Палітоляг Валер Булгакаў расказвае, які ўдар нанесьлі па сыстэме сваім вылучэньнем Цапкала і Бабарыка, зазначае, што эліты прадчуваюць канец палітычнай эпохі Аляксандра Лукашэнкі, і прадказвае, якім будзе выбарчы слоган кіраўніка дзяржавы.
Сьцісла:
- Зыходзячы з розных супярэчлівых заяваў Віктара Бабарыкі, я не сумняюся, што ён мог бы падпісаць тую самую 31-ю дарожную мапу.
- Вылучэньне Цапкалы і Бабарыкі — сур’ёзны ўдар па сыстэме кансалідаванага аўтарытарызму Лукашэнкі.
- Назіраецца разрыў, разлом сярод элітаў, бо яны адчуваюць блізкі заход палітычнай эпохі Лукашэнкі.
- Ня думаю, што ў маштабах краіны фэномэн Ціханоўскага можа стварыць электаральную рэвалюцыю.
- Цяпер Лукашэнка прэзэнтуе сябе як палітыка, які ня дасьць Беларусі быць паглынутай з Усходу.
— Як выглядае архітэктура гэтай прэзыдэнцкай кампаніі? Чым яна кардынальна адрозьніваецца ад ранейшых?
— Гэтая кампанія адбываецца ва ўмовах жорсткага эканамічнага і палітычнага крызісу, а таксама на фоне каранавірусу, і дзеяньні афіцыйных беларускіх уладаў у змаганьні з пандэміяй успрымаюцца вельмі неадназначна.
Апошнія 5 гадоў Беларусь перажывала мікраскапічны дрэйф у бок Захаду, а таксама ўмацаваньне інстытутаў нацыянальнай дзяржаўнасьці. Гэтыя чыньнікі, безумоўна, уплываюць на выбарчую кампанію. Мы маем сытуацыю крызісу, сытуацыю наэлектрызаванага грамадзтва, якое не пераканана, што палітыка ўладаў адносна пандэміі правільная, бо яна радыкальна адрозьніваецца ад палітыкі ўсіх суседзяў Беларусі.
І мы маем сытуацыю, калі Лукашэнка ўжо не зьяўляецца самым прарасейскім палітыкам. Бо тыя новыя асобы, якія сталі прэтэндэнтамі ў кандыдаты і кінулі выклік Лукашэнку, адкрыта заяўляюць, што яны не пабаяліся б захадаў, ад якіх адмовіўся Лукашэнка. Зыходзячы з розных супярэчлівых заяваў Віктара Бабарыкі, я не сумняюся, што ён мог бы падпісаць тую самую 31-ю дарожную мапу.
Мы маем сытуацыю, калі празаходні лягер беларускай палітыкі знаходзіцца ў стане дэзарганізацыі, выкліканай збліжэньнем афіцыйнага Менску з Захадам. Разам з тым актывізаваліся сілы, для якіх гульня на расейскім полі дапушчальная.
Ня трэба забывацца і на тую акалічнасьць, што Лукашэнка становіцца пажылым палітыкам, і не сакрэт, што нават калі ён выйграе гэтыя выбары — заход ягонай палітычнай эпохі блізіцца, проста ў сілу біялягічных прычынаў. Таму напал барацьбы на гэтых выбарах тлумачыцца і гэтым — змаганьне за кантроль над краінай пасьля таго, як Лукашэнка адыдзе ад улады.
— Зьяўленьне прадстаўнікоў намэнклятуры — Бабарыкі і Цапкалы — сьведчыць пра раскол ці хістаньне ў стане намэнклятуры, ці гэта проста іхнія прыватныя крокі, выкліканыя рысамі характару?
— Асабліва тут цікавы фэномэн Бабарыкі. Бо Цапкала пакуль не дазваляў сабе такіх радыкальных заяваў. А Бабарыка пасьля затрыманьня Ціханоўскага зьвярнуў увагу грамадзтва на надзвычайны цынізм уладаў і нават падаў у Цэнтральную выбарчую камісію заяву аб парушэньні заканадаўства на выбарах. Гэта абвінавачаньне, якое, я перакананы, будзе вельмі балюча ўспрынята ўладамі.
— Але і Цапкала даволі зьедліва камэнтуе «козачак і каровак Лукашэнкі», ягоную несучаснасьць і адсталасьць.
— Гэта зьедлівыя камэнтары, але, на мой погляд, на мяжы дапушчальнага. Але фактычна абвінаваціць улады ў правакацыі — гэта зусім іншае. Я кажу пра тое, што Бабарыка і Цапкала ўсё ж прадстаўнікі рознага асяродзьдзя.
Цапкала сапраўды былы прадстаўнік намэнклятуры, быў намесьнікам міністра замежных спраў, кіраўніком ПВТ — таму ў дачыненьні да яго гэтае акрэсьленьне цалкам справядлівае. А ў дачыненьні да Бабарыкі — гэта беларускі буйны бізнэс. Сам Бабарыка — вельмі заможны чалавек, магчыма мільянэр. Вось жа, Лукашэнку кідае выклік чалавек з сур’ёзнымі фінансавымі рэсурсамі. Гэта тое, чаго мы раней не назіралі. І раней расплата за гэта была б досыць сур’ёзная.
— Сур’ёзная расплата ня выключаная і на гэты раз.
— Так. Але фактычна ад 2001 году, калі вылучаліся і міністры, і кіраўнік прафсаюзаў, — на іншых выбарах нічога падобнага не было. Таму цяперашнюю рэакцыю ўладаў на гэтую беспрэцэдэнтную падзею мы ня можам прадбачыць дакладна. Але гэта, безумоўна, сур’ёзны ўдар па сыстэме кансалідаванага аўтарытарызму, якую пабудаваў Лукашэнка. Дзе эліта ня мае права кінуць дзейнаму прэзыдэнту выклік.
Але для мяне пакуль цяжка вызначыць, ці не тэхнічны кандыдат Цапкала. Прытым не абавязкова для Лукашэнкі — паводле нейкіх паліттэхналёгій ён можа быць тэхнічным кандыдатам, напрыклад, для Бабарыкі.
Зь іншага боку, безумоўна, назіраецца пэўны разрыў, разлом сярод элітаў, бо яны адчуваюць блізкі заход палітычнай эпохі Лукашэнкі.
— Яшчэ адна адметнасьць гэтай кампаніі — фэномэн Ціханоўскага. Ці трэба яго разумець так, што тыя людзі, якія раней не маглі знайсьці свайго кандыдата сярод клясычнай апазыцыі, нарэшце ўбачылі сацыяльна блізкага ім чалавека, які супраць улады? Ці гэта новыя людзі, якія расчараваліся ў рэжыме, і гэта былы электарат Лукашэнкі?
— На першы погляд, тыя людзі, якія падпісваюцца за Ціханоўскую, — гэта маладыя адукаваныя гараджане. Я рызыкну дапусьціць, што іхні прыход на пікеты з подпісамі — гэта вынік дзеяньня лічбавых тэхналёгій. Сяргей Ціханоўскі пачаў раскручвацца як відэаблогер на Ют’юбе, і цяпер мы назіраем матэрыялізацыю гэтага мэдыйнага капіталу. Гэта адзін зь першых выпадкаў у беларускай палітыцы, калі мы бачым трансфармацыю мэдыйнага ўплыву ва ўплыў палітычны.
Але казаць, што Ціханоўскі здолеў перацягнуць да сябе расчараваных празаходнікаў ці здолеў пераканаць бабулек зь вёсак, я б ня ўзяўся. На цяперашняй стадыі мы проста бачым адукаванае гарадзкое насельніцтва ад 20 да 40, якое зь вялікім энтузіязмам успрымае той грубаваты мэсыдж, які дасылае сваім прыхільнікам Сяргей Ціханоўскі. Нават калі дапусьціць, што ініцыятыўная група ягонай жонкі будзе зарэгістраваная (што малаверагодна) — я ня думаю, што ў маштабах краіны гэта можа стварыць электаральную рэвалюцыю. Тут праявілася сіла і магчымасьці сучасных мэдыя, якіх палітыкі і аналітыкі старой школы не заўважаюць.
— Калі вы так даволі скептычна ацэньваеце магчымы электаральны посьпех Ціханоўскага — чаму тады ўлада гэтак нэрвова рэагуе на ягоную актыўнасьць?
— Найперш прычына ў грубаватым, на мяжы вульгарнасьці, пасланьні Ціханоўскага. Пэрформанс з тапкамі, «забі таракана», — гэта нейкая сымбалічная акцыя. З гледзішча Лукашэнкі гэта недапушчальна, гэта замах на самае сьвятое, плявок у твар самому прэзыдэнту. Таму я схільны тлумачыць гэтыя сілавыя акцыі як адказ на жорсткія і грубыя прыёмы палітычнай барацьбы, якія дэманструе Ціханоўскі.
— Якія лёзунгі і ідэі прапануе электарату ўлада на гэтых выбарах? Натуральна, што найперш Лукашэнка спадзяецца на сілавікоў і ЦВК, але і электаральную падтрымку ён заўсёды хацеў атрымаць.
— Я лічу, што дэ-факта слоган кампаніі Лукашэнкі ўжо склаўся. Яшчэ 10–15 гадоў таму мы ў такой форме гэтага не назіралі. Гэта прэзэнтацыя Лукашэнкі як «абаронцы сувэрэнітэту», беларускай дзяржавы і незалежнасьці. Гэта па-свойму выйгрышны прыём. Большасьць беларусаў цэняць сувэрэнітэт і незалежнасьць краіны, у гэтым пытаньні ёсьць пэўны кансэнсус у грамадзтве. І бальшыня беларусаў разумее, што, хутчэй за ўсё, Лукашэнка будзе гэты сувэрэнітэт утрымліваць і ў наступную сваю прэзыдэнтуру.
Лукашэнку справядліва закідаюць антынацыянальную адукацыйную і культурную палітыку. Але з пункту гледжаньня фармальных інстытутаў дзяржаўнасьці сытуацыя выглядае іначай. Беларуская дзяржаўнасьць адбылася як сыстэма дзяржаўных інстытутаў. Апошнія гады мы дэ-факта аддаляемся ад Расеі і паціху дрэйфуем у бок Захаду.
— Але гэтая ідэя абароны сувэрэнітэту будзе прэзэнтавацца перш за ўсё як абарона дзяржаўных інстытутаў ад «рэвалюцыі і хаосу» ці як абарона ад нейкай зьнешняй пагрозы? А ў ролі такой пагрозы на дадзены момант можа выступаць толькі Расея.
— Калі ў пятніцу 29 траўня Лукашэнка наведваў МТЗ, то зь ягоных вуснаў прагучала не адна, а некалькі антырасейскіх заяваў. Цяпер Лукашэнка прэзэнтуе сябе як палітыка, які ня дасьць Беларусі быць паглынутай з Усходу. Тут нічога новага, гэта мы чулі і раней, але інтэнсіўнасьць антырасейскай рыторыкі кардынальна вырасла.
Урэшце, Расея сама ініцыюе перафарматаваньне ўзаемаадносін, увязвае эканамічныя прэфэрэнцыі з далейшай палітычнай інтэграцыяй, дзе ёсьць такія рубяжы, якія Лукашэнку не прымальныя. Таму яму нічога не застаецца, як выказваць жаль і гнеў з гэтай прычыны. І гэта ўплывае на ягоную палітычную рыторыку і на падачу ягонага вобразу праз прапагандысцкую машыну.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.