Прызналі шэсьць сьмерцяў за дзень. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 27 траўня

©Shutterstock

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 27 траўня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19.

Паводле міністэрства, на 27 траўня ў Беларусі:

  • агулам 38 956 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 214 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікіяродзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 15 923 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 897 выпадкаў і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, выпісалі 837 чалавек (рэкорд за ўвесь час);
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 485534 тэсты (12 628 за дзень, хоць тры дні таму паведамлялі пра 16 тысяч новых тэстаў, два дні таму — пра 12 тысяч, дзень таму — 9902);
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Статыстыка «завісла»: тры тыдні ў Беларусі каля 918 новых выпадкаў COVID-19 і 4-5 прызнаных сьмерцяў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі сьмяротнасьць ніжэйшая чым у Швэцыі ў 22 разы. Гэта добра — але ці праўда?

Днём раней Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра 38 059 выяўленых выпадкаў COVID-19 (плюс 915 за дзень) і 208 пацьверджаных сьмерцяў інфікаваных (плюс 4 за дзень).

На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства здароўя стала заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».

Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.

Хоць Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі Міністэрства здароўя заяўляюць пра «выхад на плято», колькасьць хворых нават у статыстыцы ейнага міністэрства няспынна расьце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў пра зьніжэньне вірулентнасьці каранавірусу: «Калі так і далей пойдзе, то мы справіліся з хваробай»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першы тэст і КТ зрабілі празь месяц пасьля пачатку хваробы». 50-гадовая жанчына 7 тыдняў хварэла на дзіўную пнэўманію

Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей.

Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» наконт выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманій у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка не скасаваў вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі, цісьне рукі пры сустрэчах. Прэзыдэнцкія выбары праз каранавірус ня сталі пераносіць, адмовіліся рабіць дыстанцыйнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гідроксіхлёрахін не дапамагае ад каранавірусу, WHO спыніць выпрабаваньні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трэцяя сьмерць мэдыка ў Барысаве. Санітар памёр ад пнэўманіі на наступны дзень пасьля шпіталізацыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Складаецца сьпіс загінулых ад COVID-19 мэдыкаў. У ім ужо тры асобы зь Беларусі

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ