Двое жыхароў магілёўскіх інтэрнатаў падалі 2 чэрвеня заявы ў выбарчую камісію аб адкліканьні сваіх подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі, піша Mspring.online.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
У заявах яны сьцьвярджаюць, што 26 траўня да іх дамоў прыйшлі работнікі інтэрнату з патрабаваньнем падпісаццца за вылучэньне Лукашэнкі.
Гарбузава (імя не называецца) у заяве сьцьвярджае, што подпісы зьбіраў вахтар і загадчыца інтэрнату. Яна падпісалася, бо яна жыве ў інтэрнаце з траімі дзецьмі, чакае пераезду ў новую кватэру, але там пакуль вядзецца рамонт. Яна патрабуе адклікаць свой подпіс, бо, піша, «уся мая сям’я хоча жыць у цывілізаванай і нармальнай краіне». Свой ліст яна завяршае словамі «Жыве Беларусь».
Як высьветліла Свабода, на тым, каб Гарбузава адклікала подпіс за Лукашэнку, настаяў ейны муж Міхаіл. Па ягоных словах, ён выпадкова даведаўся, што яна падтрымала дзейнага кіраўніка дзяржавы. Міхаіл думае, што праблемаў ад гэтага ні ў жонкі, ні ў яго «не павінна быць». Калі ж яны зьявяцца, то ён будзе бараніць сваю пазыцыю.
Аляксей Нікіцёнак сьцьвярджае, што ў яго падпісацца за Лукашэнку патрабаваў вахтар інтэрнату. Ён піша, што быў вымушаны падпісацца, але «раскайваецца ў сваім учынку» і просіць адклікаць подпіс.
«Я хачу жыць годна, — завяршае Нікіцёнак свой ліст. — За Беларусь!»
Аляксей у гутарцы са Свабодай ня стаў казаць, ці зьявіліся ў яго праблемы пасьля адкліканьня подпісу. Мужчына не задаволены, што ягоную заяву апублікавалі ў сацыяльных сетках і на мэдыйных сайтах, бо такога дазволу не даваў. Зьбіраецца высьвятляць, як так выйшла.
Атрымаць рэакцыю адміністрацыі інтэрнатаў пакуль не ўдалося, яна не даступная для камэнтароў.
Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» сьцьвярджаюць, што ім не ўпершыню паступаюць зьвесткі пра выкарыстаньне ініцыятыўнай групай Лукашэнкі адміністрацыйнага рэсурсу для збору подпісаў.
Тым часам Цэнтральная выбарчая камісія абвінаваціла магілёўскага актывіста незалежнага прафсаюзу РЭП Аляксея Паўлоўскага ў тым, што ён «прысвоіў сабе ўяўныя паўнамоцтвы выступаць ад няпэўнага кола асобаў». Нагодай для такой рэакцыі сталася скарга прафсаюзьніка на тое, што адміністрацыя заводу «Ольса» прымушае работнікаў падпісвацца ў падтрымку Лукашэнкі.
«Грамадзяне рэалізуюць права на абарону сваіх парушаных правоў самастойна альбо праз прадстаўнікоў на падставе даверанасьці», – гаворыцца ў адказе Паўлоўскаму. Ён сьцьвярджае, што на прымус падпісвацца за Лукашэнку яму паскардзіліся самі работнікі прадпрыемства. Пасьля гэтага ён зьвярнуўся ў ЦВК камісіі. У лісьце адтуль яму адпісалі, што ў звароце «не пададзена зьвестак пра парушэньні заканадаўства, таму захадаў рэагаваньня зрабіць не ўяўляецца магчымым».
На прадпрыемстве абверглі абвінавачваньні Паўлоўскага, што работнікаў прымушаюць падпісвацца за канкрэтных вылучэнцаў у прэзыдэнты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сьветлагорску назіральніца паскардзілася ў пракуратуру на прымус падпісвацца за Лукашэнку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыйшлі з ужо гатовымі падпіснымі аркушамі». Людзі скардзяцца, што прымушаюць падпісвацца за ЛукашэнкуГэтае выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу групай Лукашэнкі было ў ліку скаргаў патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі — ён прапанаваў Цэнтральнай выбарчай камісіі адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі кандыдатам, калі пацьвердзяцца названыя ім парушэньні. У ліку тых парушэньняў былі ня толькі прымусовы збор подпісаў і пагрозы падчас яго, але і агітацыйныя заявы Лукашэнкі, паклёп на кандыдатаў і дыскрымінацыйныя выказваньні.
Скаргі ў ЦВК таксама падавалі патэнцыйная кандыдатка Сьвятлана Ціханоўская і Аб’яднаная грамадзянская партыя — у сувязі з затрыманьнем блогера Сяргея Ціханоўскага.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.