Віцебскую прыхільніцу Ціханоўскага аштрафавалі на 810 рублёў за паведамленьне ў чаце

Ілюстрацыйнае фота

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў адміністратарку Telegram-каналу «Страна для жизни» Юлію Барсукову на 30 базавых велічыняў (810 рублёў) за адно паведамленьне ў чаце, піша «Віцебская вясна».

Паведамленьне прыхільніцы блогера Сяргея Ціханоўскага зьмяшчала заклік да сходу 10 траўня ў Воршы. Судзьдзя Ўладзімер Царыкаў на падставе міліцэйскага пратаколу зрабіў выснову, што гэта быў заклік на несанкцыянаваную акцыю. Юлія Барсукова не прызнала віны, хоць не адмаўляла, што разьмясьціла паведамленьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвольнае затрыманьне мірных пратэстоўцаў у Беларусі стварае рызыкі для здароўя, — Human Rights Watch

У той жа дзень судзьдзя Алена Грабянчук у судзе Чыгуначнага раёну Віцебску аштрафавала актывіста Аляксандра Ільінца на 25 базавых велічыняў (675 рублёў), прызнаўшы яго вінаватым у правапарушэньні паводле таго ж артыкула аб «несанкцыянаваных мерапрыемствах» (23.34 КаАП РБ).

Мужчыну зьвінавацілі ў тым, што 30 красавіка ён узяў удзел у стрыме Ціханоўскага. 11 траўня Ільінца ўжо каралі 5 суткамі арышту за «несанкцыянаваную акцыю».

У тыя дні, 10 і 11 траўня, сам Ціханоўскі быў за кратамі. Да затрыманьня ён запісаў відэа, у якім абвясьціў, што хоча стаць кандыдатам у прэзыдэнты. Ягоную ініцыятыўную групу не зарэгістравалі, бо ў дакумэнтах не хапала ягонага подпісу, але зарэгістравалі групу ягонай жонкі. Цяпер Сьвятлана Ціханоўская — патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты, а ейны муж удзельнічае ў пікетах па зборы подпісаў, хоць мае недаадбыты арышт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пікет за Ціханоўскую стаў самым масавым у Магілёве з 1994 году. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхары Гомля сталі ў чаргу, каб падпісацца за Сьвятлану Ціханоўскую. ВІДЭА

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.