія праходзяць у многіх месцах ЗША ў сувязі з гібельлю афраамэрыканца Флойда? Як тыя самыя «сярэднія амэрыканцы» ставяцца да гэтых падзеяў?
— Так, смерць афраамэрыканца Джорджа Флойда ў выніку брутальных дзеяньняў паліцыі ў Мінэапалісе на поўначы ЗША ўскалыхнула ўсю краіну. Карціны масавых пратэстаў, пажараў, рабаваньняў, сутыкненьняў з паліцыяй апанавалі тэле- і інтэрнэт-прастору ва ўсім сьвеце. У Ноксвіле, дзе я жыву, ва ўсходняй частцы Тэнэсі, ля падножжа Апалачаў, пратэсты былі нешматлікія, у выглядзе мірнай дэманстрацыі на цэнтральнай плошчы. А вось у Мэмфісе, знакамітым горадзе на беразе Місісіпі на захадзе штату, калісьці былой баваўнянай сталіцы ЗША, масавыя пратэсты суправаджаліся пагромамі і гвалтам. Але такая розьніца тлумачыцца не геаграфіяй, а дэмаграфіяй і сацыялёгіяй. Доля афраамэрыканскага насельніцтва ў нашым графстве складае менш за 9%, а ў Мэмфісе амаль дзьве траціны. На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах Ноксвіл галасаваў за рэспубліканца Трампа, а Мэмфіс за дэмакрата Клінтан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найчасьцейшыя пытаньні і адказы аб пратэстах у ЗША. Тлумачым дэталёваАднак зводзіць тлумачэньне новай масавай хвалі пратэстаў у ЗША да расавага канфлікту нельга. Раскол грамадзтва, несумненна, ёсьць, і ён увесь час узмацняецца. Але гэта больш складаны працэс, чым здаецца на першы погляд. У нашай ранейшай гутарцы, прысьвечанай перамозе Трампа, гаворка ішла пра два самыя важныя фактары гэтага расколу: эканамічным (наступствах глябалізацыі) і палітычным (наступствах пераўтварэньня барацьбы за правы меншасьцяў у праславутую «паліткарэктнасьць»). Менавіта гэтыя прычыны прывялі да расколу паміж незьлічонымі малымі мястэчкамі «сярэдняй», або «глыбіннай» Амэрыкі і мэгаполісамі «берагавой» Амэрыкі. Першая доўга трывала, але ўрэшце выйшла на палітычную авансцэну і выбрала прэзыдэнтам Трампа. Другая ніяк ня можа з гэтым зьмірыцца. І цяпер гэтыя два розныя працэсы — расавы і сацыяльна-палітычны расколы — супалі ў часе і прасторы.
Сьмерць Флойда стала трыгерам, які выпусьціў гэтыя канфлікты на вуліцы амэрыканскіх гарадоў. Многія гэтага не разумеюць ці наўмысна ўсё зводзяць да расавай праблемы. Але гэта ўсё роўна што зьмешваць піва і гарэлку ў адной шклянцы.
Паколькі дзяржаўная ўлада сёньня таксама падзелена паводле палітычнай прыкметы — рэспубліканцы vs дэмакраты — то і рэагуе яна на гэтыя пратэсты па-рознаму. Прэзыдэнт Трамп стараецца дэманстраваць рашучасьць, заяўляе аб неабходнасьці жорсткіх мераў у дачыненьні да парушальнікаў правапарадку, нядаўна нават прыгразіў прыцягнуць узброеныя сілы для яго аднаўленьня. Падобную рэакцыю праяўляюць і мясцовыя ўлады зь ліку рэспубліканцаў. Дэмакраты, пачынаючы ад кандыдата ў прэзыдэнты Байдэна, членаў Кангрэса, губэрнатараў і мэраў, дэманструюць памяркоўнасьць і нават салідарнасьць з пратэстоўцамі, заклікаюць да палітыкі «прымірэньня». Некаторыя нават устаюць перад прысутнымі на калені. Адзінай дзяржаўнай палітыкі проста няма. Нават кіраўнікі некаторых дзяржаўных інстытутаў (уключаючы Пэнтагон), прызначаныя Трампам, імкнуцца дыстанцыявацца ад яго заяў і дзеяньняў. Праблема гэтага раздваеньня ўлады пагаршаецца тым, што, на думку многіх, рашучасьць Трампа носіць паказушны характар і скіраваная не на рашэньне рэальных праблем, а на паляпшэньне ўласнага палітычнага іміджу.
У гэтым кантэксьце варта зьвярнуць асаблівую ўвагу на тое, як рэагуе на гэтыя пратэсты «сярэдняя», або «глыбінная» Амэрыка. Яна стала фармаваць «народнае апалчэньне» для абароны парадку і ўласнасьці.
Цікава, што гэты працэс ахоплівае ўсю краіну. Гэтаму, несумненна, спрыяюць і большыя страхі мільёнаў амэрыканцаў у сувязі з пандэміяй каранавірусу, нябачаным ростам беспрацоўя і асьцярогай за сваю будучыню. У выніку гэтых страхаў за тры апошнія месяцы ў некалькі разоў (!) у параўнаньні зь вясной мінулага году павялічыўся продаж зброі насельніцтву. Дарэчы сказаць, я таксама нарэшце ўзброіўся: з 9-мілімэтровым Smith and Wesson і двума магазынамі на 35 патронаў сьпіш спакайней. І ўсё ж я веру, што грамадзка-палітычная і сацыяльна-эканамічная сыстэма ў ЗША ўстойлівая, таксама як і свабодалюбівы дух амэрыканскага народу, і краіна вытрымае гэтае выпрабаваньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка можа стаць больш прадказальным для Крамля, чым Лукашэнка, — палітоляг— Разгром беларускай незалежнай сацыялёгіі, празь які вы былі вымушаныя зьехаць — да чаго ён прывёў? Грамадзтва на сёньня застаецца бяз хоць нейкай дакладнай сацыялягічнай інфармацыі пра настроі людзей. Але ці мае гэтую дакладную сацыялёгію ўлада? Ці можна ў дзеяньнях улады пабачыць, што яна ведае пра зьмены грамадзкай думкі і імкнецца рэагаваць на іх?
— На першае пытаньне вы самі адказалі: грамадзтва на сёньня застаецца бяз хоць нейкай дакладнай сацыялягічнай інфармацыі пра настроі людзей. Іншая справа, што, як паказала гісторыя НІСЭПД, многія людзі — і ва ўладзе, і ў апазыцыі — зусім не зацікаўленыя ў аб'ектыўнай сацыялягічнай інфармацыі, бо яна перашкаджае ім выдаваць жаданае за сапраўднае.
Што тычыцца афіцыйнай сацыялёгіі, то яна як працавала, так і будзе працаваць, пакуль ёсьць дзяржбюджэт. Думаю, што вынікі яе дасьледаваньняў, калі яны не прызначаныя для сацыялягічнай прапаганды, даходзяць да Лукашэнкі, і ён «у курсе». Але, улічваючы ягоную натуру, здаецца малаімаверным, каб ён прымаў рашэньні, зыходзячы з настрояў і чаканьняў грамадзтва. Хутчэй за ўсё, нават выкарыстоўваючы такія зьвесткі, ён зыходзіць з уласных інтарэсаў — утрыманьня і ўмацаваньня сваёй улады.
Ці шмат такая сацыялёгія дае грамадзтву? Пасьля спыненьня апытаньняў НІСЭПД даступнай сацыялягічнай інфармацыі стала прыкметна менш, палітычныя рэйтынгі ў публічным дыскурсе Беларусі практычна не фігуруюць; калі і прасочваюцца вынікі дасьледаваньняў, то хутчэй ад незалежных, а не дзяржаўных сацыёлягаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стылістыка Бабарыкі — гэта жанр маленькага мяккага цуду, а Лукашэнку будуць як мага менш паказваць, — экспэрт— У прынцыпе, і цяпер сацыялягічныя службы, якія засталіся ў Беларусі, працуюць, высьвятляюць стаўленьне беларусаў да асноўных каштоўнасьцяў, ідэяў, палітыкі. Ёсьць дасьледаваньне ІПМ пра каштоўнасьці, ёсьць апытаньні Satio, Вардамацкага. У запале выбарчай кампаніі многія заяўляюць, што цяпер мы маем справу зусім зь іншым народам, не з такім, якім ён быў у 2015-м, напрыклад. На вашую думку, ці адбыліся нейкія тэктанічныя зрухі ў сьветапоглядзе беларусаў?
— Гэта складанае і шырокае пытаньне, на якое без надзейных і рэгулярных дадзеных сацыялягічных апытаньняў не магу адказаць з упэўненасьцю. Тыя спарадычныя зьвесткі, якія вы згадалі, не дазваляюць гэтага зрабіць. Прасьлізвае інфармацыя аб тым, што і ў Беларусі ёсьць людзі, якія вывучаюць грамадзкую думку праз аналіз Big Data, але вынікі іх дасьледаваньняў са зразумелых прычынаў застаюцца невядомымі шырокай публіцы.
Калі пад «тэктанічнымі зрухамі» лічыць устойлівыя зьмены ў сьветапоглядзе і сацыяльных паводзінах беларусаў, то я ў гэтым сумняваюся. Бо той глыбокі сьветапоглядны і паводзінскі раскол беларускага грамадзтва, пра які НІСЭПД сьведчыў шмат гадоў, ня зьнік, за гады кіраваньня Лукашэнкі ён толькі ўзмацніўся. Праз адсутнасьць даступных навуковых дадзеных, а цяпер ужо і асабістага досьведу, мне даводзіцца зьвяртацца да бягучых навінаў у СМІ і сацыяльных сетках. Загалоўкі нядаўніх публікацый, добра вядомых вашым чытачам — «Алімпійская прызэрка з Хойнікаў заявіла, што ёй не патрэбна беларуская мова», «Рэдактар «СБ» пра недзяржаўных журналістаў: „Гэта гніды і поскудзь, патрэбны кулі і эмігранцкі параход“» і да т.п. — сьведчаць пра тое, што «Беларусь Лукашэнкі» нікуды не падзелася.
Прывяду таксама сьведчаньне паважанага мною Андрэя Клімава, сам лёс якога зьяўляецца закладам шчырасьці яго горкага прызнаньня: «Сьмерць Лукашэнкі ня зробіць мяне шчасьлівым і не дадасьць радасьці ў маё жыцьцё, бо тая колькасьць здрадаў сяброў, прыніжэньняў ад сваіх суграмадзян у судах, турмах, пракуратуры і міліцыі, якія мне давялося перанесьці; фізычныя і душэўныя пакуты, якія мне давялося перажыць у лягерах і турмах, пазбавілі мяне самога галоўнага стану шчасьлівага чалавека — давяраць іншым людзям і радавацца за іх посьпехі; так, і проста нармальнага і спакойнага жыцьця».
Рост незадаволенасьці ў грамадзтве, які стаў асабліва відавочным на фоне эканамічнага крызісу, эпідэміі каранавірусу і распачатай выбарчай кампаніі, яшчэ ня сьведчыць пра «тэктанічныя зрухі ў сьветапоглядзе беларусаў». Падобны працэс назіраўся і ў 1994 годзе, але вынікам яго стала «эпоха Лукашэнкі», а не Пазьняка ці Шушкевіча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Саша Тры Працэнты і беларускі Навальны». Расейскія СМІ пра Лукашэнку і ягоных апанэнтаў на выбарах— Сацыялёгія існуе, проста ніхто не задае пытаньня пра рэйтынг Лукашэнкі. Зыходзячы зь нейкіх ускосных дадзеных, ці можна заяўляць, як сьцьвярджаюць сёньня многія, што рэйтынг Лукашэнкі сёньня рэкордна нізкі, гістарычна нізкі? Ці сёньняшняе відавочнае непрыняцьце ўладаў выклікана часовымі прычынамі — эканамічным крызісам і стаўленьнем Лукашэнкі да каранавірусу?
— Хутчэй за ўсё, рэйтынг Лукашэнкі ніжэйшы за 29,5%, зафіксаваныя апошнім апытаньнем НІСЭПД у чэрвені 2016 году. Ці «прабіў» ён ніжні парог у 20,5%, зафіксаваны ў верасьні 2011 году? Цяжка сказаць. Цалкам магчыма. Але нават калі і так, нагадаю, што да верасьня 2015 году ён ізноў падняўся да 45,7%. У любым выпадку, сьцьвярджаць, як паважаны мной калега Андрэй Шуман, што «сёньня супраць Лукашэнкі ўжо ня менш за 80%», я б ня стаў.
— Журналісты падчас рэпартажаў зь пікетаў, на якіх падпісваюцца за альтэрнатыўных кандыдатаў, часам фіксуюць такія настроі ўдзельнікаў — «Раней я быў за Лукашэнку, але больш ніколі за яго не прагаласую». Да каго можа перайсьці гэта былы электарат дзейнага кіраўніка, да якога кандыдата?
— Я не знаёмы асабіста ні з Бабарыкам, ні з Цапкалам, ні зь Ціханоўскім, іхныя сацыялягічныя рэйтынгі адсутнічаюць, а рэйтынгі інтэрнэт-апытаньняў, пры ўсёй павазе да tut.by і onliner.by, ня могуць быць надзейным сьведчаньнем іх электаральнай папулярнасьці. Магу толькі сказаць, што самым папулярным адказам у рэйтынгавых пытаньнях НІСЭПД (ня лічачы рэйтынгу Лукашэнкі, ды і то не заўсёды) быў «няма адказу / цяжка адказаць», які часам даходзіў амаль да 45% і заўсёды пераўзыходзіў сукупны рэйтынг усіх іншых палітыкаў. У асноўным гэта былі людзі, якія не хадзілі на выбары, а таксама некаторая колькасьць тых, хто не хацеў адказваць на гэтае пытаньне. Магчыма, такая ж карціна будзе і 9 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фядута: Які раскол намэнклятуры? Чыноўнікі ненавідзяць дыпляматаў і зайздросьцяць банкірам— Раней, у нашым інтэрвію 2018 году, вы казалі пра цэлыя пласты грамадзтва, сфармаваныя ў выніку мэтанакіраванай «ператасоўкі» сацыяльнай структуры, якія кроўна зацікаўлены ў цяперашнім становішчы. Па-вашаму, на сёньня гэтыя слаі паменшыліся? Ці звузілася абʼектыўна сацыяльная база Лукашэнкі?
— Тое, што менавіта электарат стаў найважнейшай крыніцай улады прэзыдэнта Беларусі, не выклікае сумненьняў. Чвэрць стагодзьдзя таму аналітыкі гаварылі нават пра электаральную рэвалюцыю, якая прывяла малавядомага дэпутата на самую вяршыню. Але за гэты час сытуацыя значна зьмянілася. У выніку мэтанакіраванай «ператасоўкі» сацыяльнай структуры беларускага грамадзтва паўстала фактычна новая кіроўная кляса, які ўключае ў сябе дзяржаўную бюракратыю, сілавікоў і «прыдворны» бізнэс — з улікам чальцоў семʼяў гэта каля мільёна чалавек. Яго ранейшая сацыяльная база, якая складаецца пераважна з шматмільённых «сацыяльных нізоў», несумненна звузілася, бо адчувае сябе адрынутай цяперашняй сыстэмай, на чале якой стаіць прэзыдэнт.
Калі ў 2006 годзе сярэдняе значэньне электаральнага рэйтынгу А. Лукашэнкі склала 55,6%, то ў першым паўгодзьдзі 2016-га — 28,4%. Зьніжэньне амаль двухразовае. «Бацька», як яго называлі простыя людзі; «беларускі Робін Гуд», як звалі яго многія экспэрты ў 1990-х гадах; «народны прэзыдэнт», як ён да гэтага часу любіць сябе называць, ператварыўся ў кіраўніка «государевых людзей» ці, працягваючы гістарычную паралель, у «нотынгемскага шэрыфа». Верагодна, «новую клясу» зьбянтэжыла і ўнесла пэўную паніку рэакцыя Лукашэнкі на эпідэмію каранавірусу, але наўрад ці істотна звузіла колькасьць гэтых людзей, бо гэта ня проста ляяльныя, але кроўна зацікаўленыя ў цяперашнім становішчы людзі. Да таго ж яны сёньня кантралююць «сацыяльныя нізы» значна больш эфэктыўна, чым іхныя папярэднікі чвэрць стагодзьдзя таму, і наўрад ці дапусьцяць новае «паўстаньне масаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьміцер Дашкевіч: Людзі, якія «вылучаюцца» ў прэзыдэнты, нават не гавораць пра зьмену ўлады, рэжыму— Як можа выглядаць вобраз кандыдата, які на свабодных выбарах мог бы электаральна перамагчы Лукашэнку? Вобразна кажучы, гэты вобраз бліжэйшы да Бабарыкі ці да Ціханоўскага?
— Паколькі я зь імі не знаёмы, а сацыялягічных рэйтынгаў няма, то магу меркаваць толькі па іхных выступах у прэсе, водгуках у сацыяльных сетках і зборы подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты. Мяркую, што вобраз Ціханоўскага бліжэйшы таму тыпу электарату, да якога апэляваў сам Лукашэнка ў 1994 годзе, таму перамога такога кандыдата магла б мець самыя розныя наступствы. Мне здаецца, што вобраз Бабарыкі больш блізкі таму электарату, які гатовы ня проста да пераменаў, а да доўгачаканых рэформаў.
Аднак праблема ў тым, што адпаведнасьць іхных вобразаў таму ці іншаму электарату яшчэ не гаворыць аб магчымасьці перамогі на выбарах.
Па-першае, таму, што ўсе ведаюць, што такое выбары ў Беларусі, асабліва прэзыдэнцкія. І сурʼёзных прыкмет таго, што існая сыстэма «затрашчала», я пакуль ня бачу. Апошнія падзеі — новы дэкрэт № 3, які выключае выкарыстаньне замежнай бязвыплатнай дапамогі для правядзеньня навуковых дасьледаваньняў; 900 тысяч даляраў, «выяўленых» праваахоўнікамі на лецішчы Ціханоўскага, замена прэмʼер-міністра з банкіра на сілавіка, апэляцыя Лукашэнкі да сумна вядомых расстрэлаў пратэстоўцаў у Андыжане — сьведчаць хутчэй пра адваротнае.
Па-другое, нельга не заўважыць, што рост народнай незадаволенасьці галоўным чынам праяўляецца ў небывала доўгіх чэргах, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. Гэта сьведчыць аб тым, што галоўным матывам большасьці беларусаў да пераменаў, у адрозьненьне ад амэрыканцаў, карэйцаў або эгіпцян, зьяўляецца спрадвечнае імкненьне да парадку. Менавіта яго «аднаўленьня» або «навядзеньня» чакае большасьць выбарнікаў. Пераможа на выбарах прэзыдэнта той, хто, на іхную думку, здолее гэта забясьпечыць.
— У цяперашняй прэзыдэнцкай кампаніі Лукашэнкі пазыцыянуе сябе як адзінага надзейнага абаронцу незалежнасьці Беларусі, ідзе на канфлікты з Масквой і гуляе з Захадам. На ваш погляд, якой замежнай палітыкі ён будзе прытрымлівацца, калі застанецца прэзыдэнтам?
— Шчыра кажучы, я ня бачу крытычна важных прычын, па якіх Крэмль імкнуўся б да замены Лукашэнкі, прадухіляючы ягоны «дрэйф на Захад». Таму больш імаверным лічу сцэнар, паводле якога Лукашэнка выкарыстаў бы вобраз «абаронцы беларускай дзяржаўнасьці» для атрыманьня максымальна выгоднай пазыцыі (ці, прынамсі, спакойнай і забясьпечанай будучыні) у новай канфігурацыі Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі або ЭАЭС.
Калі ён і стане «абараняцца са зброяй у руках», як ужо ня раз заяўляў, то хутчэй ад раззлаваных беларусаў, чым ад «вонкавых ворагаў». Ды і дзе яму ў выпадку рэальнай пагрозы схавацца? Па дамах сваіх прыхільнікаў у Беларусі? Урэшце выдадуць. На Захадзе? Пасьля шматгадовай канфрантацыі малаверагодна. У «сябра Мадуры» ў Вэнэсуэле або ў «сябра Сі» у Кітаі? Навошта ім з такой нагоды псаваць адносіны з Расеяй? Наўрад ці Лукашэнка стане так рызыкаваць.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.