Жыхары Гомля 28 траўня выстраіліся ў чаргу, каб пакінуць подпіс за Сьвятлану Ціханоўскую, якая вылучаецца кандыдатам на прэзыдэнта.
Сяргей Ціханоўскі сказаў, што за ўвесь час ініцыятыўная група сабрала агулам каля 10 000 подпісаў:
«Мы іх ня лічым, толькі на тых пікетах, дзе я непасрэдна знаходжуся. Я магу сказаць, што ў Менску [сабралі] каля 3000, Слуцак — 1000, Баранавічы — 1500, Магілёў — крыху больш за 2000. Гэта дадзеныя, якія я ведаю, іншыя каманды штодня не справаздачацца», — сказаў Ціханоўскі.
Паводле Ціханоўскага, 29 траўня да пікетаў далучыцца яго жонка Сьвятлана. Таксама Ціханоўскі сказаў, што мае пакуль невялікую каманду, але ў хуткім часе яна павялічыцца, бо некаторыя прыхільнікі цяпер за кратамі.
«У нас няма адзінства, кожны трымаецца за сваё месца. Мы павінны абʼяднацца і выказаць тое, што нам не падабаецца. Пасадзейнічаць таму, каб дамагчыся пераменаў. У інтэрнэце ёсьць такія абʼяднаньні, але яны не нясуць карысьці. Я лічу, што калі будзе недастаткова выхаду на плошчу, трэба будзе, каб пасьля выбараў усе ня выйшлі на працу», — кажа малады чалавек з чаргі да падпіснога стала.
Гамяльчанка Вольга лічыць, што Лукашэнка за 26 гадоў вычарпаў свой крэдыт даверу і павінен сысьці з пасады кіраўніка дзяржавы. Выбарчае заканадаўства ёй не падабаецца тым, што будучыя кандыдаты на прэзыдэнта зьбіраюць подпісы выбарнікаў без праграмы. Яна лічыць, што гэта зрабілі, каб не дапусьціць да выбараў канкурэнтаў Аляксандру Лукашэнку.
«Самае галоўнае — у гэтай краіне няма свабоды слова, а калі чалавек без свабоды — гэта раб, а калі раб, то так і жыве», — сказала Вольга.
Валянтэрка з каманды Валера Цапкалы сказала, што пакінула подпіс за Цапкалу і Лукашэнку, «за Ціханоўскага яшчэ не пасьпела».
На думку жыхаркі Гомля, Ціханоўскія не абароняць галасы выбарцаў, але, «можа, людзі ўбачаць, колькі чалавек хочуць жыць у новай Беларусі».
Гамяльчанка ў эфіры Свабоды сказала, што не змагла знайсьці працу ў Гомлі, пасьля таго як скончыўся кантракт, і мусіла працаваць у Расеі, Польшчы і Латвіі, каб пракарміць сына. Жанчына кажа, што хоча пакінуць подпіс за Ціханоўскага, бо Мікола Статкевіч і Андрэй Саньнікаў ня ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі.
Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
Ад 24 траўня пікеты за Ціханоўскую зьбіраюць чэргі па ўсёй Беларусі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.