Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дорага. ЦВК адказаў адмовай на прапанову зрабіць выбары дыстанцыйнымі


Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

На зварот аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў праз інтэрнэт, які сабраў на сайце Petitions.by дзьве сотні подпісаў, прыйшоў адказ старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

У пэтыцыі аўтар прапаноўваў зладзіць выбары праз інтэрнэт, бо «было б прыемней сядзець дома і галасаваць з тэлефона і кампутара», а таксама «ня трэба будзе арганізоўваць выбарчыя ўчасткі і выдаткоўваць грошы зь бюджэту».

«Увядзеньне дыстанцыйнага электроннага галасаваньня патрабуе як яго заканадаўчага рэгуляваньня, так і значных фінансавых выдаткаў на распрацоўку праграмнага забесьпячэньня працэдуры галасаваньня, абароны перадачы вынікаў волевыяўленьня выбарнікаў, захаваньня таямніцы галасаваньня і іншага, — гаворыцца ў адказе Ярмошынай. — Пры гэтым лічым патрэбным заўважыць, што досьвед ужываньня такога галасаваньня ў замежных краінах паказвае, што адсотак тых, хто галасуе пры дапамозе інтэрнэту ва ўсіх краінах, як правіла, нізкі, і ўсе падобныя працэдуры праводзяцца на ўзроўні сацыяльнага і прававога экспэрымэнту. На думку Цэнтральнай камісіі, у пэрспэктыве ўжываньне дыстанцыйнага галасаваньня праз інтэрнэт мэтазгоднае для грамадзянаў, якія знаходзяцца за мяжой».

Тым часам у суседняй Польшчы праз пандэмію каранавірусу перанесьлі прэзыдэнцкія выбары і дапусьцілі дыстанцыйнае галасаваньне. Выбары там меліся прайсьці 10 траўня, былі перанесеныя за тры дні да таго, пры тым было дазволена галасаваць па пошце, а сёньня прызначылі новую дату выбараў — 28 чэрвеня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG