Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З трэцяй спробы праваабаронцу Кісьляка аштрафавалі за «кармленьне галубоў» у Берасьці


Раман Кісьляк на пікеце каля акумулятарнага заводу ў Берасьці, 26 верасьня 2019 году
Раман Кісьляк на пікеце каля акумулятарнага заводу ў Берасьці, 26 верасьня 2019 году

У Берасьці завяршыўся штрафам у 810 рублёў суд над праваабаронцам Раманам Кісьляком, піша «Вясна».

Ён зьнік яшчэ 10 траўня, праз два дні знайшоўся затрыманым, працэс над ім меў прайсьці 12 траўня, але быў спачатку перанесены на 14 траўня, пасьля на 26-га.

Раман Кісьляк прабыў у зьняволеньні ад 10 да 12 траўня, затым яго вызвалілі і зноў затрымалі ў будынку суду; ён адбыў у няволі яшчэ з 12 да 14 траўня.

Судзьдзя Ленінскага раёну Берасьця Аляксандар Семянчук судзіў Кісьляка за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях праціўнікаў акумулятарнага заводу (шэсьці, якія актывісты называюць «кармленьнем галубоў») 12 красавіка і 3 траўня.

Справу Кісьляка згадвала сярод іншых міжнародная арганізацыя Human Rights Watch: пасьля затрыманьня і зьняволеньня ў яго зьявіліся сымптомы, характэрныя для каранавіруснай інфэкцыі COVID-19.

У Маладэчне тым часам прысудзілі 7 сутак арышту іншаму ўдзельніка «кармленьня галубоў» — Андрэю Смаляку. Яго судзілі таксама за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, ды, прысудзіўшы арышт, адпусьцілі дамоў. Цяпер яго могуць забраць «на суткі» ў любы момант.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG